Быў такі псіхолаг — Віктар Франкл, БМС калісьці захапляўся яго метадамі лячэння. У час другой сусветнай Франкл апынуўся ў фашысцкім канцлагеры, але выжыў і стварыў цікавую тэорыю аб сэнсе жыцця — пэўна, пра такія рэчы якраз і думаецца за калючым дротам, пад брэх аўчарак, калі назіраеш за пальцам эсэсаўца на спускавым кручку. Ва ўсялякім выпадку, на гэтае дзецішча Франкла яўна падае цень барака ўзмоцненага рэжыму. На ягоную думку, сэнс чалавечаму жыццю надае рэалізацыя каштоўнасцей, якія адносяцца да адной з трох груп: стваральныя, што палягаюць у сферы прафесійна-творчай, эмацыянальныя (любоў) і нарэшце так званыя “каштоўнасці адносін” . Апошнія, згодна Франклу, робяць асэнсаваным жыццё ахвяр — вязняў канцлагера альбо невылечна хворых, карацей, усіх тых, каму недаступныя творчасць ды каханне. Адзіны сэнс жыцця, які можа вынайсці ахвяра цяжкога лёсу, — гэта прымірэнне з ім, у чым і палягае, лічыў Франкл, “свабода ўсіх няшчасных і абяздоленых” . І ўсё выглядала б па-хрысціянску цудоўна, калі б не вось гэтая правакацыйная думка аўтара: “каштоўнасці адносін — найвышэйшыя з магчымых, а сэнс мучэння — найвышэйшы з усіх сэнсаў” . Вось яна — любоў ахвяры да ката, пакутніка — да сваёй пакуты, па-іншаму гэта называецца ма-за-хіз-мам, блізкае нам, калі не сказаць, роднае светаадчуванне. Спалілі кніжкі Маркса і дружненька сталі пацыентамі Франкла. Цэлы народ жыве “каштоўнасцямі адносін” , моўчкі пакутуе і ціха вымірае, і ўсё таму толькі, што загадзя прыняў сітуацыю як безнадзейную. Але ж гэта — недарэчная падмена, бо Франкл перасцярагаў ад спакусы скласці зброю, калі яшчэ што-небудзь можна змяніць! Бо “каштоўнасці адносін” — сапраўды выратаванне толькі для тых, каму ўжо не засталося аніякай надзеі.
Дык няўжо ж у народа музыкаў і закаханых анічога не засталося наперадзе, акрамя страху? І яму, як таму закаванаму ў кайданы рымскаму рабу, застаецца адно прасіць смерці як літасці, як адзінага плёну жыцця?!
Не, Вікторыя не хацела прыняць “каштоўнасці адносін” . Пакуль — не, казала яна сабе, змагаючыся са страхам, шукаючы ўсё новыя і новыя спосабы пераадолець яго, і на ўсю гэтую буру ў шклянцы вады траціла столькі сіл і вынаходлівасці, колькі хто іншы паленаваўся б патраціць на пытанне, як кажуць, жыцця і смерці, — што ж, гэта і было для яе такога кшталту пытаннем, а між тым гаворка ішла ўсяго толькі пра тое, каб увайсці ў залу пасяджэнняў ці аўтобус! Зразумела, ніхто з яе калег па працы, якія звыкла бачылі ў ёй Упэўненую Пані, і ўявіць сабе не мог, што хаваецца за яе заўсёды аднолькава-прыязнай усмешкай. Д’ябальская іронія была ў тым, што лепей, чым хто-небудзь, Вікторыя разумела абсурдную перабольшанасць свайго страху, яго абсалютную бязглуздасць.
Не, не вытрымаю, больш — не вытрымаю... У перапоўненай зале з зачыненымі форткамі — ні шчылінкі для свежага паветра! — яна сядзела з выразам дзяжурнай увагі, зацвярдзелым на твары, нібыта пасмяротная маска. З тых пасядзелак выпаўзала знясіленая, кожным нервам адчуваючы, што непатрэбная “страховачная сетка” зусім небясшкодная: гіперабарона вядзе да мабілізаванасці рэсурсаў цела, рэзкага выкіду адрэналіну; ўсё гэта перагарае, гніе незапатрабаваным (небяспека ж уяўная!), і кроў надоўга аказваецца атручанай ядамі страху. Раней, у юнацтве, гэты збой кампенсаваўся хутчэй, цяпер жа пасля такога ўзрушэння рэха страху яшчэ доўга будзе гучаць па ўсіх пячорах і гротах цела, знясіленага хранічнай абаронай, і аднойчы яе хворыя сасуды могуць проста не вытрымаць. Першы званочак ужо быў — вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, яна тады тыдзень правалялася ў лякарні, і ёй настолькі спадабаўся стан адасобленасці ад усіх праблем, безадказнасці і расслабленасці — нібыта ў матчыным (не — Гасподнім!) лоне — што яна, не давяраючы таму ідыёту, які сядзеў у суфлёрскім буданчыку яе падсвядомасці, — а раптам ён упадабае ложак у лякарні і “арганізуе” ёй, прыкладам, аўтакатастрофу? — пасяшалася выпісацца, нягледзячы на лямант урачоў, не прайшоўшы курс лячэння да канца.
І цяпер галава баліць так, нібы ў ёй выбухнуў узброены канфлікт дзвюх арабскіх дзяржаў — вось і ў левым вуху пастрэльвае… Нічога, дома яна вып’е лекі, што далі ўрачы, і знікне гэты пакутлівы боль, які ўключыўся ўчора, якраз пасля фэсту, калі Кіраўніца затрымалася ля іх з Загадчыкам (Вікторыя ўбачыла, як той стаў проста такі імкліва памяншацца ў росце, пакуль не ператварыўся ў гарбатага гнома з уціснутай у плечы шыяй) — ярка-кумачовыя вусны варушыліся, вымаўляючы нешта злосна-пагардлівае, адрывістае, свядомасць фіксавала асобныя фразы: безадказнасць… не адпавядаеце пасадзе… ( “Нікчэмнасць! Дрэнь!” — уключылася ў памяці, аж замігцела каляровымі лямпачкамі, як на пульце кіравання падаючага самалёта), і калі Вікторыя ўзняла вочы, замест расчырванелага твару Кіраўніцы ўбачыла іншы твар…
Читать дальше