Ліда аказалася родам з Магілёва. Муж, высокапастаўлены кубінскі funcionario partido [ 21 21 Funcionario partido (ісп.) — партыйны функцыянер.
], прывёз яе ў Сант’яга восем гадоў таму. Праца, якую ёй перадала, ад’язджаючы ў Гавану, такая ж, як мы, саўкубінка беларускага паходжання, аказалася проста фантастычна выгаднай. Варта паўтарыць: добрая кніга ў нас на радзіме яшчэ заставалася дэфіцытам. Тыя жаданыя выданні Бродскага і Пруста, па якіх сумавалі згаладнелыя чытачы на прасторах дажываючага апошнія гады СССР, ляжалі тут, на паліцах схаванай паміж Парке-дэ-Сэспедес і плошчай Далорэс невялічкай крамы амаль свабодна ( “амаль” — таму што “вяршкі” Лідка-такі прыхоўвала і размяркоўвала “па сваіх каналах” ), і купіць іх можна было за цану, пазначаную ў верхнім вугле вокладкі, толькі не за рублі, зразумела, а за мясцовыя песа, бо прызначалася ўся гэтая раскоша “для ўмацавання дружбы з братнім кубінскім народам” . Урэшце, “браты-кубінцы” зазіралі сюды хіба што па непаразуменню (побач знаходзілася тытунёвая лаўка). Затое Лідка з ейнай “кропкай” была добра вядомая сярод савецкіх спецыялістаў, што працавалі на Кубе, і маракоў з гандлёвых суднаў. “Што прывезлі, хлопчыкі? Грэчка, кансервы ёсць? Альбом эратычнага масажу маю, пяцітомнік Алданава, даведнік рыбалова — каму што трэба?” — плыла яна насустрач “сваім” пакупнікам, віхляючы сцёгнамі, бразгочучы завушніцамі-ракушкамі.
У кнігарні я пазнаёмілася з Вольгай: падумаць толькі! — вырасці ў адным райцэнтры Беларусі і сустрэцца тут, дзе дваццаць дзевяць тамоў супердэфіцытнай медыцынскай энцыклапедыі прапаноўвалі дваццаць дзевяць тысяч прычын жыць у суцэльным кашмары (калі, зразумела, іх прачытаць) і сваёй шэра-шызай вокладкай нагадвалі колер неба над нашымі роднымі абсягамі. “Тут неба зусім іншае, — задуменна адзначыла Вольга, страшэнна худая, з па-хлапечы вузкімі сцёгнамі і калісьці вогненна-рыжым, а цяпер напаўсівым вожыкам над рабаціністым тварам. — Тут неба такое, быццам яго вымылі да бялюткай чысціні, а потым шчодра дадалі сінькі” . Мы абмяняліся адрасамі: Вольга мела кватэру ў новым, нядаўна пабудаваным мікрараёне Абель-Сантамарыя, дзе жыла з дачкой Кацяй. На пытанне пра мужа аджартавалася: тут, на Кубе, сёння ён твой, а заўтра — суседчын…
— Уф! Зранку зноў цыклон пранёсся, — рапартуе Лідка, падлічваючы выручку. — Ні храна сабе, 345 песа! Ад’язджалі дадому кароткатэрміноўцы з рэфінэрыі [ 22 22 Pэфінэрыя (ісп. — refinería) — нафтаачышчальны завод.
], змялі ўсё падчыстую, нават залеж, Дастаеўскага з Гогалем. Дарэчы… — Лідка паніжае голас, хаця ў краме, акрамя нас, толькі две прадаўшчыцы-кубінкі, Ана і Анабель, абедзве кампрэндэн [ 23 23 Kампрэндэн (ісп. — comprenden) — разумеюць.
] толькі адну мову — іспанскую, — я тут для гранд-мадам з консульства Набокава пакідала, дык яна мне тушонкі падагнала, па пяць песа, браць будзеш? У крамах па восем, і тое днём з агнём…
— Не, Лідуся, дзякуй. У мяне ўсяго пяць песа, я лепш кніжку куплю.
— Ну, як сабе хочаш, — Лідка кладзе грошы ў касу і цікавіцца голасам
строгай настаўніцы: — Мо вучышся паціху, га?
— Чаму?
— Гледзячы ў калюжыну, не бачыць бруду, а бачыць адлюстраванне
сонца.
— Я стараюся. Але не вельмі атрымоўваецца.
— Гэта натуральна, — паблажліва заўважае мая сяброўка. — На
першым этапе прывыкання нікому з дзяўчат не ўдаецца пазбегнуць крытыкі. Галоўнае — не параўноўваць. Быццам ў нас на радзіме мала свінства. Жыць, у рэшце рэшт, можна ўсюды.
— Згодна, усюды, але — так?! Сёння Феліпа вымыла падлогу і, апаласнуўшы трохі таз, збіралася памыць у ім Карыну. Я залямантавала, дык яна з нейкім нават, ведаеш, гонарам адказала: “У маім доме таз усяго адзін!” Ён сапраўды адзін, іржавы, з пазаклейванымі дзіркамі. Пытаюся: “Чаму новы не купіце?” Аказваецца, апошнія трыццаць год, гэта значыць пасля перамогі іхняй рэвалюцыі, тазы ў продаж не паступалі. А газніца! Гэта ж жах! Феліпа добрая і шчыра клапоціцца пра Карыну, але — дзікунствам сваім ганарыцца?!
— Ты маеш рацыю, яны любяць дзяцей, — Лідка быццам недачула
ўсяго папярэдняга. — Я неяк распавяла ім, — ківок у бок Аны і Анабель, — пра нашыя дамы-малышоўкі, куды здаюць нашчадкаў жывыя бацькі, дык яны проста не зразумелі, пра што ідзе гаворка: у іх нічога падобнага і ўявіць сабе немагчыма.
— Святая прастата. Мой свёкар, прыкладам, проста не зразумеў, чаму я
не іду неадкладна ў карпункт “Правды” і не ўладкоўваюся на працу. Учора ён прывалок у дом Феліпы здаравенны камень. Я запыталася, навошта. Высветлілася, што такая вось камянюка — рэч першай неабходнасці ў хатняй гаспадарцы, яна замяняе кавамолку, мясарубку, малаток і г.д. Усе гэтыя рэчы зніклі з продажу пасля перамогі рэвалюцыі.
Читать дальше