Неба было пахмурным, сэрца адразу ёкнула: навес над сцэнай… Усміхнулася: паміраць сабралася — а пра што дбаю... Да пачатку канцэрта засталіся лічаныя хвіліны, і яна, каб скараціць шлях, пайшла па драўляна-пясчанай вулачцы Калгаснай, па якой у апошні раз хадзіла гадоў дваццаць таму школьніцай з цесна напакаванай фізкультурнай торбай ды пузатым партфелем. Вулачка, як і тады, патанала ў непралазным брудзе, і нават вялізная балотападобная лужышча з падгнілымі, бы краі запушчанай раны, абсягамі была, як ні дзіўна, усё тая ж. У гэтую лужышчу яна калісьці ўвалілася, паслізнуўшыся на чарговым сметніку, што рэгулярна ўтваралі тут мясцовыя жыхары, і доўга потым мыла і сушыла адзенне, каб маці нічога не заўважыла…
Раптам яна спынілася, уражаная ўспасмінам: усё гэта ўжо было, было. Яна ішла па гэтай самай сцяжынцы, ішла, зачараваная смерцю…
Самым пакутлівым было тое, што дзяўчынка любіла маці — а той, хто любіць, безабаронны і адкрыты для нападу. “Ненавіджу яе” , — прызнавалася сястры малодшая, Вольга, якая на матчына “дура!” імгненна адклікалася: “сама такая!” І — дзіўна, маці адступалася, атрымаўшы адпор, увесь свой гнеў скіроўвала на маўклівую старшую дачку, якой назваць маму “дурай” уяўлялася святатацтвам, ад якога неба павінна абрынуцца на зямлю. Менавіта пакуты безадказнай любові прывялі дзяўчынку да думкі пра самагубства — гэта было апошнім адчайна-маўклівым крыкам, маленнем аб лістасці, пасля якога маці проста не зможа застацца такой, як раней. Вікторыя думала, што ўжо ведае смерць па стане непрытомнасці (гэта было зусім не балюча і не страшна) і што так жа, як з непрытомнасці, яна здолее адтуль вярнуцца ў належны момант, каб мама, рыдаючы ад раскаяння, прыняла яе ў любячыя абдымкі.
У тую раніцу, каб не выклікаць падазрэнняў, яна, як звычайна, выправілася ў школу з партфелем, у якім, аднак, замест падручнікаў і сшыткаў ляжаў пакунак, набыты ёю напярэдадні ў гаспадарчым аддзеле універмага. Яна доўга блукала сярод неахайных слоікаў з ядавіта-блакітным медным купарвасам і нейкім, падобным на брудную соль, парашком, пакуль нарэшце не спыніла свой выбар на невялічкім пакунку — ён якраз умяшчаўся ў партфель — з надпісам “Фунгіцыд” . У пакунку быў блякла-зялёны парашок — менавіта так Вікторыя ўяўляла сабе той чароўны раслінны састаў, якім Урфін Джус з яе любімай казкі ажыўляў драўляных салдатаў. Ці дапаможа гэты парашок ажывіць душу яе мамачкі? Касірша раўнадушна ўзяла ў яе медзякі, зэканомленыя ад школьных абедаў, нават не пацікавіўшыся, што за агарод збіраецца апырскваць піянерка ў сярэдзіне зімы. Дома Вікторыя ўважліва вывучыла інструкцыю — асцярожна: яд! пры пападанні на слізістыя неадкладна прамыць! — і схавала пакунак у партфель.
Каля гадзіны яна правяла ў паўцёмным падвале пад’езда, дзе ў вялізных, пакрытых павуціннем трубах журчэла вада, і ледзь не заснула. Потым ёй захацелася салодкага. Дзяўчынка пералічыла дробязь, якая ў яе засталася, — роўна семнаццаць капеек — і, схаваўшы партфель за трубамі, збегала ў суседнюю кулінарыю. Пірожнае здалося ёй незвычайна смачным. Было шкада пакідаць цёплы, ціхі падвал, але трэба было ажыццяўляць задуманае: усё роўна яна не пайшла сёння ў школу, класная кіраўніца на перапынку абавязкова патэлефануе маці, і калі высветліцца, што яна прагуляла без прычыны…
Пустая кватэра сустрэла яе адчужана і ніякавата. Бы зладзейка, яна асцярожна пракралася на кухню, нажніцамі адрэзала вугалок пакунка і наўздагад сыпанула порцыю парашку ў дзіцячы металічны кубачак, дадаўшы з чайніка вады: маці прывучыла яе піць толькі кіпячоную.
…святло, асляпляючае святло залівае яе, б’е ў вочы, ёй балюча глядзець на гэтыя яркія лямпы, выключце іх, калі ласка! Яе вязуць па ярка асветленаму калідору, да сцен прыціскаюцца цені, замест твараў у іх белыя маскі, яе галава моцна прыціснута да чагосьці цвёрдага, нечые рукі ў гумавых пальчатках уводзяць ёй у горла доўгую трубку, трубка раздзірае нёба, яна хоча закрычаць, але не можа, яна давіцца, захлёбваецца вадой, якую ўліваюць у трубку, а потым трубку выцягваюць, і яна зноў не паспявае крыкнуць, каб яе адпусцілі, не мучылі больш, дазволілі пайсці ў цёплы, ціхі падвал, там яна і будзе жыць, і ніхто больш не назаве яе курвай, але ёй не даюць сказаць ані слова, і жахлівая трубка прадзіраецца праз яе зліплыя вантробы зноў і зноў, а выратавальная непрытомнасць усё не наступае…
…чаму яна ляжыць адна ў гэтым халодным пакоі, на цыратовай кушэтцы, нават без прасціны, чаму яе не паклалі, прынамсі, у звычайную палату, гэта ж — бальніца, дзіцячая бальніца, ці не так? “Таму што ты нікчэмнасць, дрэнь, — гаворыць маці і гідліва хіхікае, — я хацела б, каб маёй дачкой была тая дзяўчынка, пра якую пісалі ў газетах: яна папрасіла забраць у яе вочы, здаровыя вочы, і аддаць сляпому сакратару кампартыі ЗША, каб паскорыць рэвалюцыю ў Амерыцы. Я б ганарылася такой дачкой! А такіх, як ты, мы будзем спальваць у паравозных топках!” Медсястра схіляецца да яе, уводзіць нешта ў трубку кропельніцы, і твар маці туманіцца, знікае…
Читать дальше