Маці прыйшла да яе ў лякарню толькі аднойчы і затрымалася роўна на хвіліну. Яна нават не падышла да ложка і, стоячы ў дзвярах, кінула: “Што цяпер будуць гаварыць людзі!”
Праз тры тыдні Вікторыя вярнулася ў школу. Настаўнікі старанна рабілі выгляд, што нічога не здарылася, размаўлялі з ёю павялічана-клапатліва, як і аднакласнікі, відавочна, кімсьці праінструктаваныя, але яна не давярала ні адным, ні другім. Ах, яе аднакласнікі! Хто-то, а яны дык мелі ў запасе цэлы набор роляў, пляваць яны хацелі на “спіраль грамадскага развіцця” , бо цікавіліся іншымі спіралямі — процізачаткавымі, і барвова-сіняватыя плямкі на дзявочых шыйках, сарамліва замаскіраваныя завітымі пасмачкамі, маглі б расказаць пра іх другое, патаемнае жыццё, — зрэшты, настаўнікі лічылі за лепшае не заўважаць таго, што адбывалася не на іх тэрыторыі, у іх таксама былі свае ролі. На выпускным вечары Людка Г., самая разбітная з класа, чытала верш на рускай мове “Не смейте забывать учителей” — яны, настаўнікі, нават усплакнулі, калі на апошнім радку Людчын голас задрыжэў, бы ад паўнаты пачуццяў, і яна выбегла з залы; Вікторыя кінулася следам — і заспела яе ў прыбіральні: Людка, з цыгаркай у руцэ, заходзілася ад рогату: “Класна я гэтых дур, вучылак, умыла?” Можа, так і трэба жыць — маючы па два, тры абліччы? Вось жа і мама з таварышамі па партыі размаўляе адным голасам, а з ёю — зусім іншым! Здаецца, усім навокал гэта дадзена ад нараджэння — хлусня як другая скура, як шкарлупінне, што абараняе курыны эмбрыён, і толькі яна адна нарадзілася чамусьці не такой, як усе, з аголенымі нервамі і слабымі сасудамі…
— І тады ты зламалася. Ты выраклася сябе, і заглыбока схавала свой боль.
Ты вырашыла стаць такой, як усе, каго ставіла табе ў прыклад мама: упэўненай ў сабе, цынічна-дзелавітай, падманам па фальшывай кантрамарцы прабрацца на сцэну, дзе на ўсю моц ішла захопліваючая дух гульня, і толькі для цябе адной у ёй не праглядалася ролі. Ты ўзяла сабе чужую ролю, з руплівасцю першай вучаніцы капіравала чужыя манеры і словы, не разумеючы яшчэ, што цябе падпільноўвае самае страшнае, што можа здарыцца з чалавекам: небяспека пражыць не сваё жыццё. Ты выпесціла ў сабе новае “я” — Актыўную Камсамолку, потым — Упэўненую Пані, якая дзякуючы сваёй звычцы дасканала выконваць чужыя загады неўзабаве аказалася прынятай у свет масак — местачковую наменклатуру (як узрадавалася мама!). Так, толькі гэтае “дасягненне” і ўмацоўвала ў табе пачуццё ўласнай годнасці, у якую ты ніколі, ніколі не верыла, бо памятала, хто ты ёсць на самай справе: “нікчэмнасць, дрэнь” . Ты глядзелася ў чужыя вочы — мужа, калег, начальнікаў — як у люстэрка, з хваляваннем лавіла ў іх адбітак уласнай каштоўнасці, якая ніколі не была для цябе самадастатковай. І вось тут дык ты і трапілася ў пастку, бо на правінцыяльнай сцэне, дзе давялося табе разыгрываць спектакль свайго жыцця, з года ў год ішла адна-адзіная пастаноўка: ідыёцкае маскі-шоу, дзе нельга ні на ёту адступіць ад сцэнара і замест прымітыўнага тэкста бяздарнага аўтара вымавіць нешта сваё. Гэты спектакль, ну трэба ж, аказаўся пастаўлены ў духу брутальнай інтанацыі твайго дзяцінства: вышэйшы па пасадзе тут паводзіць сабе як дробны мафіёзі, асабістая годнасць вытоптваецца, кожны імкнецца зваліць сваю віну на іншага. У гэтай гульні ты атрымала ролю — міс Рашучасць, а як жа ж! — і табе пастаянна даводзілася сябе кантраляваць, каб незнарок акрайчык тае маскі не адклеіўся, як вус у Папаніна ў адной старой камедыі, але тут была для цябе не камедыя, а драма жыцця і смерці, без дурніцаў, таму што вох як цяжка было прымусіць скамянець у цісках зададзенага вобразу свой сапраўдны твар — твар дзяўчынкі, зацкаванай, нялюбай, вечна вінаватай, прыціснутай цяжарам матчыных праклёнаў. Той дзяўчынцы не было месца ў клане “паважаных людзей” — тут ты не памылілася! — і таму ніхто: ні муж, ні калегі, ні начальнікі — не павінны былі ўбачыць яе, ад каго адцуралася нават родная маці.
Так, ты трапілася ва ўласную пастку: пастаянна сябе кантраляваць стала
тваёй звычкай. Але вегета-сасудзістыя рэакцыі — адзінае, што нельга сфальсіфікаваць. Тваё цела здрадзіла табе. Яно не жадала жыць па выдуманых табой правілах, пад бездакорна-лжывым грымам удзельнічаць у ідыёцкім маскі-шоу, яно, тваё сумленнае цела, баранілася па-за тваёй воляй, яму рабілася млосна на шматгадзінных зборышчах у перапоўненых залах, куды не прасачыцца ні свежаму паветру, ні свежай думцы — цела тваё гатова было ўсім выдаць тваю хлусню! Вось тады і з’явіўся страх: толькі б не ўпасці, толькі б не…
Читать дальше