Я гляджу, як лівень тармосіць і матлашыць апельсінавае дрэўца, і ўзгадваю іншае дрэва, — маладзенькую чаромху, што расла ў пыльным двары пяціпавярхоўкі, адкуль я дзесяць год шторанку выпраўлялася з велічэзным партфелем выдатніцы ў школу, — аднойчы я выйшла з пад’езда і жахнулася: з танюткага яе ствала звісалі ашмёткі садранае кары, а сам ствол быў увесь парэзаны сцізорыкамі: няйнакш, тыя вылюдкі-падлеткі, з-за якіх страшна ў нашым горадзе выйсці на вуліцу пасля дзесяці, не знайшлі сабе іншай ахвяры. І мне тады раптам здалося, што гэта зусім не дрэўца, а дзяўчына знявечаная. Па чарзе гвалтавалі, увечары. З апаганеным целам і вуснамі ці не ты стаіш, Беларусь мая? Просіць погляд спатольнага дожджыка… Толькі гвалт той — бясконца доўжыцца.
Савецкі консул у Сант’яга-дэ-Куба Вячаслаў Іванавіч Лінькоў (родам, між іншым, з Чэрвеня, братка-беларус) стучыць па мікрафоне:
— Я рад, что вижу всех вас вместе. Перестройка открыла и для вас
наши двери. Михаил Сергеевич Горбачев считает, что мы должны сближаться с соотечественниками, которые проживают за границей постоянно, а Генконсульство предлагает в качестве формы этого сближения общее собрание.
Лідка нахіляецца да мяне:
— Гэты ж Лінькоў год таму, калі нашы дзяўчаткі прапанавалі
святкаваць Восьмае сакавіка ўсім разам, выказаўся так: не забывайцеся, маўляў, яны — савецкія жанчыны, а вы толькі фармальна савецкія грамадзянкі.
І сапраўды: хто мы такія? Гляджу на дзяўчат, што сядзяць у “актовом зале” консульства. Праваруч ад мяне — Ліда, яна ўжо зноў квітнее, як ружа, няйнакш, памочнік капітана Сярожа прыязджаў суцяшаць; леваруч — мая зямлячка Вольга, рыжы вожык ваяўніча тапырыцца; побач з ёю Ірына, я цяпер ведаю прычыну затоенага болю, што заўсёды прыхаваны на дне яе аквамарынавых вачэй; вунь, з краю, Саша, яна тут носіць арыстакратычнае прозвішча Гуціерэс-дэль-Касцільё, а сама родам з глухой украінскай вёсачкі, увішная, яна і ў Саюзе везла б на сваім карку, як тут вязе, лайдака-мужа, дваіх дзетак, свякруху-змяю, кажуць, за стужачкі дом пабудавала, гэта ж колькі трэба было, Божа мой, тых стужачак перацягаць; побач з Сашай — віцеблянка Таня, цяжарная трэцім дзіцём, ціхенька выцірае слёзы: муж яе два месяцы таму на гумавай лодцы рушыў цераз Фларыдскі праліў у Злучаныя Штаты, звестак пакуль няма, можа, патануў, а можа, свае ж выцягнулі (невядома, што горш); з-за спіны адчуваю пах часнаку, ну, вядома, гэта таўстуха Зінка, яна і тут, як раней у аршанскім прадмагу, аблічвае і абважвае пакупніц, — дома нарадзіла дзіцёнка ад афрыканца, а потым, бач, ачмурыла кубінскага хлопца, уладкавалася; у першым радзе — ветэран кубіна-савецкіх шлюбна-ложкавых адносін масквічка Данілеўская, ёй бы з Калумбам плаваць, — першыя саўспецы вярнуліся з Кубы мільянерамі: выменьвалі на прадукты, махровыя ручнікі ў непісьменных сялян брыльянты ды золата, і Данілеўская таксама часу не губляла, дзіва што ў васьмідзесятым “пагарэла” на мытні (канфіскацыя, ходка ў савецкую турму, амністыя, вяртанне на Кубу), зараз прыдумала найвыгаднейшы бізнес — возіць у Савецкі Саюз на продаж мелагенін, лякарства ад віціліга, якое ўва ўсім свеце адна толькі Куба і вырабляе, дзіўна, але мясцовая aduana [ 64 64 Aduana (ісп.) — мытня.
] яе не кранае; а вунь тая чарнавокая — новенькая, родам з Каўказа, кажуць, апантаная ідэяй адпомсціць мужу-кубінцу за ягоныя секс-прыгоды ў Саюзе, ну, у чым-чым, а ў гэтым дасягне поспеху, можна не сумнявацца.
Дык хто ж мы? “Саўкубінкі” — для консульскіх, “савецкія прынцэсы” — для прадаўшчыц “Cubalse” . Ластаўкі, якія лепяць свае гняздзечкі і выводзяць дзетак і ў гарах Сьера-Маэстра, і побач з амерыканскай вайсковай базай у Гуантанама, і пад пальмавымі дахамі закануркаў у Баяма. На Кубе нас каля пяці тысяч (палова — дзеці), у адным толькі Сант’яга — трыста шэсцьдзесят душ, з іх, па маіх падліках, беларусак каля сотні, ах, дзяўчаткі мае родненькія, і куды нас з вамі д’ябал занёс, за якім-такім шчасцем алмазным? І дзе нашыя з вамі хлопцы-бульбашы — у Афгане паляглі? Гарэлка спаліла? А былі ж яны Госпадам прызначаныя менавіта для нас — дык чаму ж не сустрэлі, не знайшлі? Крыўдна, дзяўчаткі. Крыўдна да слёз.
Нарэшце, праграма “мероприятия” вычарпаная: выкладчык-кантрактнік з універсітэта Арыенце прачытаў лекцыю пра Барыса Пастэрнака ( “Гэта той, што на Кубе жыў, во, “Старик из моря” яшчэ напісаў, га?” — дэманструе эрудыцыю Зінка); старшыня суда Сант’яга з прыязнай ўсмешкаю пацвердзіла, што нашыя дзеці — кубінцы, так-так, кубінцы, а таму будуць служыць у войску і, калі спатрэбіцца, абараняць рэвалюцыю са зброяй у руках; потым ўзышла старажытная, як Анцільская града, “праблема каўбасы” , тут, на жаль, пазбаўленая іранічнага падтэксту: дзяўчаты наляталі на Лінькова, як раз’юшаныя квахтухі на лісіцу, патрабуючы сабе права на рэшткі прадуктаў, якія “не даядаюць” саўспецы:
Читать дальше