І вось плеўка пайшла трэшчынамі і пачала адвальвацца, нібы сырая тынкоўка. Нам здавалася — не, мы былі ўпэўнены! — што пасля гэтага пачнецца новае жыццё, якое не можа, не мае права быць падобным да мінулага. Якія недапушчальныя абагульненні намі рабіліся! Памятаючы са школы, што “ў кроплі вады адлюстроўваецца сонца” , мы не прынялі да ўвагі, што па кроплі нельга меркаваць аб памеры сонечных плям. Гэта быў сумленны ўзлёт расійскае прэсы, якая прачытвалася да выхадных дадзеных і прозвішча рэдактара. І раптам аказацца ў краіне, дзе “Маскоўскія навіны” і “Спадарожнік” былі забаронены за абразлівы, з пункту гледжання мясцовых улад, выпад супраць Брэжнева, гэтага блазна, пра якога мы яшчэ ў школе склалі вершык: “Бровы мае ён густыя, словы шамкае пустыя…” ! У краіне, дзе амерыканскае “Радыё Марці” ( “радыё гусанас” , як зняважліва называлі яго тутэйшыя функцыянеры) слухаюць у навушніках, каб суседзі не данеслі ў СDR [ 14 14 CDR (Comité de la Defensa de la Revolución) (ісп.) — Камітэт Абароны Рэвалюцыі, кубінская грамадская арганізацыя.
]! Аднак найбольш ужывальным словам і тут аказалася… так-так, тое самае, зашмальцаванае, як мясцовыя грашовыя паперкі з надпісам “Куба, свабодная ад Амерыкі,” — але што можна было купіць за гэтыя тугрыкі?! Тады, у васьмідзесятых, мы мелі звычку, досыць беспадстаўную, як высветлілася, кідаць не задумваючыся: “У нашых крамах нічога няма” , — нам і прымроіцца не магло, што ёсць краіна, дзе тую метафару трэба разумець літаральна. Ну, хіба можна назваць крамай месца, дзе пасярод мармуровага (а то ж! тыя, хто будаваў на пачатку стагоддзя, разлічвалі на іншае) прылаўка, быццам тая біблейская авечка, што адбілася ад статка, самотна пасвілася талерка з брутальнае гліны ды на драцяных “плечыках” боўталася нейкая рабочая адзежына? Урэшце, прадуктовыя крамы ўражвалі яшчэ мацней: на паліцах стаялі — па картках дзецям! — адно бляшанкі савецкай згушчонкі. Прадаўчыцы спакойна спалі, уладкаваўшыся ў куточку: скрасці ўсё роўна не было чаго. За любой драбязой — ад шнуркоў да пялюшак — адразу ж выстройваліся кіламетровыя чэргі, ачэпленыя паліцыяй. Былі, праўда, крамы venta libre — так званага свабоднага гандлю, дзе лязо для галення каштавала 25 песа, наручны гадзіннік — 60, вентылятар — 600, а лядоўня больш за паўтары тысячы, пры сярэднім заробку кубінца ў дзвесце песа. Існавалі яшчэ спецыяльныя крамы, дзе рэчы прадаваліся ў абмен на золата. Толькі тады я ацаніла запаслівасць Рэйнальда, якая дома так раздражняла мяне: за некалькі месяцаў да ад’езду ён пачаў цягаць мяне па мінскіх крамах, прымушаючы скупаць усё запар. Мы набылі: лядоўню “Саратаў” , электраплітку, пасцельную бялізну, прас, чайны сервіз, каструлі, патэльні, падушкі, а таксама у неверагоднай колькасці розную драбязу: гаспадарчыя сумкі, адрэзы таннага паркалю, наборы для шыцця, шпількі, заколкі для валасоў, пластмасавую біжутэрыю і г.д. Прадаўшчыцы гаспадарчых аддзелаў гастраномаў збывалі нам заляжалы тавар; згараючы ад сораму, я прасіла фанабэрлівых прыгажунь ГУМа адмераць мне па дваццаць метраў нейлонавых стужак — “чырвонай, калі ласка, сорак” — і па дзесяць — танных карункаў. У ЦУМе я набыла велічэзнага, з залаціста-крэмавай поўсцю, мядзведзя (менавіта такога росту, па маіх меркаваннях, мусіла быць Карына). “Зачем ты тратила столько денег на этот oso [ 15 15 Oso (ісп.) — мядзведзь.
]? Нам еще надо купить детский обувь, много обувь разных размеров” . — “Паслухай, куды мы збіраемся? Мо на якую ненаселеную выспу?” — “Увидишь.” Вось і пабачыла, гаротніца...
Наш “Тарас Шаўчэнка” прышвартаваўся ў гаванскім порце якраз 26 ліпеня, у найвялікшае нацыянальнае свята. У гэты дзень у 1953 годзе адбыўся штурм легендарных казармаў Манкада пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра — уверцюра рэвалюцыі 1959-га. “Viva Fidel!” [ 16 16 Viva Fidel! (ісп.) — Жыве Фідэль!
] — гэта былі першыя словы, якія я прачытала, сышоўшы з трапа парахода на цвёрдую зямлю. Лозунг вісеў на сцяне будынка, які, пэўна, ужо не адно дзесяцігоддзе знаходзіўся ў аварыйным стане. Пакуль мы ехалі з порта ў таксоўцы — неверагодная калымага вытворчасці пяцідзесятых (далібог, як у старых замежных фільмах, вось толькі без шкла і дзверцаў!) пагражала разваліцца — я паўсюдна бачыла натоўпы маршыруючых, дарослых і дзяцей: апранутыя ў форму колеру хакі, пад шалёны барабанны дробат яны шчоўкалі затворамі стрэльбаў, нешта гучна крычалі. Выпадкова зірнула на іхнія ногі — у чым дзеці абуты… “Вот, смотри сюда, — мой муж, відавочна шчаслівы і горды, тыцнуў пальцам у вялізны партрэт, які несла негрыцянка, апранутая — Госпадзі! — у адну толькі празрыстую камбінацыю — такія мы дома носім пад сукенкамі. — Это Хосе Марти, интеллектуальный автор штурма казарм Монкада!” Высокі лоб з залысінамі маладога Леніна, пышныя вусы Карла Маркса, халодныя вочы. А вось і ахвярныя ягняты: як заўсёды, вельмі маладыя, як заўсёды, з прыстойных сем’яў. Вось гэты, Хасе дэ Хесус Мадера Фернандэс ( трэба ж — Хесус! І гэтая абавязковая прыстаўка “дэ” !), яму было ўсяго дзевятнаццаць — чыста паголены, з мяккай хваляй валасоў і тонкімі рысамі твару, а вочы, вочы — так глядзіць чалавек, ужо гатовы прынесці сябе ў ахвяру… Альбо вось гэты — Оскар Альберта Артэга Лора, ён пражыў трохі больш — дваццаць пяць год. Пра што яны думалі, ідучы на верную пагібель? Пра бедны народ, яны заўсёды думаюць пра народ, гэтыя гераічныя хлопчыкі, толькі чаму іхнія ахвяры абарочваюцца ў будучым мільёнамі ахвяр, іх кроў — рэкамі крыві? Урэшце, можа, тут усё па-іншаму? Пажывем-пабачым…
Читать дальше