16.00. Паклала ў “эвакасумку” кніжкі, па якім вучу Карыну чытаць, Вольчына пляжнае пакрывала… Загараць я там збіраюся, ці што?
17.20. Прынеслі свежы нумар “Гранмы” . Першая і другая палосы газеты — у духе no pasaran, на трэцяй і чацвёртай — “святцы” : Камільо, Марці, Масеа, Чэ Гевара. Уключыла “яшчык” у надзеі пачуць Маскву. Але дзе там! Паказваюць вайсковыя манеўры — нашы, гэта значыць кубінскія. Мы, высвятляецца, у адказ на вучэнні амерыканцаў вырашылі распачаць свае “вучэнні” . Вох, небяспечныя гульні! Паказваюць актыўную падрыхтоўку мірнага насельніцтва “да абароны рэвалюцыі.” Дык вось што азначаюць прымацаваныя на кожным мясцовым доме шыльдачкі з надпісам “Listo para la Defensa” ( “Гатовыя да абароны” ) і малюнкам рыдлёўкі ці вядра ці яшчэ якога прадмета: менавіта гэтую рэч мусяць гаспадары дома па трывозе ахвяраваць на абарону сацыялізму, і, адпаведна, пачаць рыць акопы, насіць ваду і г.д.
19.15. Псіхоз працягваецца. Жыхарам нашага дома загадалі сабрацца на reunión [ 73 73 Reunión (ісп.) — сход.
]. Сказалася хворай. Але балкон адкрыты, цудоўна чутна, што там адбываецца ўнізе. Усе выступоўцы запэўніваюць “Фідэля і партыю” ў сваёй гатоўнасці “памерці свабоднымі” . “Socialismo…” — заклікае прамоўца. — “… o muerte!” — хорам падхоплівае натоўп. Цікава, а мяне — штыком мусіце закалоць, ці што? Дайце, прынамсі, памерці за тое, за што я сама жадаю! Кожны раз, калі прамоўца вымаўляе імя Фідэля, астатнія крычаць: “Comandante, ordene!” [ 74 74 Comandante, ordene!(ісп.) — Камандзір, загадвай!
] Быццам той хор у царкве, але там гэта гучыць узнёсла. Шум падаючага цела, віскат. Выходжу на балкон. Расіта, маці гаротнічкі Андрыі, б’ецца ў істэрычным прыпадку: “Камандантэ, дазволь мне памерці за цябе!”
20.55. Зноў тэлефанавала Лідка. Яна толькі што прыехала з пляжа, дзе забаўлялася з нейкім Педра (а можа, не Педра). Увесь пляж застаўлены гарматамі. Новапрыбыўшых адразу ж уключылі ў “план” . Калі б нападзенне “янкі” заспела нас там, распавядала незадаволеная Лідка (яшчэ б! адпачынак сарваўся!), мы мусілі б выконваць функцыі прадатрада: лавіць рыбу і перадаваць яе ў горы. Што-што, а la defensa у кубінцаў арганізавана бліскуча. На гэта траціцца ўвесь іхні запал. Дзе ж тут народнай гаспадаркай займацца…
5 мая.
Андрыя моўчкі вядзе нас з Карынай па крывой вулачцы. З дахаў лаюць сабакі, у пяску бавяцца чорныя, бы жукі, дзеці з распухлымі жыватамі. А вось і маленькая каплічка. Унутры зусім няшмат людзей (не тое што на сходах ды маршах!). Андрыя пакрывае плечы чорнай карункавай мантыльяй, пэўна, таксама бабулінай. Яе вішнёвыя вочы поўныя слёз. “Ты ведаеш, калі паўночныя амерыканцы нападуць на нас, я памру сеньярытай. Я яшчэ ніколі не была з мужчынам.” Ну, я дык памру ўзаранай глебай, але ад гэтага, далібог, не лягчэй. Хаця б Рэйнальда патэлефанаваў са свайго Чарнобыля, маць яго за нагу.
6 мая.
16.45. Быццам бы пачуў мяне — прыехаў Рэй з Альгіна. Упершыню за два месяцы выбралася ў наш дом на Агілера, і каля паўдня зазбіралася назад. Гаварыць няма пра што. Глухая сцяна. Няўжо, каханы, у нас не засталося адно для аднаго іншых слоў, акрамя абраз? Дайшла ўжо да аўтобуснага прыпынку, але рух перакрыты: ідуць дэманстранты. Прыйшлося вытрываць яшчэ і гэта. Ад Парке-дэ-Сэспедес да плошчы Мартес прадэфіліраваў натоўп чалавек у паўтысячы. Марш, як я разумею, быў закліканы прадэманстраваць гатоўнасць мас абараняць заваёвы сацыялізму. Тархету! Змясціць на транспарант тархету і даць ў рукі той, з пафарбаванымі валасамі, што ідзе наперадзе і выкрыквае рыфмаваныя лозунгі:
— “Arriba, abajo…—
— …los yanki son guanajos!” — хорам заканчвае натоўп.
— “Se oye, se siente…—
— …Fidel esta presente!” [ 75 75 Arriba, abajo… …Los yanki son guanajos! Se oye, se siente… …Fidel esta presente! (ісп.) — Уверх, уніз… …Янкі — дурні! Чутна, бачна… Фідэль прысутнічае!
]
Фальклор мясцовы, пэўна. Вой-е, а народ час марна не губляе: дзяўчаткі-школьніцы ў натоўпе вабна круцяць задкамі, далонькамі адбіваюць рытм конга, ззаду да іх прылабуньваюцца вяртлявыя маладзёны, кладуць рукі на плечы, а потым і ніжэй пасоўваюць, дзяўчаткі рагочуць, робяць танцавальныя быццам бы рухі ўперад-назад.
— Para que sea Fidel, para que sea! [ 76 76 Para que sea Fidel, para que sea! (ісп.) — Няхай будзе Фідэль, няхай будзе!
]
У рытме конга — малайцы! Палітыка пад сексуальным соусам альбо секс, прыпраўлены палітыкай. Нацыянальная, так бы мовіць, страва. Толькі мяне ад яе ўжо з душы верне.
Читать дальше