На фотаздымку маці, які вісеў на дошцы гонару ля будынка гаркома партыі, Вікторыю ўражвала менавіта адсутнасць прасторы; змярцвела-лабараторнае, нібыта замарожанае святло фотамайстэрні абцякала высокую прычоску, гладкі, бы адпрасаваная прасціна, лоб, за якім, на першы погляд, проста не магло хавацца неадпаведных эпосе думак ды пачуццяў. Аднак у дзяўчынкі меўся іншы фотаздымак, пажоўклы, загнуты з ражкоў: твар маладой жанчыны напаўпрыкрыты каскадам густога валосся, што віецца, бы дзікі вінаград, на фоне якога яна стаіць, сарамліва пасміхаючыся, прыціскаючы да грудзей кацяня. Вакол яе пульсуе і дыхае прастора, атожылкі вінаграднай лазы, здаецца, прарастаюць у будучыню скрозь загусцелае паветра здымка. “Што за акторка?” — дзелавіта цікавіліся сяброўкі, і як было прызнацца, што гэтая пеннавалосая німфа ў лёгкай адкрытай сукенцы са спушчанай брэтэлькаю — яе маці, звыклая госця школьных лінеек, якая абрыдла крычыць у мікрафон фразы пра радзіму ды партыю, але найчасцей — пра доўг, доўг.
“Доўг” — гэта было галоўнае слова ў яе лексіконе і найпершая каштоўнасць у шкале дабрачыннасцей, зразумела, для людзей — суседзяў, калег па працы, начальства. “Вось, жыву дзеля дзяцей, бо гэта мой доўг” , — паважна казала яна заўсёднікам дваровых лавачак. Вікторыя з маленства засвоіла: яны з сястрой для мамы — непажаданае ярмо, якое даводзіцца несці, бо здаваць “выблядкаў” у дзетдом, як гэта рабілі калісьці жанчыны-камісары, каб быць вольнымі для рэвалюцыі ды жарсці, зараз лічыцца “непрыстойным” . “Прыстойнасць” — гэта было другое ўлюбёнае маміна слова-фетыш (як у БМС — “асалода” ды “шчасце” , што ні кажы, мяняецца эпоха — паднаўляецца слоўнік паняццяў), менавіта аб прыстойнасці палягала клапаціцца перш за ўсё, а калі нешта выходзячае за яе межы ўсё ж такі адбывалася, трэба было любым шляхам хаваць гэта ад чужога вока, якое сачыла за імі, драпежна-цікаўнае, прыпадаючы да замочнай шчыліны кватэры.
Аднойчы ў суботу — Вікторыі ішоў тады дванаццаты год — яна вярнулася са школы і знайшла маці, якая неахайна раскінулася на ложку, цяжка і хрыпла дыхаючы; гарэлачны пах, змешаны з нейкім іншым, моташліва-салодкім, плыў па кватэры, і дзяўчынка не адразу высветліла крыніцу нязвыклага паху: выкіпелая кава, разліўшыся па пліце, пагасіла полымя канфоркі, з якой выпаўзаў з ціхім шыпеннем газ. Яна тады выключыла пліту, адчыніла акно; моцна хацелася есці, але на стале замест абеду размясціўся брыдкі нацюрморт: пустая бутэлька з-пад гарэлкі, раскурочаны батон ды бляшанка з рэшткамі чырвонай ікры. Плямы расціснутай ікры былі і на падлозе, і на матчыным ложку, — прыгледзеўшыся, Вікторыя выйнайшла, што гэта кроў. Ад нудлівага жаху падкасіліся калені. Яна набілізілася да ложка — маці дыхала ў сне, значыць, была жывая… Можа, ёй патрэбна дапамога? Сітуацыя відавочна вымагала нейкіх дзеянняў: паклікаць суседзяў, патэлефанаваць у “хуткую” , але п’яная маці, пах газу — усё гэта было непрыстойна, і спалоханая дзяўчынка, вядома ж, не была ўпэўнена, што тая станоўча аднеслася б да прысутнасці ў доме чужых. У рэшце рэшт, яна вырашыла пабудзіць маці, каб тая, дарослая і вопытная, сама падказала ёй, што рабіць. “Мама-а-а!” — наўмысна гучна плакала яна, укленчыўшы ля ложка. У калысцы прачнулася і заверашчала малая. Маці ўзняла з падушкі азызлы твар, які адразу ж сказіла грымаса лютасці: “Гэта ты ўва ўсім вінаватая, б.....! З-за цябе ён кінуў нас, з-за цябе!” Выпрастанай з-пад коўдры рукой маці ўдарыла дачку па твары так моцна, што ў тае пайшла носам кроў.
…Ёй споўнілася дзевяць, калі бацька, ціхі, з вузенькімі, бы ў падлетка, плечыкамі і надта вялікім кадыком, быў вытураны з толькі што атрыманай двухпакаёўкі, на якую з-за яе, сваёй Вікусі, не стаў прэтэндаваць, а маці кінулася ў пошукі рамантычнага героя, які неўзабаве з’явіўся ў вобразе каржакаватага дзецюка, рыжавусага і рабаціністага, з жалезным пярэднім зубам і абсалютна пазбаўленымі выразу, бы керамічнымі, вачамі. У “героя” , між іншым, меўся істотны недахоп: ён быў жанаты. Некаторы час доўжылася “перацягванне каната” паміж старой і нованароджанай ячэйкамі грамадства; умацаваць матчыны пазіцыі мусіла з’яўленне на свет дзіцяці, аднак рыжавусы, які чамусьці неўзлюбіў Вікторыю, паставіў умову: “дзеўку” аддаць на выхаванне бацьку. Сама дзяўчынка нічога так горача не жадала, але маці адхіліла “непрыстойную” прапанову ( “Што скажуць людзі?!” ). У выніку дзядзька адбыў у ранейшую сям’ю, дзе ў яго падрастаў такі ж рабаціністы сынок.
Читать дальше