Максім пачырванеў, гнеўна бліснуў вачыма і рашуча сунуў у кішэню люльку, якую пачаў быў набіваць.
— Я ёй памагу выпаліць! — і рушыў на вуліцу.
— Максім! — Маша паклікала яго такім суровым голасам, што ён мімаволі спыніўся і, павярнуўшыся, сустрэў яе яшчэ больш суровы позірк, у якім былі асуджэнне, дакор. — Шаройка зводзіць старыя рахункі, а цябе нацкоўвае глупствы рабіць. Саромся!
Яна ведала, што ён можа зрабіць. Быў ужо адзін такі выпадак, калі ён, зайшоўшы ў хату да гаспадыні, якая позна поркалася, схапіў вядро і заліў у печы.
Аб гэтым здарэнні доўга расказвалі з рознымі дадаткамі, кпілі. Але ў Машы яно выклікала не смех, а балючае пачуццё крыўды за чалавека.
— Э-эх, Марыя Паўлаўна, — не прамовіў, а неяк праскрыпеў Шаройка.
Тады і Максім, які быў на момант разгубіўся, устрапянуўся.
— Ты мне не ўказвай!
— Не забывай на Гаўрыліху! Ганьба! Калі ты зробіш яшчэ такое глупства, я першая...
Маша не скончыла, але па голасе і па выразу яе твару Максім вельмі добра зразумеў, што тады яна зробіць і... спыніўся: пераступіў з нагі на нагу, моцным ударам адкінуў пустую банку з-пад кансерваў, выцягнуў з кішэні люльку, аглянуўся і сеў на бярозавую калодку, насупраць акна зямлянкі, апусціў вочы.
Хвіліну цягнулася няёмкая цішыня. Потым Шаройка цяжка ўздыхнуў
— Эх, работка, работка, каб ёй добра было... З цёмнага да цёмнага, як той маятнік, далібог, як маятнік, ва ўсе бакі... А ў падзяку...
— Якая работа — такая і падзяка, — Маша з нянавісцю глядзела на яго, ніколі яшчэ яе абурэнне супраць Шаройкі не было такім моцным і гнеўным, як у гэты раз. Яна ледзь стрымлівала сябе, каб не выказаць яму ўсяго, што думала аб ім, што гавораць аб ім жанчыны ў полі.
Максім рашуча пастукаў люлькай аб калодку і голасам камандзіра загадаў:
— Таварыш Кацуба! Перадасі сёння «Вярблюда», «Яснага», «Чайку» ў брыгаду Шаройкі.
«Зноў Шаройку трох лепшых коней?» — Машы ажно дыхаць стала цяжка. Яна спытала амаль шэптам:
— Гэта чаму-ж?
— Ваша брыгада, сама ты гаворыш, заўтра канчае бульбу, а ў іх — непачаты край...
— А па чыёй віне?
— Мы зараз не будзем разбірацца, па чыёй віне, — Максім павысіў голас. — Па нашай, агульнай... Трэба думаць аб усім калгасе.
— Я думаю аб усім калгасе. Скончым — зробім і за іх, калі Шаройка не мог арганізаваць... А сёння я коней не дам.
— Агнём буду выпальваць гэтыя прыватніцкія настроі!
— Выпалі іх спачатку ў Шаройкі і ў... сябе.
Шаройка моўчкі ўздыхаў і дакорліва ківаў галавой: як табе, моў, не сорамна, Маша, абражаць мяне, старога і паважанага чалавека.
Максім захлынуўся ад злосці, але гаварыць стаў цішэй:
— Покуль я старшыня, я кірую калгасам. А то ў нас і так чорт нагу зламає... Кожны хоча быць за кіраўніка. Шаройка! Забярэш коней!
— Коней я не дам! — рашуча, расцягваючы словы, паўтарыла Маша.
— Правільна, Машанька, — з дзвярэй зямлянкі выглянула Сынклета Лукічна, якая, безумоўна, чула ўсю іх размову.— Не давай! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся і на дачку і на сына... А пасля на чужых конях хоча ў перадавікі выйсці... Пасароміўся-б, сынок, — дакорліва звярнулася яна да Максіма.
Той паглядзеў на маці і, не знайшоўшы, што адказаць, махнуў рукой і хутка пайшоў са двара. Шаройка, уздыхаючы, пакрочыў за ім следам.
— Барсук,— зняважліва прашаптала ўздагон яму Сынклета Лукічна.
Больш Маша не магла цярпець і чакаць. Яна забылася нават паснедаць. А хаду запаволіла толькі каля дабрадзееўскага саду. Ужо тут яна ўбачыла і адчула, з асаблівай сілай, як ніколі раней, розніцу паміж сваім калгасам і «Воляй». Тут на ўсім была відаць клапатлівая, гаспадарская рука, дбайнае вока і, здавалася, усё звінела працай: сад, палі, будынкі. Можа ад таго было такое адчуванне, што, сапраўды, паветра звінела, білася ў сцены — ажно рэха кацілася, — ад работы рухавіка і цыркуляркі. Над «сілавой» узляталі ў блакітнае неба пасмы дыму, то празрыста-белыя, то чорна-сінія. Адчуванне такое было яшчэ і ад таго, што ўсюды працавалі людзі, быццам было іх у «Волі» шмат больш, чым у «Партызане». Але Маша ведала, што ў «Волі» людзей менш, менш працаздольных на кожны гектар ворыўнай зямлі. Аднак палявыя работы не спынілі тут усіх іншых работ. Акрамя таго, што брыгада «Волі»; няспынна працавала на будаўніцтве гідрастанцыі, адна, без другіх калгасаў, людзей у Лазавенкі хапала на ўсё. Вось двое старых мяняюць агароджу вакол саду. Здымаюць старыя, счарнелыя жэрдкі і робяць агароджу з беленькіх, адна ў адну, штакецін. Ад гэтага мяняўся адразу навакольны выгляд: сад за агароджай рабіўся нейкім запаветным месцам. Маша нават не адважылася пайсці па сцежцы, цераз сад, па якой хадзілі раней. Яна пайшла дарогай, у абход. Малады хлопец ехаў па садзе на двухколцы з пажарнай бочкай, ззаду ішоў садоўнік і падтрымліваў гумавы шланг. Каля «сілавой» стаялі фурманкі, на іх грузілі дошкі. Стукалі сякеры і звінелі пілы ў клубе, палавіна якога была ўжо накрыта гонтай. Маша ажно не стрымалася, падышла бліжэй і праз акно пацікавілася, што зроблена ў сярэдзіне клуба. Насцілалі падлогу і столь. Над яе галавой прагучэў знаёмы голас Івана Гомана.
Читать дальше