…А як там мой родны горад, агорнуты пурпуровым плашчом восені? Тут дрэвы не скідваюць лісце: у іх, як і ў жыхароў тутэйшых месцаў, перманентнае свята жыцця і лета. І больш за ўсё мне не хапае менавіта восеньскіх дрэў, дрэў-паломнікаў, што выправіліся пакланіцца святыням, — улегцы, без лісця, ім зручней і маліцца, і плакаць; не хапае азяблага, у гусінай скуры драбнюткіх зорак, неба над Беразіной, сюррэалістычнай акварэлі бледна-ліловых прыцемкаў і цішыні, што спее ў ствалах да вясны, як павольная кроў. Памяць з хітрасцю наёмнага забойцы ўсюды змайстравала для мяне пасткі, уцягнуўшы ў змову нявінныя рэчы, вось, прыкладам, гэтую сукенку, у ёй я танцавала на выпускным балі з хлопчыкам і была трошкі закаханая, і потым, потым мы пацалаваліся з ім ля пад’езда; калі я апрану яе тут, у гэтай рэчы памрэ яе душа, якую я ў яе ўдыхнула тым пацалункам, як некалі Гасподзь удыхнуў душу ў мяне самую… А ўласна кажучы, дзе яна — мая душа? На вастрыі іголкі, іголка ў яйку, яйка ў качцы, качка ў куфры, куфар на дрэве залатым восеньскім пагойдваецца ў трыдзевятым царстве. А дзе яно, тое царства? Вось і ўзгадвай цяпер, Алеся Прамудрая…
Што гэта ты, маці, замест сатыры ў настальгію ўкінулася, ці што? Па сваёй краіне ганаровых донараў? Зрэшты, тваё знаходжанне тут ёсць вынік свабоднага выбару, ці не гэтак?
Але ж. Усе сённяшнія крыжы — гэта ўчарашнія свабодныя выбары.
Ну, а цяпер «о практическом»: уяві, сястрычка, жывём мы на тыя грошы, якія выручылі з продажу нейлонавых стужак, што па пяцьдзесят капеек за метр, ды гаспадарчых сетак, якія каштуюць у нас па восемдзесят капеек (загналі па дзесяць рэ, то бо песа, кожную, мала купіла, дурніца). Усяго прадалі больш чым на дзвесце песа — а хто з мяне смяяўся за шэсцьдзесят метраў стужкі? Урэшце, я і сама не магла ўявіць, што стужачкі стануць амаль адзінай крынцай нашага існавання тут. Ах, трэба было фігні гэтай купіць разоў у дваццаць больш! Ты пытаешся, ці ўладкаваўся Рэйнальда нарэшце на працу, так, ён ужо вярнуўся з войска і каля месяца працуе ў лабараторыі атамнай электрастанцыі правінцыі Альгін; я з Карынай застаюся ў Сант’яга: не для таго вывозіла яе з Беларусі, каб пасяліць побач з ядзерным рэактарам. Да таго ж жыць там няма дзе, мужу далі толькі ложак ў інтэрнаце ды талоны на харчаванне адзін раз у дзень у сталоўцы ягонага Чарнобыля, якога, у выпадку чаго, хопіць на ўсю Кубу, так я яму і сказала. Пасварыліся, канечне. Але самае галоўнае, што заробак ягоны — смешна сказаць! — складае сто дзевяноста песа. Варта было дзеля гэтага пяць год вучыцца ў Саюзе! Пражыць учацвярых (улічы Феліпу, якая ніколі не працавала і зараз знаходзіцца на ўтрыманні малодшага сына) на такія грошы, зразумела, немагчыма. Таму я заклапочана пошукамі працы, бо ўжо скончыла школу моў для іншаземцаў і — павіншуй мяне! — атрымала дыплом. З вязаннем маім таксама скончана: ніткі перавялі на venta normado [ 58 58 Venta normada (ісп.) — нармаваны гандаль.
] — па адным матку на рукі і — толькі для цяжарных! Так што ты, сонейка, мне дапамажы. Калі будзеш адпісваць у адказ, пакладзі паміж старонкамі ліста адзін метр стужкі, толькі прыцісні з абодвух бакоў, а канверт потым папрасуй. Зараз у модзе тут жоўтыя і блакітныя. Іншым разам можаш даслаць карункі, што па трыццаць капеек метр, іх ірвуць з рук па восем песа, бо — днём з агнём…
Рэйнальда падлічыў ужо, што ліст ад сястры са стужкай прыйдзе якраз да Новага года: “Вось мы і засмажым кураня на свята!” Дзіўныя людзі! Яны прадавалі метр стужачкі і радаваліся, што сёння не лягуць спаць галоднымі. А заўтра — заўтра іх не цікавіла. Як хутка мой каханы пагадзіўся жыць “за кошт СССР” — у дадзеным выпадку гэта значыла за кошт маёй маці, залежаць ад якой мне менш за ўсё хацелася. Таму ўпарта хадзіла па канторах, каб усюды пачуць аднолькавае: “Compañera, no hay nada para usted.” [ 59 59 Compañera, no hay nada para usted (ісп.) — Таварыш, для вас нічога няма.
] Нашыя сустрэчы з мужам — а прыязджаў ён цяпер раз у месяц, Альгін — няблізкі свет, білет сёе-тое каштуе, — звычайна заканчваліся спрэчкамі ( “Якое дзікунства — дзве асобныя чаргі ў краме: para los hombres і para las mujeres.” [ 60 60 Para los hombres; para las mujeres (ісп.) — для мужчын; для жанчын.
] — “Мужчыны працуюць, іхні час трэба берагчы!” — “Але твая сястра таксама працуе, чым яна горш за мужчын?” — “Справа жанчыны не працаваць, а нараджаць салдат для Рэвалюцыі!” — ах, amigo, калі б ты толькі ведаў, што амаль слова ў слова паўтараеш “фашыста” Ніцшэ!), — урэшце, не толькі нашыя: неяк да мяне прыбегла са слязамі на вачах Лідка:
Читать дальше