— Значная частка насельніцтва пасля рэвалюцыі так і засталася
непісьменнай. Ну, навошта мясцовым жанчынам тая навука? Яны ў большасці не працуюць, сядзяць дома ды бавяць час у чэргах. А сваю навуку, у сэнсе — як задаволіць мужчыну ў ложку, яны до-обра ведаюць…
— Можа, і ведаюць, — вох, бачу, нервуецца мой Рэйнальда, не
даспадобы яму размова, але ўсё роўна працягваю: — Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць цераз яго страўнік. Але іхнія жанчыны не ўмеюць і не любяць гатаваць ежу, ты ж мне тое яшчэ ў Саюзе казаў, праўда, даражэнькі? Памятаеш, як ты ў маёй бабулі наварочваў кіслую капусту? І гэта не столькі іхняя галеча, колькі лянота. У продажы няма ні сокаў, ні фруктаў, а на Гран-Пьедра — Вялікім Камені — лепшыя гатункі манга спеюць і псуюцца, і ніхто іх не збірае, бо дзеля гэтага трэба далёка ісці, высока лезці. Вось ты ж захацеў мяне пачаставаць і прынёс, так, каханы?
Але каханы маўчыць, нібы вады ў рот набраўшы. Каб неяк запоўніць паўзу, пачынаю распавядаць пра музей піратаў, і, вядома ж, не ўтрымліваюся — узгадваю слынныя чаравікі Камандантэ…
— Ведаю, бачыла! — перапыняе мяне Дзінора. — Дарэчы, у нас адзін кантрактнік — ён усю Кубу аб’ездзіў — кажа, што тут ледзь не ў кожным музеі маюцца свае “чаравікі Камандантэ” .
— А норма на хлеб між тым штомесяц зніжаецца, — устаўляе кубінец, абдымаючы сваю маўклівую жонку-венгерку. — У чэргах жартуюць: хутка будуць даваць адно яйка на дваіх.
— Як бы тыя жарты ды не спраўдзіліся…
На днях я чытала пра суд над Чаўшэску. “Дзвесце грамаў калбасы — гэта ўсё, што вы далі румынскай сям’і?” — пытаўся абвінаваўца. Каўбаса ў былым сацыялістычным лагеры — штосьці накшталт сімвалу самасці. Цікава, аб чым спытаюць пракуроры ў мясцовых кіраўнікоў, калі скончыцца час Камандантэ на Кубе? Як толькі я агучваю свае думкі, мой муж ускоквае, быццам уджалены.
— Усе вы нічога не разумееце! Правільна казаў днямі Камандантэ на
прэс-канферэнцыі ў Бразіліі, маючы на ўвазе СССР — былога сябра Кубы і савецкія газеты: зараз атруту нам нясе “el spirito santo” . Але рэвалюцыянер — не ідыёт! Таму кубінцы не павінны слухаць тое, што ім даводзіць “святы дух” . Вось так!
Рэйнальда заціскае далонямі вушы і дэманстратыўна пакідае пакой. Бразгаюць дзверы. Спачувальныя позіркі прысутных...
Вяртаюся дадому адна, у апраметнай цямрэчы: ліхтары на Ферэйра не гараць, святла ў дамах няма (эканомія электрычнасці). У торбе боўтаюцца некалькі апельсінаў — мой сённяшні “улоў” . Праваруч, пад пальмай, — невялічкая бажніца, каменная ніша, у якой да рэвалюцыі ставіліся выявы Дзевы Марыі. Зараз там гіпсавая галава нейкага дзеяча, здаецца, Хасе Марці, з гладкай, як яйка, паверхняй замест вачэй. Не, Карына не будзе вучыцца па тым падручніку, маршыраваць з плакатам “SOCIALISMO O MUERTE!” , не будзе спаць упокат з тутэйшымі разбэшчанымі хлопцамі ў школе-кампа. Не будзе маліцца гіпсаваму балвану з пустымі вачніцамі. Не будзе. Ах, Рэйнальда, Рэйнальда! Чаму ты ў мяне такі? Чаму менавіта ты? Менавіта ў мяне? Там, у Беларусі, ты заўсёды разважна маўчаў падчас нашых хваравітых спрэчак аб усялякіх “ізмах” : маўляў, тое вашая ўнутраная справа, — і цяпер патрабуеш таго ж ад мяне. А я не магу так! Не магу, бо гэта маё дзіця збіраюцца ператварыць у балванчыка з абкарнанымі мазгамі! Навошта тады я імкнулася вывезці яе адтуль? Навошта?!
Нага трапляе ў нябачную канаву вадасцёку, і я падаю. Дзікі боль, аж у вачах заскакалі аранжавыя шары. Не, гэта апельсіны, незаслужана пакрыўджаныя венгерскімі імпарцёрамі, з глухім грукатам коцяцца ўніз па Ферэйра…
Зразумела, не подзвігі ў ложку майго вогнепаклонніка, у антрацытавых вачах якога палымнелі афрыкана-іспана-індэйскія жарсці, захапілі мяне, васемнаццацігадовую; будучы рамантыкам, я паддалася салодкаму, чароўнаму ўздзеянню чужой мовы. Так, гэта быў раман менавіта з самім El Castellano [ 53 53 El Castellano (ісп.) — класічная іспанская мова (кастыльская)
], і тут, у адрозненне ад зямнога ложка, я лёгка адчувала захапленне паўнавартаснага аргазму.
…Замест кніг і сшыткаў у кубінскім дзевяцьсот трынаццатым пакоі, на дзвярах якога прыклеены плакат з выявай Чэ Гевары (сюды я на трэцім курсе перабралася са сваімі рэчамі) усюды кучамі ляжаць пласцінкі; я гадзінамі слухаю галасы Хуліо Іглэсіаса, Хасе Велеса, Раберто Карласа, Мануэля Серата, Сільвіа Радрыгеса, уцягваю, нібыта праз саломінку, ўсю гэтую іспанскую і лацінаамерыканскую салодкую атруту, якая расцякаецца па маіх жылах павольным агнём, і таемная жарсць да чужаземнай ручаёвай мовы, чым больш незразумелай, тым больш чароўнай, часова засланяе спакойную, як шматгадовы шчаслівы шлюб, любоў да роднай гаворкі.
Читать дальше