— Жонкі спецыялістаў і блізка не падпускаюць нас да крамы, што на
тэрыторыі савецкага пасёлка, справа даходзіць да пікетаў!
— А ўсё для таго, каб потым нам жа гэтую жратву ўтрая даражэй прадаць!
— Вы ж самі казалі: мы таксама савецкія грамадзянкі, нашы дзеці есці
хочуць!
— Вы зусім забылі пра Баяма, Гуантанама, а нас там сорак жанчын.
Чаму б вам калі-небудзь не прыехаць пацікавіцца, як мы маемся?
Дарэмна, дзяўчаткі, крычыце: Масква слязам не верыць. Лінькоў нервова паглядае на гадзіннік: ці не перайшоў ён незнарок меру збліжэння з “постоянно проживающими” , вызначаную Генконсульствам?
Напрыканцы ўзнялася з месца маладзенькая расіянка, зусім яшчэ дзяўчынка, і распавяла звычайную гісторыю пра мужа, які завёз на Кубу і кінуў, свякроўка адабрала тархету, грошай няма, удваіх з дзіцём жывуць практычна на вуліцы, вярнуцца на радзіму няма за што.
— Мой муж — вайсковец, я хадзіла да генерала Эспіноса, камандзіра
арміі Арыенце, дык ён толькі плячамі паціснуў…
Консульскія таксама паціскалі плячамі, а мы, саўкубінкі, моўчкі пусцілі па крузе мяшэчак, куды клалі, хто колькі мог ахвяраваць: па пяць, дзесяць песа. Прынамсі, пад’ясі сёння, гаротнічка. А білет на самалёт у Саюз на дваіх каштуе вельмі дорага... Атрымаўшы ў рукі поўны мяшэчак грошай, дзяўчына голасна зарыдала.
— Бягі адсюль, — гаворыць мне на вуліцы Таня, папраўляючы сукенку
на досыць вялікім жываце. — Ты яшчэ маладая, пачнеш жыццё спачатку.
Нашая беларуская “дыяспара” збілася ў гурт на аўтобусным прыпынку.
— Ды каму мы ў Саюзе патрэбныя? — віскоча Зінка прафесійна
пастаўленым голасам гандляркі. — Замуж хто вас там возьме, бабы?
— Дзяўчаты, дзе знайсці якую працу?..
Усе разам паварочваюцца да мяне.
— Зараз усё ўскладнілася, Алесечка, — Ірына зрывае квітнеючую
галінку і ўколвае ў сваю пышную каштанавую “карону.” — З тае пары, як у СССР пачалася перабудова, адносіны кубінцаў да нас змяніліся. Яны лічаць, што мы здрадзілі “ідэалам сацыялізму” , пра тое кажа ўвесь час Камандантэ. Мы, з іх пункту гледжання, дрэнна ўплываем на думкі мясцовага насельніцтва. Таму і на працу нас не бяруць.
Дык вось яно што! Цяпер мне зразумелыя апушчаныя вочы, крываватыя ўсмешкі ў тых канторах, дзе я пабывала. Толькі дарэмна чаравікі збівала, ідыётка, іх тут не адрамантуеш.
Няўжо і сапраўды няма іншага выйсця, як вяртацца дадому?
— Ці будзе ў нас з Рэйнальда сын?
Празорца доўга маўчыць, лёгенька пагойдваючыся. Здалёк даносіцца шум мора. Вентылятара ў хаціне няма, да таго ж стары пастаянна курыць люльку з нейкай пахучай сумессю, у мяне пачынае кружыцца галава… з густакіпячага, як варыва, паветра ўсплываюць нейкія вобразы: чорны ігольчаты шар марскога вожыка, сухая крабавая клюшня… хлопчык, што гуляе з залацістым марскім пяском… Насланнё? Трызненне? Проста я надта доўга марыла пра сына, нашага з Рэйнальда сына, вось мне і мроіцца бераг мора, густавалосы анёл на пяску…
Па твары ведуна раптам прабягае сутарга. Ён узнімае абедзве рукі і робіць жэст, быццам бы баронячыся ад нечага. Што гэта значыць? Перапытваць нельга, Вольга папярэдзіла, але я і так выдатна разумею: мары маёй не суджана ажыццявіцца.
Пытаюся, нарэшце, пра тое, дзеля чаго прыйшла:
— Ці варта мне вяртацца на радзіму?
На гэты раз стары адказвае хутка. Ён бярэ ў кожную руку па гліняным
гаршку і пераварочвае дном дагары. Гаршкі пустыя, толькі з аднаго выкацілася рысавае зярнятка.
— Тут — пуста, там — таксама пуста.
сястрычка доўга табе не пісала прабач нешта дрэннае робіцца з маёй нервовай сістэмай зусім не магу спаць таблеткі што ты мне ўкладаеш ў канверты вымаюць як і тыя стужкі а цыгарэты скончыліся ўсю ноч сяджу ды ўзгадваю чаго ў свеце ніколі не было і ўжо не будзе сыночак мой анёл густавалосы марскі пясочак бач перасыпае са жмені ў жменю кроны дрэў спляліся нібы шацёр над галавой дзіцячай і пазалотай лісце адлівае святло вяртае сонцу ападае анёл мой вельмі хутка адляціць і зноў я сон самотны сон пабачу ўвесь час адзін і той жа кубак кавы і моташны спякотны брудны горад дзе гіпсавы балван на месцы Божым стаіць глядзіць вачніцамі пустымі крывавай патрабуючы ахвяры дзе блазны носяць каўпакі і маскі і зняць не могуць твары іх даўно ўжо спарахнелі ды ў вачніцах пуста дзе мушу я прыкідвацца жывой як выбухоўку на двайное дно сятчатак скаргі мерцвякоў хаваю і толькі ўночы я магу прачнуцца калі усё навокал засынае і ангела свайго ізноў пабачыць вось ён стаіць нібы падрыхтаваны ахвярай стаць праклятаму куміру о выкупляючая моц крыві а ён жа мог смяяцца і гуляцца на беразе дзе жоўценькі пясочак ах сыплюцца з нябёсаў аскялёпкі святла бяссонцавага прыгадала я дзень якога не было ніколі і ўжо не будзе
Читать дальше