Між іншым, дзякуючы таму “каўказцу” , да Вікторыі, нарэшце, дайшло, чаму не спрацаваў славуты метад парадоксу: хацець ажыццяўлення свайго страху патрабавалася з гумарам — вось у чым была ўся справа! Яна ж сябе ад роду-веку памятала проста такі паталагічна сур’ёзнай. Зрэшты, асобны род гумару быў і ёй зразумелы, думала Вікторыя ў самыя чорныя свае хвіліны: прыкладам, той смяшок, з якім Калігула адказаў закаванаму ў кайданы рабу, што папрасіў у аўгусцейшага імператара смерці, — не дакранаючыся да мяча, Калігула філасофскі зазначыў: “Хіба цяпер ты — жывеш?”
Вартае ўвагі пытанне.
Хіба жыве насамрэч закаваны ў кайданы раб, які на “ўвесь свет вялік” у парыве самапрыніжэння тлумачыць: “Я мужык, дурны мужык” ? Ідэальны сеанс лінгвакарэкцыі, між іншым. Бо калі доўга прымушаць дзяцей паўтараць нейкую рытмічна арганізаваную фразу, прычым, паўтараць так, каб яна клалася на душу, то такая “афірмацыя” кадзіруе псіхіку лепей за любую ідэалогію, балбатню якой мы звыкла прапускаем міма вушэй. І без таго ў нас зашмат тых, хто нясе знутры на сятчатцы вока вобраз сябе, дурнога і няўмелага, якім “кожны пагарджае” , і, гледзячыся ў гэтае люстэрка, несвядома падганяе арыгінал пад адбітак. Дастаткова прайсціся, прыкладам, па вуліцах ды хаця б іхняга правінцыяльнага гарадка: насустрач трапляюцца мужчыны з ватнымі, як пасля глыбокага наркозу, тварамі, у нязменных спартовых нагавіцах і нібы на сметніку знойдзеных чаравіках, з нейкім агульным выразам інфантыльнага неўразумення на выцягнутых па-авечаму, няголеных тварах, якія ажыўляюцца адно пры характэрным гуку, які суправаджае перамяшчэнне вадкасці з бутлі ў гарляк; жанчыны, рана звялыя, горы цеста, за якімі ледзь пазнаюцца танюткія дзяўчынкі з выпускнога фотаздымку, зробленага на доўгую памяць — аксамітнай “кніжачкай” , з нейкай старэчай безнадзейнасцю ў вачах яшчэ цягнуць на сабе, лічы, усё: працу, дзяцей, паваляку-мужа, грымучы мацярынскі інстынкт вывозіць, а мужчыны ўвогуле апусціліся, прыціснутыя страхам перад будучым.
Чалавек жыве да тых пор, пакуль чагосьці чакае; калі ж у будучым адно безвыходнасць (вобраз-адбітак “дурня” на сятчатцы, нашэптванне ўнутранага суфлёра), ён перастае быць адкрытым да жыцця, становіцца нібы цэмент, які “схваціўся” , застыў. Становіцца лёгкай здабычай страху. І тады пачынаюцца алкаголі, траўмы, рак, суіцыды — ніколі яшчэ з часоў вайны не памірала па-дурному столькі маладых мужчын! Неяк, гартаючы мясцовую “раёнку” , якая дзеля прыцягнення падпісчыкаў стала друкаваць штотыднёвую статыстыку, так бы мовіць, кардыяграму жыцця райцэнтра (нарадзілася 8 дзяўчынак і 13 хлопчыкаў, памёрла 32 чалавекі, паступіла ў траўмапункт 96 : збітых — 23, з нажавымі раненнямі — 15, суіцыды — 13... ), Вікторыя зрабіла просценькі падлік і жахнулася: каля чатырох дзесяткаў замахаў на самагубства штомесяц у іхнім параўнальна невялікім гарадку! А потым ёй трапілася на вочы заметка, распаўсюджаная, між іншым, афіцыйным інфармацыйным агенцтвам:
Псіхічнае здароўе патрабуе ўвагі
Беларускія медыкі занепакоены вялікай колькасцю суіцыдаў, што адбываюцца ў краіне, якія выйшлі на трэцяе месца ў паказчыку смяротнасці насельніцтва. У мінулым годзе, напрыклад, добраахвотна развіталіся з жыццём больш за тры тысячы чалавек.
Вучыць людзей не баяцца — вось што тут трэба, думала Вікторыя. Народ, які баіцца будучага, не выжыве. Але, каб процістаяць страху, трэба найперш павытраўліваць на ўнутранай паверхні сятчаткі вобраз раба, упэўненага ва ўласнай нікчэмнасці ( “Нікчэмнасць, дрэнь!” — як свярбіць гэта, у плоць і кроў урэзанае веданне!) і, насуперак таму, чаму нас вучылі, стварыць унутраны партрэт... не пераможцы, не (бо — адкуль?!), а хаця б — змагара. Нават калі ты асуджаны на асабістую паразу і ведаеш гэта. Так, нават тады. Змагацца з ўласным пачуццём безвыходнасці, неяк актыўна дзейнічаць па паляпшэнні свайго становішча. Хіба ж не сутаргавымі, напачатку бязладнымі рухамі — абы не патануць! — выцягвалі сябе з багны іншыя народы, як тая слынная жабка, што збіла смятану ў масла, спрабуючы выбрацца з пасткі? Але талерантныя беларусы абралі свой спосаб “бунту” : калектыўны зыход у небыццё. І нашае пагрозлівае “стрэльбы, хлопчыкі, бяры!” абарочваецца банальным забойствам: пасля сумеснага распіцця спіртнога сякерай рассёк свайму бацьку чэрап... муж нанёс жонцы 12 нажавых ран, ад якіх кабета сканала... мужчына на падпітку падпаліў уласную хату, у якой спалі двое ягоных дзяцей, а сам пайшоў у пуню і засіліўся... Гэта ўсё з тых жа зводак у мясцовай газеце. Так беларус распраўляецца са сваім мінулым, што падманула, цяперашнім, у якім ён не бачыць сэнсу і з будучым, якога баіцца...
Читать дальше