Дык ён назад уцякаў, у калгас. Дзядзька, што купіў,— верхам на суседскага каня i наўздагон. Пёр, пёр наш Аршын, а потым, хлопчыкі,— брык! — i інфаркт! Ca страху, што трэба вяртацца на хутар. Саз-на-цяль-ны!..
* * *
Поўненькі, з прыемнай усмешкай ляснічы смяяўся калісьці, што з Масквы яму пішуць: «Колькі ў вас рабчыкаў на адзін гектар лесу?»
— Падумаў за сталом дый напісаў — дваццаць тры. Навука! Учот!
А цяпер вось ён прыехаў да мяне шукаць ратунку,— падрабіў сабе атэстат сталасці, а нехта выдаў... З той самай прыемнай усмешкай раіць мне быць добранькім — памагчы яму схаваць канцы.
А дзе ж навука, «учот»?
* * *
Даволі часта чалавечы дур праяўляе ўласцівасць захоўвацца ў свежым выглядзе да самага паважанага ўзросту.
* * *
Нарачанскі рыбак пад чаркай расказвае пра зяцякрамніка, што ён — баязлівец. Ішоў па лесе з грашыма, запынілі «нейкія смаркачы», напалохалі — аддаў, а сам цяпер захварэў на сухоты.
— Які ж ты пасля гэтага беларус? — абураецца цесць перад выпадковымі слухачамі.— Прасцеця маю скромнасць i дурату, але, як быўшы ў разведцы мікалаеўскай арміі, я лічу, што беларус павінен быць такі. З куста гавораць: «Я воўк, я цябе з'ем». А ён павінен адказаць: «Калі ты воўк, дык я леў, i я не баюся цябе!» А то што!..
* * *
На сямейным застоллі малады гаспадар, вясёлы калгасны шафёр, расказвае гасцям пра свае пчолы:
— Паабсякаюць яны трутням крылы — ляжаць тыя ўхаджоры, як збанкі. А раней як жа ix хораша запрашалі туды!.. От дзе, браточкі, наша мужчынская доля!..
* * *
Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.
Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык i пабег.
Паўза. Потым з акна паказалася бабка:
— Еш, еш на здароўе, сынок!
У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.
* * *
Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
* * *
«Чалавек — гэта цэлы свет», як сказаў...»,— гаворыць важны дакладчык, цытуючы агульнавядомае з прыкметным задавальненнем першаадкрывальніка.
А мне ўспамінаецца, што ў гэтага чалавека — цэлы свет рэферэнтаў. Адзін з ix вось i знайшоў яму гэты банальны афарызм. Каб i яшчэ ў адным непатрэбным наказе было славутае «вобразна кажучы».
* * *
Таварыш, якога ўжо трыццаць год кідаюць то на дзёгаць, то на оперу, усюды разбіраецца аднолькава. Але ж усюды кіруе. Цяпер, кіруючы выхаваннем будучых жывапісцаў ды графікаў, прыехаў праверыць, як паводзяць сябе студэнты-мастакі на летняй практыцы.
— Чаго сядзіце тут, а не рысуеце?
— Натуршчыкаў чакаем, Аляксей Міхайлавіч.
Суровы, важны позірк з-пад капелюша:
— Ну дык пакуль што рысуйце фон!..
* * *
Беларускія турысты ў парыжскім аўтобусе. Як звычайна бывае далека ад дому, у адпачынку: «Таварышы, давайце будзем пасля прыезду дружыць, сустракацца!..» Згода i захапленне. Старшы групы i тут адчувае сябе адказным.
— Арганізацыю гэтай справы бяру на сябе. Мне гэта проста: вазьму ў БРК прафсаюзаў вашы адрасы, даручу свайму сакратару абзваніць усіх, i збяромся.
Мал ад ы, вясёлы скептык:
— Міхаіл Сямёнавіч! I я на гэты час найму сакратара. Каб ён дагаварыўся з вашым.
* * *
Грандыёзная дама, што пабывала ў важнай замежнай камандзіроўцы, дакладвае з трыбуны пра сваё падарожжа. На выдатным узроўні спеласці:
— Пасля, таварышы, мы паехалі глядзець Елісейскія Палі. Факт застаецца фактам — яны даволі прыгожыя... А вось амерыканскія цукеркі i торты — зусім, таварышы, не смачныя, i гэта — факт...
* * *
Вельмі любіць праяўляць сваю сціпласць у першых радах высокага прэзідыума.
У далейшых радах, тым больш у заднім, рабіць гэта — цяжэй.
* * *
Хваліцца, што калісьці, у маленстве, краў яблыкі ў багатага суседа.
А што краў i ў другіх — не хваліцца: яны былі небагатыя.
I ўжо зусім маўчыць пра тое, што — на цёплай пасадзе — крадзе i цяпер.
* * *
Бывалая i важная курортніца хадзіла ў шторм па беразе. Адна.
— Мора так шуміць, так шуміць!.. Проста станет ды думает... Ах, ды хіба ж гэта хто-небудзь зразумее!..
* * *
Дзве «святыя сям'і» вельмі дружаць. У адной — сын жаніх, разумненькі, адкормлены, вясёлы здаравяк; у другой — дачка на выданні, мілавідная, з тоўстаю залацістай касой. Дачы побач. Купацца ходзяць павольненька. Там перакусваюць. А пад вечар — таксама ціха i радасна — ідуць з вялікімі гарадскімі сумкамі... у калгасны гарох.
Читать дальше