Дарэчы, маці не толькі ні разу не паказала яе ўрачу, але кожнае лета пхала — “каб выйшла дурасць!” — у піянерскія лагеры на тры змены, дзе Вікторыя знемагала ў духаце камунальных душавых і на санцапёку лінеек. Менавіта там у яе розуме, бы чырвоная кнопка трывогі, і замігцела тая думка: толькі б не ўпасці, толькі б не… Менавіта там, дзе было столькі патэнцыяльных сведкаў яе ганьбы, яна пачала адчуваць страх перад падзеннем і кантраляваць свае рэакцыі, бо яшчэ не ведала: смерць, няхай сабе маленькую і абарачальную, пракантраляваць нельга.
Фотаздымак маладой прыгажуні з валасамі, як дзікі вінаград, яна схавала ў нейкую кнігу, а потым згубіла. Ды і ці быў ён наогул? Пасля смерці маці ў Вікторыі засталіся толькі здымкі, зробленыя заводскім фатографам. На іх тая нібыта ў масцы, застылай, як гіпсавы барэльеф правадыра над яе галавой, але пад той маскай — нават пажоўклая фотапапера не магла схаваць гэта — скажоны пагардай і гневам твар, змяінае шыпенне ярка-кумачовых вуснаў: “Каб ты правалілася, праклятая!”
У міфах многіх народаў матчына лона — сімвал раю. Страчанага, трэба заўважыць, раю, бо Адам, пакінуўшы Боскае лона, вымушаны быў стаць дарослым і прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Праўда, адначасова ён набыў свабоду. Рай, як любая таталітарная сістэма, свабоды пазбаўлены па азначэнні. Таму, нягледзячы на цяжкасці дарослага жыцця, дзіця звычайна аддае перавагу нарадзіцца, чым застацца назаўжды ў матчыным чэраве. Зрэшты, здараюцца і выключэнні.
Патолагаанатамы замест акушэраў
Па паведамленнях прэсы, патолагаанатамічны музей пры Г-м медыцынскім інстытуце папоўніўся яшчэ адным экспанатам. Жанчына з беларускае глыбінкі зацяжарала, але праз некалькі тыдняў сімптомы цяжарнасці зніклі самі па сабе. Калі праз дваццаць два гады яе прааперыравалі па падазрэнні на ракавую пухліну маткі, хірургі выцягнулі на свет скамянелы плод — літапедыён, які ўвесь гэты час жанчына пранасіла ў сваім чэраве.
Нейкая баязлівая душа не адважылася выкарыстаць свой шанц — падумала Вікторыя, прачытаўшы тую газетную “сенсацыю” і ўнутрана здрыгануўшыся, — і вось яшчэ адзін са спосабаў аддаць перавагу небыццю: застацца назаўжды ў маміным жывоціку, стварыць сабе ў ім магілу. Але хіба не тое ж самае — жыць на свеце, адчуваючы, што нябожчыца-маці гвалтам завалодала тваімі целам і душой, што яе пагарда дыктуе твае ўчынкі, яе праклёны — перадвызначаюць твой лёс? Па сутнасці, Вікторыя, не здолеўшы абарваць пупавіну крэўнай залежнасці ад маці, дагэтуль яшчэ не нарадзілася насамрэч. Яна скамянела ў сваім страху, як той пачварны літапедыён.
Зрэшты, матчына лона — далёка не заўсёды рай. Дурная маці можа труціць плод алкаголем ды тытунем (і тады матка ператвараецца ў партатыўную газавую камеру), знявечыць ягоныя мяккія косткі гарсэтамі, і нават, нібыта спрактыкаваны кат, праткнуць цемечка непажаданаму дзіцяці распаленай вязальнай спіцай — увогуле, спосабаў забойства бяспраўнага вязня жаночай маткі напрыдумана шмат. І тады, тады... адвечны рай матчынага лона ператвараецца ў франклаўскі канцлагер, дзе няшчаснай ахвяры не застаецца анічога, акрамя як прыняць “каштоўнасці адносін” і скарыцца.
Вязень дзяцінства, Вікторыя рызыкуе так і не знайсці сваё сапраўднае “я” . Як, зрэшты, і народ, да якога яна належыць. Гэты народ таксама баіцца нарадзіцца, бо свет навокал змяніўся, стаў іншы, і кожны мусіць цяпер прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Але быць ахвярай, “дурным мужыком” , спавядаць “каштоўнасці адносін” нашмат лягчэй, чым стаць вольным і прызнаць: усё — і ва ўласным дабрабыце, і ў дабрабыце краіны — залежыць ад нас саміх. І мы ўпарта трымаемся за лона матухны-гісторыі, якая ўвогуле нас і не любіла ніколі (мо зацяжарала намі “па залёту” ?), — што ж, такі нам, у адрозненне ад іншых, шчаслівейшых народаў, выпаў лёс. Але свой крыж мы можам ператварыць у перамогу, і ў глыбіні ўласнага Ценю адшукаць кропку Сонца, і распаліць Святло “на ўвесь свет вялік” , — зразумела, калі адважымся, нарэшце, нарадзіцца.
Між іншым, проста фізічнае аддзяленне ад маці не вырашае праблемы: тут патрэбна непаслушэнства замест пакорлівасці, слыннае выкраданне плода з Дрэва Пазнання Дабра і Зла. Не цярплівасць Сізіфа, а мужнасць Праметэя. Гэты цяжкі шлях вымагае шмат высілкаў; нават Адам, які атрымаў свабоду хутчэй па непаразуменні, горка сумаваў па страчанай залежнасці. Але яму, прынамсі, было аб чым шкадаваць. А мы сумуем па страчаным канцлагеры, дзе ўсё вырашалі за нас, дзе не трэба было думаць самастойна, адно жывіцца таннымі харчамі праз плацэнту “лепшай у свеце” эканомікі. Мы, здаецца, ужо выкінуты з лона парадзіхі пры дапамозе кесарава сячэння (трохі гвалтоўна, але дзякуй і за такі шанц), аднак усё працягваем глядзець назад, і туга наша робіцца цяжарнай смерцю. “Калі чалавек хоча жыць, ён павінен змагацца і ахвяраваць сваёй звернутай назад тугой, каб дасягнуць найвышэйшай даступнай яму вяршыні” , — лічыў Юнг. Калі ж не... Чалавек (альбо народ) становіцца зачараваным смерцю. Менавіта гэты душэўны стан Вікторыя беспамылкова вызначала на тварах землякоў, і ў сабе, стомленая марнымі высілкамі перамагчы страх, часам знаходзіла тую ж зачараванасць смерцю, яе спакоем і свабодай.
Читать дальше