Рэпарта савеціка — пасёлак працуючых на Кубе кантрактнікаў; тут, як прыгаворваў казачны Кашчэй Бессмяротны, рускім духам пахне. І сапраўды — рускім, хаця навокал пальмы і дрэвы гуайява, і насельнікі стандартных пяціпавярховак не расчульваюцца пры згадках пра бярозку, хіба што пра валютную (тут яна мае назву “Cubalse” ). Я вяжу саўспецам карункавыя каўнерыкі, швэдары з мексіканскага акрылу, пінеткі для немаўлят (нараджаюць багата). Разлічваюцца звычайна прадуктамі, і я добра адчуваю “рускі дух” , калі ўкормленыя, дабраякасныя савецкія жанчыны пагардліва пхаюць пачак рафінаду альбо бляшанку тушонкі схуднелай, як дзяўчо (сорак кэгэ важыла!), саўкубінцы.
Сябруем мы толькі з узбечкай Дзінорай; перманентнае прыніжэнне, у якім жывуць “нацыянальныя кадры” тут, як і ў сябе на радзіме, робяць наша з ёю становішча амаль агульным. Смуглявы Айбек — Дзінора аддала яго ў кубінскую школу, хаця ў пасёлку ёсць савецкая ( “Дзіця павінна выкарыстаць шанц вывучыць мову!” ) — вітае нас з Рэйнальда па-іспанску і вяртаецца да тэлевізара: Cuba TV [ 51 51 Cuba TV (ісп.) — кубінскае тэлебачанне.
] круціць мульцяшкі, зноў жа імпартовыя, расійскія — “са снегам” . Нарэзаны танюткімі лустачкамі сыр і чорны чай (на Кубе толькі зялёны) — сапраўдны банкет! За сталом сядзіць пара: муж — кубінец, жонка — венгерка (пазнаёміліся ў час вучобы ў Кіеве, адзіная мова зносін — руская) ды незнаёмая мне зграбная жанчына сярэдняга веку з сівой пасмачкай у кароне пышных каштанавых валасоў.
— Ірына, — працягвае яна мне вузкую далонь; пробліск срэбнага
заручальнага пярсцёнка з пяццю сапфірамі — саўкубінка!
Каштуючы ласункі, міжволі любуюся сваёй новай знаёмай: вось дзе спараўдная careluna — месяцалікая, як называюць нас, славянак, тутэйшыя, маючы на ўвазе акругласць твару і бялюткую скуру. Бровы Ірыны выгінаюцца, нібы лук Апалона, — так напісалі б пра яе мае ўлюбёныя паэты-рамантыкі. Як, пэўна, кахае муж гэтыя высокія бровы, дзівосныя аквамарынавыя вочы, з якой асалодай п’е ён з месяцова-срэбнага кубка яе лона!
Дзінора на днях вярнулася з паездкі дамоў.
— Жах! — распавядае яна, па-мясцовым звычаі намазваючы сыр
Джэмам. — У Ташкенце бачыла разгон дэманстрацыі, у Фергане — спаленыя дамы туркаў. Дык гэта і ёсць свабода? Кажуць, нам перастануць плаціць далярамі. Не можа быць, бо партыйныя ўзносы ж прымаюць толькі ў валюце.
— У мяне на працы праблемы з-за таго, што мая жонка венгерка, —
уключаецца ў размову мужчына. — Яны, маўляў, нам здрадзілі. Венгрыя здрадзіла Кубе таму, што больш не хоча абменьваць “Ікарусы” на апельсіны. Савецкі Саюз дзесяцігоддзямі ўсім забяспечваў Кубу, ад мульцікаў, — ківок у бок тэлевізара, — да тэхналогій, кубінцы развучыліся працаваць. Але я хачу працаваць і зарабляць досыць, каб адпачываць на Варадэра, жыць у пяцізоркавым гатэлі і вячэраць у лепшых рэстаранах. Мы вырашылі з'ехаць у Венгрыю, каб зарабіць грошай і вярнуцца на Кубу з кішэнямі, поўнымі даляраў!
— Я сёння адкрыла падручнік Айбека, — працягвае Дзінора. — Ведаеце, што там напісана? Вось: “Lu-char es bu-eno, fu-sil es bu-eno, ca-da cu-ba-no tie-ne que sa-ber fu-silar.” [ 52 52 Luchar es bueno, fusil es bueno, cada cubano tiene que saber fusilar (ісп.) — Змагацца — гэта добра, стрэльба — гэта добра, кожны кубінец павінен умець страляць.
] Давядзецца забіраць дзіця са школы.
— Не шкадуй, — Ірына папраўляе вельмі белымі гнуткімі рукамі сваю “карону” , — хутка ў кубінскіх дзяцей пачнецца так званая школа-кампа: іх забіраюць з дому і звозяць у вёску, дзе яны не столькі вучацца, колькі апрацоўваюць зямлю і вырошчваюць агародніну пад вельмі прыблізным наглядам выхавацеляў. Бо ў асобы перыяд, які абвясціў зараз Камандантэ, школьнікі, а ў надзвычайным выпадку і дарослае насельніцтва, мусяць пакінуць горад і заняцца агароднінаводствам, каб пракарміцца. Тым не менш у вёсцы галадэча (талерка рысу ў дзень), дзеці спяць усе разам, завашыўленыя, нярэдка там і пазбаўляюцца цнатлівасці. Пасля школы-кампа ў класе з’яўляюцца цяжарныя дзяўчынкі. Сын адной маёй знаёмай не вытрываў — збег дадому на папутнай машыне, а той грузавік сарваўся ў цясніну на горнай дарозе Сьера-Маэстра…
Памаўчалі.
— Мне здаецца, вучоба асноўную частку кубінцаў мала цікавіць, —
уступаю ў размову я. — Побач з нашым жытлом знаходзіцца галоўны паштамт Сант’яга-дэ-Куба. Дык штодня да нас заходзяць маладыя жанчыны з просьбай напісаць тэкст тэлеграмы! Уяўляеце, я, іншаземка, запаўняю ім бланк!
Ірына паціскае плячыма:
Читать дальше