Не абыходзілася і без казусаў. “Цёця, вось гэта — твая цёця” , — унушала я, — у вуснах Карыны, якія мелі ўжо звычку да іншай артыкуляцыі, гэта гучала як “тота” , Марго абражалася: па-іспанску “tota” — жаночы полавы орган. Каб не турбаваць сваякоў, мы перанеслі ўрокі пад адкрытае неба, у паркесіта — маленькі скверык на вуліцы Энрамада. Месца гэтае было мною абрана яшчэ з тых меркаванняў, што давала рэдкую магчымасць размаўляць нармальным чалавечым голасам, а не крычаць, як на пажары: пасля сіесты Энрамада ператваралася ў вуліцу пешаходаў, паліцыя пільна за гэтым назірала, — бо сапраўднае жыццё кубінцаў пачынаецца а шостай гадзіне вечара, калі спадае спякота, жанчыны здымаюць бігудзі, дзяўчынак апранаюць у пышныя карункавыя строі і завязваюць ім тыя самыя стужкі, якімі мы забяспечылі паўтузіна бліжэйшых кварталаў; закаханыя, узяўшыся за рукі, пакідаюць дамы, каб хадзіць па горадзе, удзельнічаць у фіестах, якія ладзяцца тут жа, у скверах: музыкі, танцы да раніцы, мімалётныя секс-прыгоды; з карнавальнай лёгкасцю ўспыхваюць раманы, якія так жа лёгка гаснуць пад промнямі сонца. Ну, а працоўны дзень, — так, сумны, але непазбежны дадатак да вечнага свята жыцця, якому не перашкаджаюць ні пустыя страўнікі, ні адсутнасць вады і электрычнасці.
Няўжо нарэшце-такі ажыццявілася спрадвечная мара ўсіх узломшчыкаў клеткі, у якой асуджаны пакутаваць зняволены чалавек, усіх гэтых “духоўных тэрарыстаў” — ад Хрыста да Оша, — якія прапаноўвалі трымцячаму ад страху і агіды двухногаму “выскачыць” з вязніцы, прабіўшы адтуліну ў столі, і, далібог, няважна, што тленнае цела пры гэтым заставалася стаяць на каленях ці сядзець у позе лотаса (гэта як каму падабаецца) ля парашы, — ну, цела яно і ёсць цела, кветка смерці, покрыва майі, ці як там яшчэ, нічога не паробіш. А былі яшчэ іншыя ўцекачы, іх, дарэчы, непараўнальна больш (амаль усе мы), якія спрабавалі і спрабуюць вызваліцца ад брыдоты паўсядзённасці праз чары сексуальнасці, — дык тыя ўцёкі наогул смеху вартыя, бо зводзяцца да банальнага ўколу наркотыку ў вену, каб часова не бачыць кратаў ды кайданкоў. І ўвогуле, тое лепш за нас рабілі старажытныя фракійцы на сваіх дыянісіях, і куды больш удала робяць зараз люмпены. А справа ў тым, што ніхто (амаль ніхто!) не ў стане працяглы час заставацца цвярозым, сам-насам з агідным фактам існавання клеткі. Аднак тутэйшае дыянісійства — зусім асаблівага гатунку. Ніякіх уцёкаў ад жыцця! Наадварот — суцэльная ад яго асалода. Іх цалкам задавальняе тое, што ёсць, яны нічога лепшага не жадаюць ( “Вы, савецкія, хочаце жыць лепш, а гэта ганебна!” — пяць балаў, Феліпа!), не рамантуюць свае жытло, не спрабуюць пазбавіцца ад пацукоў і прусакоў. Яны кладуцца спаць галоднымі, але вясёлымі. Яны не памятаюць мінулага, не баяцца будучага. Для шчасця ім дастаткова гукаў афрыканскага тамтама, бутэлькі піва ды хуткацечнае злучкі пад адкрытым небам.
Я ведала адну кубінку, ёй проста фантастычна пашанцавала: у яе закахаўся заходні немец, пачуцце быццам бы сталася ўзаемным; пераадолеўшы неверагодныя перашкоды з дакументамі, ён здолеў-такі выцягнуць яе з пацучынай нары, дзе яна жыла, і звезці ў сваю Баварыю. Цераз паўгода я сустрэла гэтую жанчыну на вуліцы. “А-а, я кінула яго, — бесклапотна махнула яна рукой. — Уяўляеш, ён папрасіў мяне вымыць падлогу! І ў ложку ён мала на што здатны, дый тое не кожны дзень” . І яна пашыбавала, віхляючы сцёгнамі, пад руку з чарнявым ілбом, у сваю пацучыную нару, дзе на шасці квадратах размяшчаюцца: ложак, газніца, лядоўня ды адтуліна ў падлозе, якая служыць клазетам і над якой прымацавана да столі бляшанка з-пад тушонкі з прадзіраўленым дном, што імітуе душ, — пайшла, пакінуўшы мяне стаяць пасярод вуліцы ў літаральным сэнсе з адвіслаю сківіцай.
Не, гэта шчасце, далібог, шчасце. Навучыцца яму немагчыма, як немагчыма зблажэць па ўласным жаданні. А, між іншым, шкада.
…Над галавой, у кронах акацый, робіцца дробная работа перашэптвання і перастуквання. Гіганцкі барвовы стручок, падобны да крывой, па ручку скрываўленай пірацкай шаблі, падае на мармуровую лаўку паркесіта. Карына дае яго мне ў левую руку, — у правай я ўжо трымаю свінню-скарбонку. “Mami, toca!” [ 40 40 Mami, toca! (ісп.) — Мама, грай!
] Высахлае насенне грукоча ў струку, як кастаньеты; манеткі па пяць і дзесяць сентава звіняць ў скарбонцы, быццам бразготкі. Карына вельмі хораша танчыць пад гэтую “музыку” у цэнтры сквера, да вялікага задавальнення парачак, што мілуюцца на лаўках.
Читать дальше