— У venta libre можа купляць толькі буржуазія, такія там цэны,—
адразае Феліпа.
— Хіба на Кубе ёсць буржуазія?
— Ёсць. Гэта тыя, каму недастаткова нармаваных прадуктаў.
Мой слабы розум, размораны спякотай, міазмамі газніцы ды голадам (калі нахіляюся, перад вачыма мільгацяць іскры ў чарноцці), усё ж аказваецца здольным адсачыць недвухсэнсоўнасць намёку.
— У цяжкі для Рэвалюцыі час, — павучальна працягвае Феліпа, — трэба ўмець абыходзіцца найменшым. Ёсць у табе сёння талерка рысу — бьен [ 28 28 Бьен (ісп. — bien) — добра.
], няма — таксама бьен. Усё астатняе — мяса, яйкі, масла — гэта буржуазная раскоша. Камандантэ [ 29 29 Камандантэ (ісп. — Comandante) — Камандзір; на Кубе так называюць Фідэля Кастра.
] заклікае зацягнуць рамяні на апошнюю дзірку — і кожны кубінец павінен гэта зрабіць!
— А калі Камандантэ запатрабуе наогул нічога не есці?
Феліпа гнеўна ўскідвае галаву ў белых паперках (і навошта везла ёй з Саюза найлепшыя бігудзі ў падарунак?):
— Камандантэ варта толькі загадаць! Асабіста я хачу аднаго:
памерці раней, чым сканае Камандантэ!
Неадпаведнасць паміж дзіцячай жыццярадаснасцю кубінцаў і фанатычнай гатоўнасцю да смерці дзеля мёртвай схемы — вось што найбольш здзіўляе. Смерць узгадваецца тут пастаянна і менавіта ў палітычным кантэксце. “SOCIALISMO O MUERTE!” [ 30 30 SOCIALISMO O MUERTE! (ісп.) — САЦЫЯЛІЗМ АБО СМЕРЦЬ!
]— велічэзны лозунг, які вісіць насупраць нашага дома на фасадзе школы, шторанку прымушае мяне ўнутрана ўздрыгваць і паскараць крокі, калі я а шостай гадзіне іду за малаком для Карыны. Гэта самы папулярны лозунг на Кубе, якая толькі што адсвяткавала трыццатую гадавіну рэвалюцыі; яго можна ўбачыць паўсюдна: на першых палосах “Гранмы” і “Хувентуд Рэбельдэ” , нават над уваходам у радзільню “Los Angeles” (што значыць, між іншым, “Анёлы” ). Разам з братам-блізнюком “MARXISMO-LENINISMO O MUERTE!” [ 31 31 MARXISMO-LENINISMO O MUERTE! (ісп.) — МАРКСІЗМ-ЛЕНІНІЗМ АБО СМЕРЦЬ!
] яго нясуць на дэманстрацыях школьнікі, наўрад ці здольныя ўсвядоміць крыважэрнасць прапанаванай ім альтэрнатывы. Калі я гляджу на дзіцячыя ручаняты, якія з гонарам узнімаюць уверх, да аргіястычнага сонца, брутальна збіты транспарант, мне хочацца закрычаць. Няўжо яны не разумеюць — не дзеці, вядома, а тыя, хто вучыць іх хорам скандзіраваць: “Nu-es-tro de-ci-sión — so-ci-alis-mo o muer-te!” [ 32 32 Nuestro decisión — socialismo o muerte! (ісп.) — Нашае рашэнне — сацыялізм або смерць!
