Хутка аглядаем апошнюю залу. Адзін элемент экспазіцыі відавочна выпадае з агульнага стылю: мілітарысцкага тыпу здаравенныя чаравікі. Няўжо рамантычныя карсары перасякалі Атлантыку ў гэткім небайранічным абутку?
— Гэта чаравікі Камандантэ, — голас экскурсавода дрыжыць ад
хвалявання. — У іх ён з групай кампаньерас [ 45 45 Kампаньерас (ісп. — compañeros) — таварышы.
] змагаўся за свабоду Кубы.
Мяне душыць недарэчны смех. Ён лезе з усіх пор, як дзікая зеляніна з любога кавалка зямлі пад гэтым вар’яцкім сонцам. Гід спалохана азіраецца, муж балюча сціскае маё запясце.
— Не могла держать за себя! — будзе казаць потым Рэйнальда (калі ён
нерваваўся, няправільнасць ягонай рускай мовы рабілася асабліва відавочнай). — Что подумал этот люди? Кого я привез на Кубу?
— Няўжо не разумееш, які гэта ідэалагічны крэтынізм: змясціць
абутак вашага дарагога Камандантэ ў музеі пі-ра-таў! Вось дык “піраты дваццатага стагоддзя” ! Я думаю…
Эх, дарэмна я гарачылася, толькі вегетатыку сваю, і без таго пашкоджаную трапічнай спякотай ды вільготнасцю, ушчэнт дабівала.
— Мине пливать, что ты думаешь, — груба перапыніць Рэйнальда, —
если думаешь, старайся молчить!
Адсюль, з маленькай лагуны ля падножжа скалы, цытадэль яшчэ больш нагадвае дагарэлую свечку. Agua mala [ 46 46 Agua mala (ісп.) — дасл. — дрэнная вада.
], празрыстая медуза, боўтаецца ў вадзе; па беразе ходзіць самотны цень — лоўца васьміногаў са сваёй дагістарычнай зброяй. Выцягнуты даўгім жалезным крукам на пясок васьміног нечакана аказваецца агіднага сыра-мяса-барвовага колеру.
А ці ведаю я, уласна кажучы, чалавека, што ляжыць на пяску побач са мной, ад якога зачала і нарадзіла дзіця і з якім збіраюся быць побач hasta la muerte [ 47 47 Hasta la muerte (ісп.) — да скону.
]? І што я пра яго ведаю?
“Зайчаня” — гэтая мянушка адразу ж прыклеілася да яго ў нашым дзевяцьсот першым пакоі “двойкі” , што на Кастрычніцкай; дзяўчат забаўляла ягоная манера вымаўляць “ч” замест “ш” , нябачаная расчоска з даўжэзнымі рэдкімі зубамі, якая тырчма стаяла ў капе ягонай шавялюры; захаплялі кіназоркавая ўсмешка — такіх перлінаў-зубоў у беларусаў не бывае — і “эстраднае” прозвішча (што ён заўзята аспрэчваў: “Bravo” по-испански значит “храбрый” !) . Ён і быў экзатычным “храбрым” зайкам, які адчайна змагаўся з лютасцю беларускае зімы, ён ніколі не насіў шапак — на ягоныя драцяныя кучары ніводная не налазіла, мёрз у балонневай куртачцы, пакуль я не звязала яму швэдар з авечае поўсці, але тое было потым, а тады — тады дзяўчаты няшчадна пясочылі мяне, бо даўно здагадаліся, дзеля чыіх вечна апушчаных у кнігу вачэй Зайчаня штовечар прыходзіць у дзевяцьсот першы: вось ён зноў замёрз у ліфтавым пакоі, а ты, дурніца, не выйшла, на дыскатэцы толькі цябе і чакаў, а ты ўвесь вечар, ідыётка клінічная, з кніжкай правалялася, кніжкі будзеш на пенсіі чытаць!
“ЛІКВІДУЕМ ЦНАТЛІВАСЦЬ ЯК НЕПІСЬМЕННАСЦЬ!” —
лозунг гэты вісеў на сцяне ў нашым пакоі, з усіх жыхарак якога толькі я ды Валька з глухой палескае вёскі не пранікліся яшчэ ягоным ультрарэвалюцыйным зместам. “Нет, этого просто не моджит быть” , — шаптаў ён, ад хвалявання блытаючы гукі, ды і было чаму здзіўляцца: калі абысці ўсю Кубу з газавай лямпай (імітацыя дыягенавага ліхтара, няйнакш), наўрад ці адшукаеш хаця б адну virgin у васемнаццаць год, так ён мне і сказаў тады, пяшчотна папраўляючы коўдру.
Каханне ёсць мацярынства: я нашу цябе ў сэрцы, як сваё вечнае, адзінае дзіця (а потым ты нараджаешся і, магчыма, забіваеш мяне, але тое ўжо неістотна); каханне ёсць радасная гатоўнасць да ахвяры, поўнай анігіляцыі майго трымцячага ад замілавання “я” . У сваіх фантазіях (цалкам магчыма, што і эратычных, калі сыходзіць з псіхааналітычнае сімволікі) я ўяўляла сябе распасцёртай ніцма на каменнай падлозе малельні, паражонай “божественной десницей” , а ў вершах укладвала ў руку каханаму аголены меч; я ўяўляла каханне набажэнствам, — не оргіяй тантрыкаў і не чорнай месай, што было б яшчэ зразумелым, не, я правакавала каханага на ролю Адзінабога, але наўрад ці можна адшукаць мужчыну, здольнага працяглы час на гэтай вышыні ўтрымацца, — і таму ў будучым мне пагражала скаціцца да крыважэрных паганскіх культаў, якія ахвяравалі дзяўчат божышчам з сабачымі галовамі, альбо выкалаць сабе вочы, каб не бачыць фатальнай неадпаведнасці. Але я пакахала вясёлае, смуглявае Зайчаня-Маўглі, мне пашанцавала. Рэйнальда адразу ж разбіў ушчэнт той сцэнар, вынесены мною з пахмурна-мазахісцкага дзяцінства: акрамя радасці даваць, вучыў ён мяне, існуе яшчэ радасць атрымліваць асалоду. “Як гэта? Для сябе?!” — “Конечно. Не только мужчине — тебе тоже должно быть хорошо” . — “Але ж мне і так добра, бо табе добра” . — “Нет, это совсем не то, coño, [ 48 48 Coño (ісп.) — д’ябал.
] как ты не понимаешь?! На Кубе это знает любая четырнадцатилетняя девчонка! Я не могу быть довольный, потому что тебе еще не было хорошо” . — “Але ж мне і так добра, бо…” і г.д. Аб якім-такім “хорошо” казаў мой муж, я зразумела ўжо на Кубе, вось колькі мусіла прайсці часу, перш чым я дагнала чатырнаццацігадовае кубінскае дзяўчо ва ўменні думаць пра сябе не як пра “орган” , прызначаны выключна дзеля “ягонага” задавальнення, а як пра асобна ўзятую істоту, якая можа мець нейкія ўласныя жаданні.
Читать дальше