— Злачыннасці ў нашым разуменні, таго дзікунства і бессэнсоўнай жорсткасці вычварэнцаў тут няма, — працягвае гаспадыня. — Крадзяжоў, вядома, шмат. Але гуляць па Сант’яга можна хоць да раніцы абсалютна спакойна.
— Шчаслівая ты, Ірка. Дом у цябе вялікі, машына, муж добры…
— Ты мяркуеш? — усміхаецца Ірына.
Гісторыя Ірыны, расказаная пад апельсінавым дрэўцам у паціа
Маці ад мяне адмовілася ў Мінскай радзільні, бацька ж у такіх выпадках звычайна не знаходзіцца. Вырасла ў дзіцячым доме. Калі мне споўнілася дванаццаць, мяне згвалтавалі чацвёра старэйшых хлопцаў. Расціснулі сківіцы, улілі ў горла гарэлкі, звязалі рукі маімі ж майткамі. Дырэкцыя інтэрната хуценька інцыдэнт замяла, мяне ж яшчэ ўва ўсім і абвінавацілі: маўляў, п’яная была, распусніца, сама падставілася. З таго дня ў маім горле быццам жалезная сцятая спружына засела і пры найменшым дотыку з боку хлопцаў пагражала вырвацца слязьмі, крыкам. Таму і сяброў ніколі не мела — ні ў вучылішчы, ні ў інстытуце. Вучылася апантана: гэта дапамагала трываць. Пасля заняткаў падзарабляла санітаркай у лякарнях, мыла самалёты ў мінскім аэрапорце. Прыгожая была, але варта каму-небудзь з хлопцаў выказаць цікавасць, як мая спружына выскоквала з пазоў — праўда, ужо не ў істэрыку, а ў панічны страх: сэрцабіццё, халодны пот, унутраная дрыготка — словам, усе класічныя прыкметы фобіі. Аднойчы пад Новы год я моцна прастудзілася і ляжала з тэмпературай пад сорак у інтэрнаце. Мае суседкі па пакоі раз’ехаліся па хатах. У той час я вучылася ўжо ў аспірантуры, кандыдацкую пісала. Раптам — стук у дзверы. “Войе, сеньёра, прасціце паджалста!” Альберта памыліўся дзвярамі. Пэўна, невыпадкова з памылкі ўсё і пачалося… Не, яго я не баялася: кубінцаў успрымала як дзяцей — добрых, наіўных. “Войе, сеньёры зусім блага!” Сам прыбраў у пакоі, згатаваў вячэру, нават ёлачку ўпрыгожаную адкульсьці прыцягнуў. Упершыню ў жыцці хтосьці паклапаціўся пра мяне, зрабіў для мяне свята! Хварэла я тады доўга, аказалася запаленне лёгкіх, Альберта бегаў па аптэках, варыў мне булёны, а галоўнае, не прымушаў класціся з ім у ложак: “Не гэта, Ірычка, галоўнае” . Праз два гады мы ўзялі шлюб. На каленях стаяў, маліў мяне паехаць на ягоны востраў Свабоды. Ласкавымі словамі называў, якіх ў дзяцінстве чуць не давялося. Пагадзілася, бо каму я там, у Саюзе, была патрэбная? Спачатку ўсё было добра. Муж кахаў мяне да вар’яцтва і брудна лаяўся, калі адна мясцовая прыгажуня ўпарта заляцалася да яго: “Сёння зноў на вуліцы тая мулатка — que puta! — прапанавала пайсці з ёю ў дом сустрэчаў, дык я ёй, Ірычка, ведаеш што адказаў? Vete al coño de tu madre singada y no me resinges mas!” [ 63 63 Que puta! Vete al coño de tu madre singada y no me resinges mas! (ісп.) — Якая шлюха! Ідзі да д’ябла тваёй траханай маці і не даймай мяне больш!
] Тут, у Сант’яга, ён паступіў ва унівесітэт: я настаяла. Пяць год працавала як клятая, ужо Дзімка нарадзіўся, потым — Пецька. Альберта толькі вучыўся. І вось вывучыўся… на маю галаву. Стаў дырэктарам інстытута Сонечнай Энергіі. Сакратаркі, лабаранткі, навуковыя супрацоўніцы… і ўсе клічуць то на пляж, то ў дом сустрэчаў. У Сант’яга ёсць цэлыя кварталы такіх дамоў, дзе каханкам на дзве-тры гадзіны выдаюць ключы ад нумара, дакументамі, зразумела, не цікавяцца, ды і навошта: у пашпарце кубінца ты не знойдзеш адзнакі аб шлюбе. Не верыш? Паглядзі ў свайго. Раней, ідучы па вуліцы разам з кубінкай, я здзіўлялася бесклапотна кінутай ёю фразе: “Вось у гэтым доме расце дзіцёнак ад майго мужа” . А зараз сама магу такі дом паказаць. Дзявулі ледзь споўнілася шаснаццаць, а яе ўжо клічуць “tortillera’й” . Ведаеш, што такое “tortilla” ? Засмажаная з абодвух бакоў яечня з кавалачкамі мяса ўнутры. А калі казаць пра жанчыну, дык гэта аматарка атрымліваць асалоду ў ложку з двума мужчынамі адразу... Пытаешся, ці кахае яна Альберта? Ты мяне здзіўляеш. Жанчыны на Кубе не разумеюць тых рамантычных пачуццяў, якія псуюць кроў экзальтаваным славянкам. Для большасці з іх каханне гэта перш за ўсё секс. Кубінка не пасаромеецца ў цябе на вачах заляцацца да твайго мужа. Легчы ў ложак яна без комплексаў прапаноўвае першая, і калі мужчына адмаўляецца, назаўтра ўвесь квартал будзе называць яго підарасам, марыконам, бо тая “пакрыўджаная” ў чарзе за прадуктамі ўсё раскажа суседкам. “Я не хачу здраджваць табе, — кажа цяпер Альберта, — але што зробіш, калі жанчына запрашае! Як-ніяк, мы жывём на востраве Свабоды, хе-хе!” Вяртацца мне няма куды, бацькоўскага дома ў Беларусі ў мяне ніколі не было, хіба што той інтэрнат... Да таго ж сыны мае выраслі тут. І цяпер, калі муж, як іншыя кубінскія мужчыны, свістам “пс-с-с” падзывае да сябе на вуліцы ўпадабаную жанчыну (як кошку!), жалезная спружына зноў раздзірае мне горла, я нават адчуваю прысмак металу ў роце. Магчыма, калі-небудзь яна парве мне скуру і выскачыць вонкі, як са зламанай цацкі…
Читать дальше