], што ўсё гэта ўжо было, было — два словы палымнелі ў адным радку, гучаў дробат маршаў, плылі над натоўпам сцягі колеру крыві — і колькі яе ў гонар тых слоў сцякло ў зямлю! Калі б дрэвы маглі піць кроў, якая пачварная расліннасць, здольная засланіць нават мясцовую трапічную, узышла б з чарназёму і гліны, са снегу ды вечнага мярзлоцця! “У нас такого просто не может быть” , — бесклапотна адмахваўся Рэй, а я — я паўтарала, бы радкі мартыралога, фразы, якімі перанасычаны падручнік роднае гісторыі: заколаты штыкамі, забіты прыкладамі, пасечаны шаблямі, павешаны, расстраляны, расстраляны, расстраляны… Ад лозунга патыхала крывёю, як ад падзёртага, у барвовым пераплёце, “Кароткага курса гісторыі ВКП (б)” 1938 года выдання, які я, ахвочая да старых папер, што хавала маці ў кніжнай шафе, вывудзіла неяк з самага дна яе. Так, ёсць памяць крыві, пэўна, яна адклалася ў костках, струменіла па жылах дзяўчынкі, чыя калыска стаяла ў тым самым пакойчыку дома на ціхай вулачцы райцэнтра, дзе за дзесяць год да яе нараджэння паміраў, адплёўваючы сухотную кроў, ейны прадзед пасля сібірскага лагера. Бабуля неахвотна пераказвала па маёй просьбе дзікую гісторыю пра тое, як яе бацька, прыкладны, між іншым, калгаснік, спазніўшыся неяк з-за гаспадарчай патрэбы на сходку, — а мароз стаяў градусаў трыццаць пяць, — увайшоў быў у памяшканне, дзе сяляне, ахінутыя бюстам “правадыра народаў” , у мёртвай цішыні слухалі матэрыялы чарговага партз’езда, і, на змерзлыя рукі хукаючы, здзіўляючыся халадэчы, выдыхнуў: “Ну і дзянькі надышлі!” Ноччу яго забралі. Гэты аповед усялякі раз выклікаў у мяне слёзы шалёнага пратэсту: як жа вы не разумееце, крычала я дарослым, гэта ж было не абы-што — чалавечае жыццё, бессэнсоўна затаптанае, бы пустазелле на нашым гародзе! Я трэсла бабулю за плечы, я патрабавала, каб яна пацвердзіла, што такога проста не магло быць у краіне, дзе я нарадзілася для радасці і шчасця, а то ж, я ўжо ведала са школьных урокаў літаратуры, што чалавек нараджаецца для шчасця, — і каб знішчыць вось так, нізашто? У чымсьці ён мусіў быць вінаваты?! Але бабуля сумна маўчала, і мне даводзілася прымірыцца з тым, што гэта — было, і рэкі не перасохлі, і лясы не сатлелі, і неба не абрынулася на зямлю. У маёй мадэлі свету ўтварыўся пралом, які зеўраў пад нагамі, — скразняком прасочваўся паўз яго холад небыцця, гэты пралом трэба было недкладна залапіць, інакш немагчыма было жыць далей. Залапіць — але чым? Што магло спатрэбіцца мне ў якасці будаўнічага матэрыялу? “Рачоўкі” , сцягі, бяздумныя фразы пра гатоўнасць “отдать жизнь за дело партии” , якія лёгка вымаўляліся маімі аднакласнікамі? Але я — я не адчувала ў сабе такой гатоўнасці, так я і сказала тады класнай кіраўніцы, калі дзяўчынка з “Г” класа здрадзіла мне. У сваіх самотных прагулках па горадзе я аднойчы выпадкова аказалася ў дзівосным месцы. Гэта быў Свята-Уваскрэсенскі Сабор, — я ступіла за жалезную агароджу, і невядомае дагэтуль адчуванне чагосьці сапраўднага агарнула мяне. Зыходзіла яно ад васковых лікаў вялікапакутнікаў на іконах; тут не было нуднай муштры, абрыдлых хатніх скандалаў, вечнай няшчырасці дарослых, — я палюбіла хадзіць туды, і аднойчы, са спагады, ці што, узяла з сабой дзяўчынку з паралельнага класа, мне хацелася з кім-небудзь падзяліцца нечакана знойдзенай мною асалодай, — яна і расказала пра ўсё класнай. Потым я стаяла на мосце паміж старым і новым горадам, у старым квітнеў купаламі Сабор, у новым гняздзілася мая школа, — пазірала скрозь закіпаючыя слёзы на чорную, ашчэраную Беразіну, якая ўжо вызвалялася ад лёду. “Сацыялізм або смерць!” — лозунг аказаўся зусім не прапанаваным мне свабодным выбарам, гэта была жорстка зададзеная формула: ці ты з намі, ці цябе НЯМА. Вядома, ты дзесьці там ёсць, з кіркай ці мятлой, растлумачыла настаўніца, але на тое, каб рэалізавацца, можаш забыцца. На тым мосце я ўзважыла кожную частку альтэрнатывы і адхіліла абедзве. Я выбрала трэці кампанент, які ў формуле адсутнічаў: ЖЫЦЦЁ.
Читать дальше