Amiga, рerdonе si hoy me meto en tu vida.
Pero te estoy sentiendo tan perdida… [ 54 54 Amiga, perdone si hoy me meto en tu vida. Pero te estoy sentiendo tan perdida…(ісп.) — Сяброўка, прабач, што сёння я ўмешваюся ў тваё жыццё. Але я адчуваю, што ты такая разгубленая…
]
Гэта была песня аб каханні і болю развітання, яе выконваў мой улюбёны дуэт — Хуліо Іглэсіас з нейкай спявачкай, Рэйнальда пераклаў яе тэкст для мяне. Як цудоўна гучалі па-іспанску словы — “amigo” , “amiga” , з таго часу мы з Зайчанём інакш адно аднаго не называлі. Акрамя песень былі і літаратурныя ўзгадкі: Лорка, Гарсія Маркес, Карпенцьер, Лопэ дэ Вега… “Объята Севилья и мраком, и сном” . Я прымярала на нічога не падазраючага Рэйнальда то адну, то другую рамантычную маску. Верагодна, размаўляй мой каханак на якой-небудзь мове пушту, нічога б не адбылося: я не заслухалася б чароўнымі песнямі сірэн і, напэўна, разгледзела б пастку, ужо гатовую зачыніцца ў мяне за спінай. “Восемь недель, — буркнула ўрач студэнцкай паліклінікі. — На аборт или как?” Гэта было цудам: ува мне як згорнуты, увесь у ліпкім млечным соку і расе, бутончык кветкі, ўтульна спала дзіця — які з маіх уяўных Дон-Жуанаў, з плашчом і шпагай, стаўся яму бацькам? Пяшчота імгненна разраслася ўчэпістымі парасткамі, апляла, як плюшч ці павітуха, маю свабоду, ад якой я ў тое ж імгненне без ваганняў адмовілася: камандзіроўкі ад маладзёжных рэдакцый, ксеракопіі Бродскага і Мандэльштама, мае ўласныя паэтычныя творы, якімі зацікавіўся сталічны часопіс, — усё было з радасцю прынесена ў ахвяру. І ў той майскі дзень, калі мы з Рэйнальда будзем доўга ехаць на тралейбусе, а потым станем у хвост страшнай кіламетровай змяі, якая будзе канчацца на бальнічным ганку; калі ад шоргату слоў “Гомель…Брагін…Хойнікі…” мяне ўпершыню пачнуць калаціць дрыжыкі і я бездапаможна захіну кофтай досыць вялікі жывот; калі праз тры гадзіны — дастаяліся, нарэшце, — ўрач паднясе дазіметр да маёй шчытавідкі, а потым, пахітаўшы галавой, штосьці скажа медсястры і тая зробіць чарговы, пэўна, трохтысячны за дзень запіс у журнале, — я буду ўжо ведаць, што звязу сваё зайчанятка ў казачную краіну, дзе пальмы падобныя да танцуючага Шывы і дзе ніколі не бывае радыёактыўных дажджоў.
Урэшце, выбару “ехаць — не ехаць” фактычна не засталося, пра гэта лёс такі паклапаціўся, скіраваўшы мяне на дзевятым месяцы ў родны райцэнтр, дзе ў радзільні лютаваў стафілакок. З тэмпературай пад сорак я адна купала і спавівала дзяўчынку, пакуль вялізны гнайнік у распухлай малочнай залозе не зваліў мяне на аперацыйны стол. Насілкі на падлозе ў перапоўненым аддзяленні, потым палата на дванаццаць чалавек, смурод сукравіцы і гною, якія выцэджвалі са сваіх парэзаных цыцак (вось яна — фальклорная “кроў з малаком” !) такія ж, як я, гаротніцы; тройчы хірург узразаў на маёй левай адзін і той жа, не паспяваючы зажыць, шоў, праецыруючы ў нейкія занябёсныя сферы метафару майго жаночага лёсу (тройчы буду кахаць і тройчы спазнаю пякельны боль развітання). Госпадзі, і як жа ж багата ў маёй парэзанай грудцы было малака! Яно ўсё прыбывала і прыбывала, цякло проста з раны, якую хірургі наўмысна пакінулі адкрытай; я не спраўлялася сцэджвацца і скусала ў кроў губы ад болю. О, тым малаком можна было б успаіць не адно дзіця (а маё між тым галоднае, ускормлівалася Бог ведае чым)! Адкуль яно бралося? Я амаль нічога не ела, не піла. Мой лечачы ўрач штодня гучна мацюкаўся на абходзе: роту жаўнераў тут трэба, каб усё павыдойваць! “На Кубе по законам Революции вас бы расстреляли,” — кіне потым Рэйнальда таму хірургу, але мы былі не на Кубе, а ў роднай Беларусі, дзе, нягледзячы на каньякі і палкі кілбас, — іх рэгулярна купляў на сваю пенсію і прыносіў лекарам мой дзядуля, які замяніў мне ў жыцці бацьку, — я тры месяцы правалялася ў гарадской лякарні, дзе бесперашкодна гніў нават не загрыміраваны труп бясплатнай медыцыны.
