— Затое ў іх медыцына — не параўнаць з нашай!
— Медыцына выдатная, спрачацца не буду. Але ж калі б людзі
нармальна харчаваліся ды жылі ў больш-менш прыстойных санітарных умовах, не спатрэбілася б столькі лекараў.
— Затое ў іх…
Гэтая гульня можа цягнуцца бясконца. Любую маю карту Лідка гатова пабіць прыхаваным у яе казырным тузом. Яна бярэ пад сваё крыльца ўсіх новенькіх і вучыць жыць па метадзе “рэальнай ілюзіі” (аўтар тэрміна — яна сама, асноўны прынцып — “гледзячы ў калюжыну, не бачыць бруду…” і г.д.), а пакуль мы спасцігаем курс выжывання, падкормлівае прадуктамі з савецкіх суднаў. Мо такім чынам яна прымушае саму сябе паверыць у тое, што прапаведуе?
— У Гаване жонка Рэйнальдавага брата, заўваж, у мінулым — чэмпіёна
Алімпійскіх гульняў, — не здаюся я, — спытала мяне, ці часта ў Беларусі бывае dia de la agua [ 24 24 Dia de la agua (ісп.) — дзень вады.
], і так і не дала веры, што ёсць краіны, дзе вада цячэ з крана кожны дзень, а не раз у тры-чатыры дні, як тут. Яны проста жывуць пад каўпаком, як мы калісьці.
— А мы з Арманда, — уздыхае Лідка, — год жылі наогул без вады.
Гэтыя лайдакі не спяшаліся рамантаваць, а Арманда, ты ж яго ведаеш: “Рэвалюцыянер павінен трываць цяжкасці” , — ён дык, бляха-муха, цэлы дзень на працы, рэвалюцыянер доўбаны, а “цяжкасці трываць” даводзілася мне, на карку тую ваду на пяты паверх цягала... Эх, хадзем у падсобку, хлопнем па маленькай, га? — раптам прапаноўвае яна.
У мяне няма ніякага жадання піць (на вуліцы — 32 па Цэльсію, валідол у кішэні), але чужая настойлівасць, як заўсёды, бярэ верх над маёй слабай воляю. На стале ў Лідкі — пачатая бутэлька “Пшанічнай” , кіслая капуста, рыбныя кансервы — усё сваё, родненькае, нібыта толькі што з гастранома ля нашае “абшчагі” ! Гаспадыня запальвае “сцервадэску” , па-змоўніцку падміргвае:
— Сярожа, памочнік капітана з аднаго судна, прывалок…ну, мы бачымся калі-нікалі…дык ведаеш, як ён нашых дзяўчат тутэйшых называе? Інтэрпапялушкамі. Бо пасля цудоўнага балю кахання спяшаемся, хе-хе, да газніцы з кукарачамі…
— А я б параўнала нас з ластаўкамі…
— Гэта чаму? “Ласточка с весною в сени к нам летит” , ці што?
— Ластаўкі робяць гнёзды не з галінак, як іншыя птушкі, а, лічы, з
бруду — з гліны ды зямлі, змешаных са слінаю, і лепяць іх зноў жа не на дрэвах, а прымацоўваюць куды заўгодна: да балконаў, карнізаў. Яны здольныя нарадзіць і выхаваць патомства практычна ў любых умовах. Вось толькі ў клетцы жыць не могуць…
— Да таго ж ластаўкі — добрыя летуны, — падхіхіквае Лідка. — Бач, куды мы з табой заляцелі…Э-эх! Іншы раз сама дзіву даюся, як я тут апынулася.
Гісторыя Ліды, расказаная
ў кнігарні на вуліцы Энрамада
Мне яшчэ ў Саюзе на месцы не сядзелася. У белакаменнай вучылася, а працаваць дзе толькі не давялося! “Ты — што тое пустазелле, — казала маці, — усюды прыжывешся” . Адукацыя ў мяне для Кубы самая, хе-хе, “падыходзячая” : пушніна-футравы тэхнікум, потым інстытут скончыла на таваразнаўцу. З чырвоным дыпломам, прашу ўлічыць! Першая практыка — у Стаўрапольскім краі, у нарыхтоўчай канторы. Час поўсці. Чабаны прывозяць па дванаццаць тон. “У-ть, понимаешь” — гэта мы дырэктара канторы так звалі, улюбёная ягоная прымаўка была, — краў бязбожна, пасадзілі яго ў васьмідзесятым; але тады я была яму ўдзячная, бо ганяў мяне на Нявінамыскую фабрыку пярвічнай апрацоўкі поўсці назіраць за якасцю. А я па жыцці надта цікаўная. Потым вох як тое спатрэбілася!
Размеркавалі мяне ў Калінінградскую вобласць, у самы адстаючы раён. За два гады вывела сваю нарыхтоўчую кантору ў перадавыя. З Масквы спецыяльна прыязджалі — вопыт пераймаць. “Вось дык беларуска! Ну і малайчына! Як табе ўдалося?” — “Прапагандай сярод мясцовага насельніцтва,” — адказваю. А якое там насельніцтва? Хеўра зладзеяў ды алкашоў. На самай справе рабілася ўсё гэтак. Наводзіла кантакты з літоўцамі суседніх абласцей. Сыравіну яны везлі мне з задавальненнем: здаў пятнаццаць тон бульбы — атрымай даведку на “жыгуль” ! Але па закону здатчык павінен жыць у нашым раёне. Я знаходзіла ў вёсцы дзядулю: “Дзеда, на тваё імя афармляю кантракт. Вось табе дзвесце рублёў” . Дзед, Божы дзьмухавец, рукі мне ад шчасця цалаваў. Рызыкавала, канечне. Альбо вось яшчэ выпадак: гандлююць грузіны памідорамі. “Хлопчыкі, хочаце японскі магнітафон, скураное паліто?” Увесь свой тавар яны мне оптам здавалі, танней, канечне, але грошы адразу плюс дэфіцыт-с. Кантора ўверх пайшла — аб'явіліся зайздроснікі. А як жа ж! Загадчыца аддзела па якасці аблспажыўсаюза Філатава ўсе мае кантракты асабіста праездзіла. Ніхто, дзякуй Богу, не раскалоўся. А мяне, прыкінь, запрасілі працаваць у аблвыканкам старшым інспектарам па якасці! Філатавай я, дарэчы, адпомсціла: праехалася па ўсіх ейных нарыхтоўчых канторах — я ж гэтую фісгармонію знутры ведаю! — знайшла процьму парушэнняў. Дык, казалі, ёй проста ў кабінеце з сэрцам блага зрабілася. А не капай іншаму яму!
Читать дальше