Жыла я — не бедавала! Кватэру далі. Званок зазвініць, адчыню дзверы — стаяць скрыні з памідорчыкамі адборнымі, яйкі двухжаўтковыя, языкі...быццам самі, хе-хе, прытупалі. Я тым часам па прадпрыемствах шнарыла ў якасці арбітра паміж вытворцам і гандлем. Абласная газета “Калінінградская праўда” артыкул мой надрукавала пра нарыхтоўкі скурсыравіны — “Чалавек мяняе скуру” , хі-хі. Эх, ці ж думала, што ў хуткім часе сама буду скуру, бы тая змяя, мяняць?! Усяго ў мяне было ў дастатку, а вось шчасця — не мела! Мужыкі трапляліся — цюхцяі, пусці-павалюся, маці мая такіх апоўзлікамі называе. Ні ў ложку не могуць рады даць, ні карысці ад іх у доме. Паехала неяк у сталіцу “залатую” у камандзіроўку, там у рэстаране і пазнаёмілася з Арманда. Адразу ж пасля вячэры і падняліся да яго ў нумар… Зусім іншай жанчынай у Калінінград паехала. А ён за мной услед. На працы адпачынак узяла, тыдзень з ложка не вылазілі... Што ты кажаш? Не гэта галоўнае? Ну, як яшчэ паглядзець! Усё кінула, сытае жыццё на “абалдзенны” секс ды гарохавы суп-чычара прамяняла. Дзярма тут насёрбалася — крый Божа! Пяць год працавала ў прыгараднай школе, як той рамонак палявы сярод мясцовых. Зараз трошкі лягчэй, але ўсё роўна…Свякруха кроў п’е, кішкі вымотвае. Але я ўмею атачыць сябе ў думках суцэльным белым спектрам, чаму і вас, дурненькіх, вучу. Нейкі мудрэц казаў: хіба мае значэнне, як табе жывецца, калі ты лічыш, што добра? Вось толькі, в-о-ох, не трэба той спектр на колеры раскладваць. А яно ж часам, зараза, само так атрымоўваецца. Прыкладам, іду праз той прыгарад, дзе настаўнічала. Сярэдзіна працоўнага дня, а пасярод вуліцы мае былыя вучні “расслабляюцца” , танцуюць пад гукі мясцовага шлягера “Сafé del campo” [ 25 25 “Café del Campo” (ісп.) — “Вясковая кавярня.”
]. Маці мая, што ў Магілёве, за ўсё жыццё хвіліначкі днём не пасядзела без справы, у шэсцьдзесят год — выпрацаваная, знямоглая. А гэтыя здаровыя лбы адно ведаюць: скокі ды блядкі. Але калі зусім ужо хранова стане тут, я ў Іспанію звалю. Бач, што на паперцы напісана… чытай! Гэта адрас мі-лі-я-не-ра! З Канарскіх астравоў! Сам мне ручкай з залатым пёркам зрабіў ласку напісаць. Так што пустазелле — яно нідзе не прападзе!
Dia de la agua. Стоячы ў клубах пары, мы з Феліпай змагаемся з распухлай змяёй прасціны. Ні ваннага пакоя, ні душа ў доме няма: ў закутку нашай “спальні” , амаль побач з ложкамі, ёсць нічым не адгароджаная ніша ў сцяне, так званае lavadero, дзе падведзена вада, зразумела, халодная, якая цячэ з крана раз у тры дні, гэта і ёсць слынны “дзень вады” , якога чакае ўся Куба. Астатнія справы адкідваюцца дзеля галоўнай — мыцця бялізны. Проста ў падлозе даволі вялікая адтуліна (аніякіх табе дэкаратыўных рашотак), куды сцякае брудная вада. У Феліпы ржавая савецкая “Аурыка” , якая плюецца пенай і грукоча, як трактар. У нашым доме бялізна імгненна робіцца чорнай ад дыму і сажы, таму трэба прыкласці шмат намаганняў, каб прывесці яе ў прыстойны выгляд. Уф! Хіба дзеля гэтага я скончыла універсітэт? На што траціцца жыццё! Але кубінская жонка далёкая ад падобнага вобразу мыслення, — як, урэшце, і беларуская.
— Felipa, hija mía! [ 26 26 Felipa, hija mía! (ісп.) — Феліпа, дачка мая!
]
Гучна грукоча ў дзверы Марго — коратка пастрыжаная, цесна ўпакаваная, як усе кубінкі, у сінтэтычныя штаны, са спартыўнай сумкай “Дынама-Мінск” цераз плячо. Чымсьці мая куньяда [ 27 27 Kуньяда (ісп. — cuñada) — залоўка.
] вельмі незадаволеная. Дарэчы, “hija mia” — “дачка мая” — мясцовы зварот да любой асобы жаночага полу, незалежна ад узросту і роднасных адносін (так мяне кліча суседскае дзяўчо, абражацца бессэнсоўна). Паспрабавала б я сказаць сваёй маці нешта накшталт: “Галіна, дзяўчынка мая…” — не, не магу нават уявіць рэакцыю. Або гэты іх зварот да незнаёмага — оуе, вымаўляецца з расцяжачкай: вой-е, у Саюзе Рэйнальда напачатку рабіў з яго моўную кальку, ледзь адвучыла ад гэтага правакацыйна-пагрозлівага “паслю-ючай” , на якое беларускія хлопцы вокамгненна рэагавалі баявой стойкай, а ён, дурненькі, лічыў іх занадта агрэсіўнымі.
Ага, вось і прычына незадаволенасці мужавай сястрыцы: сёння раніцай ў лаўцы давалі рыбу, а Феліпа, заняўшыся бялізнай, правароніла гэты сапраўды ўнікальны шанец. Працуючая Марго мусіць трымаць прадуктовыя карткі ў маці. Не кожная жанчына можа дазволіць сабе чатыры-пяць гадзін штодзённага стаяння ў чэргах. Мне шкада свякроў, і я пытаюся спачувальна:
— А чаму Марго не робіць пакупкі ў магазінах venta libre?
Читать дальше