…Любімыя дзеці не пішуць вершаў, бо кожны верш ёсць крык: “Перавяжыце мне раны!” Бінтоў у нас дома зроду не вадзілася. Прадметам асаблівага гонару маёй маці было тое, што яна ніводнага разу за час сваёй працоўнай дзейнасці не брала бальнічнага ліста. “Усе хваробы — ад ляноты! Хварэе той, хто не хоча працаваць!” — безапеляцыйным тонам заяўляла яна, пагардліва скасавурыўшыся на маю перавязаную грудку. Ёй, упэўненай у сваёй выключнай дасканаласці, патрабавалася песціць мару аб ідэальных дзецях, якія ніколі не хварэюць, не трапляюць у няшчасці, не выходзяць замуж за замежных жабракоў і не нараджаюць пасярэдзіне вучэбнага семестра. І калі мая малодшая сястра больш-менш гэтай схеме адпавядала, дык я з яе проста-такі з трэскам выламвалася. “Вось у нас на працы ў адной жанчыны дачка за араба выйшла, — паведамляла яна мне, — дык зяць усю кватэру дыванамі павысцілаў!” О, яна валодала здольнасцю прымусіць мяне пачувацца вінаватай, нават калі аб злосным намеры не магло ісці гаворкі ( “З-за вашых хвароб я страціла апетыт! Я зусім дрэнна сплю!” — усё гэта артыкулявалася гучна, з добра разыгранай інтанацыяй непадробленага трагічнага пафасу), і цень уласнай віны цягнулася за мной па жыцці, бы надакучлівы паклоннік. Журботных устаноў накшталт лякарняў яна проста не выносіла: за тры месяцы маёй хваробы была ў мяне толькі аднойчы і затрымалася роўна на столькі хвілін, колькі спатрэбілася, каб выкласці з сумкі бутэльку малака ды булку. Але затое, калі гаворка ішла пра поспехі — пра маё школьнае золата і срэбра на рэспубліканскіх алімпіядах па мове і літаратуры, публікацыі ў гарадской газеце, гераічна здадзеныя экстэрнам экзамены за чацвёрты курс, — пра гэта неадкладна інфармаваліся суседзі і саслужыўцы, з годнасцю, вартай каралевы-маці, прымаліся віншаванні; яна, так бы мовіць, зрывала кветкі той славы, якой я, па прыродным нутраным жаданні забіцца паглыбей у нару (тую самую, з Кафкі), заўсёды інстынктыўна пазбягала. Найцікавейшае: яе анітроху не бянтэжыла, што тыя перамогі мною заваёўваліся не дзякуючы, а насуперак адсутнасці такой неабходнай дапамогі з яе боку; пакуль я валялася ў лякарні з ніяк не жадаючай зажываць грудкай, клопат пра Карыну ўзяла на сябе мая старэнькая бабуля, бацькава маці, але ў хуткім часе дзядуля, той самы, які з хваляваннем чакаў у бальнічным калідоры маіх маўклівых хірургаў, зваліўся з інфарктам, і старыя больш не маглі даглядаць праўнучку, якая, дарэчы, стварала шмат праблем: у яе выявіўся вывіх тазасцёгнавага сустава, і яна суткі напралёт крычала ў сваіх распорках, не жадаючы злазіць з рук. Што тычыцца Рэйнальда, ён спакойна працягваў вучобу ва ўніверсітэце, у той час як на правінцыйнай сцэне разыгрываўся тэатр аднаго актора, дакладней — акторкі: у адзінай асобе сумяшчаліся ролі маці і таты, а таксама віртуальныя постаці бабуль і дзядуляў з абодвух бакоў (так яно, дарэчы, і засталося потым — на ўсё жыццё); на стале расла гара канспектаў; у ванным пакоі — гара пялюшак; давялося пачаць працаваць, каб утрымліваць сям’ю (Зайчаня, будучы грамадзянінам сацыялістычнай краіны, атрымоўваў восемдзесят рэ стыпендыі і падзарабіць нідзе не мог); з уладкаваннем Карыны ў дзіцячы садок пачалася чарада бальнічных лістоў, якая пагражала перарасці ў лавіну і г.д., — а адзіная існая бабуля роўным, добра пастаўленым голасам унушала мне па тэлефоне, калі я ў чарговы раз звальвалася з нервовым знясіленнем: “Еш арэхі — гэта добра для сэрца” альбо “Рабі морс з чорных парэчак — у іх шмат вітаміна С” . Не памятаю дакладна, як апынулася ў шкляна-храміраванай зале “Шарамецьева-2” , перад бар’ернай стойкай, за якую толькі што прайшла, кавыляючы, як медзведзянятка, на сваіх крываватых ножках, трымаючыся за руку Рэя, мая дачушка, — пагранічнік прыўзняўся ў сваёй будцы, каб злічыць фота ў ейным замежным пашпарце з арыгіналам; две гадзіны пасля адлёту самалёта на Гавану я бадзялася па аэрапорце, прысаджвалася да нейкіх столікаў у кавярні, замаўляла сабе штосьці, не магла праглынуць ні глытка, — “Are you need help?” — “No, thank you” [ 55 55 Are you need help? — No, thank you (англ.) — Вам патрэбна дапамога? — Не, дзякуй.
], — і толькі пачуўшы праз два дні ў слухаўцы ручайковы галасок Карыны, дазволіўшы сабе сэрцам усвядоміць неверагодную адлегласць, што лягла паміж намі і ўжо ведаючы, так, дакладна ведаючы, што ніколі не дарую сабе гэтага, — упершыню за два гады сцятых зубоў і наматаных на кулак нерваў зараўла ўголас, як баба.
Читать дальше