...Максім не вытрымаў — падняўся і дэманстратыўна адышоў да акна, павярнуўся да яе спіной.
«Нахабная дурніца!.. На д'ябла ты мне здалася! За каго ты мяне лічыш, свіння ты гэткая?»
Шаройка ўскочыў у пакой з вялікай патэльняй у руках, на якой злосна сіпела і бурболіла яешня.
— Прашу да стала, Максім Антонавіч. Возьмем па маленькай...
— Дзякую. Я не п'ю, — адказаў Максім, павярнуўшыся ад акна.
Шаройка глянуў на дачку, убачыў яе збянтэжаны твар і ажно засіпеў, але кінуўся да Максіма, лісліва абняў за плечы.
— Не, не, брат Максім, з маёй хаты так не выходзяць. Не пушчу! На парозе лягу!..
Паліна непрыкметна нырнула ў бакоўку. Яны селі за стол, забыўшыся пра яе. Разгаварыліся пра калгасныя справы, і Максім супакоіўся: размова была цікавая.
Гутарылі пра ўраджай, пра ўборку, да пачатку якой
заставаліся лічаныя дні. Але раптам Максім насцярожыўся зноў: Шаройка пачаў даваць знаёмыя парады.
— Але-е, ураджай мы вырасцілі. Нядрэнны ўраджай. Лета добрае. Залатое лета. Дзякуй богу, будзем з хлебам... Толькі, Максім Антонавіч, паслухай мяне, старога вераб'я... Не вельмі ты кідайся на гэтыя эмтээсаўскія машыны. Гавораць, ты лаяўся ў раёне, што камбайна не далі. Навошта ён табе? У нас сіл хапае... Калі нехапае іх — справа іншая... Я, браток, калі кіраваў, глядзеў уперад. Глядзеў, браток, глядзеў... Сёння ў цябе больш конікаў, чым у праслаўленай «Волі». А гэта сіла пры жняярачках. Сярпок таксама не аджыў яшчэ сваё...
Максім палажыў на стол відэлец, выпраміўся, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў.
— Гнілыя твае парады, Амелька.
Шаройка ўздрыгнуў, быццам яго выцялі па спіне, уціснуў галаву ў плечы, крыва ўсміхнуўся.
— А-а? Гнілыя, кажаш? Што-ж, бывае... Бывае, браток, бывае. Відаць, сам пачынаю гніць.
— Відаць, пачынаеш.
Усмешка знікла з Шаройкавага твару, ён спахмурнеў прыкусіў губу, вочы яго загарэліся злоснымі агеньчыкамі. Чалавек сябелюбівы, ён быў помслівы і ніколі не дараваў крыўды.
А Максім, адчуўшы сваю сілу і перавагу, загарэўся жаданнем як мага больш нагаварыць яму непрыемнасцей.
— Але, гніеш, Амелька, — ён пацягнуў носам. — Смуроднае паветра вакол цябе.
— Эх, Максім, Максім, не твае гэта словы. Чужыя словы, — Шаройка цяжка ўздыхнуў, быццам яму вельмі шкада было Максіма. — Ды я не крыўджуся. Не крыўджуся, браток. Маладосць!.. Вып'ем? Не бойся, не смуродная, з магазіна...
— Вып'ю. Апошнюю... За тое, каб больш з табой ніколі не піць.
— Не плюй, кажуць, у стары калодзеж...
— З гнілога калодзежа не п'юць, Шаройка.
Гаспадар змоўк, зразумеўшы, што госця нічым улашчыць нельга. Са страхам убачыў ён перад сабой не Максіма, а яго бацьку — толькі Антон Лескавец гаварыў яму ў вочы такія пякучыя, як крапіва, страшныя словы.
Хуценька разліўшы гарэлку, ён падняў чарку, але Максім выпіў не чокнуўшыся.
Шаройка нахіліўся і спытаў лагодным голасам:
— Даўно хацеў спытаць у цябе... Кацубіха так увесь час і будзе ў нас?
— А табе — што? Не падабаецца?
— Мне? Мне — усёадно. — Шаройка адкусіў палавіну маласольнага гурка, гучна захрумстаў і, праглынуўшы, раптам загаварыў зусім іншым голасам — злосна, ажно засіпеў: — А наогул не падабаецца. Не! Бо не я загніваю, не я. Дарэмна ты паклёпнічаеш! У мяне душа баліць за калгас больш, чым, можа, у цябе. І бачу я больш. А цябе асляпілі. Ідзі паслухай, што людзі гавораць. Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Ну, а Кацубіха — значыцца Лазавенка. Вось яно як павярнулася! Хе-хе.
Максім спакойна падняўся, падышоў да акна, зняў з цвіка шапку, ударыў яе аб руку, каб выбіць пыл.
Шаройка таксама падняўся.
— Так людзі гавораць, Максім Антонавіч...
Лескавец ступіў да яго і выдыхнуў у твар:
— Так гаворыць толькі адзін сукін сын! — і хутка выгнаў, ляпнуўшы дзвярыма.
На вуліцы ён спыніўся, аглянуўся на вокны Шаройкавай хаты і засмяяўся. На душы было лёгка і светла, нібы ён раптам змыў увесь накіп. З гэтага вечара змяніліся яго адносіны да Машы, да Васіля. Апрача таго, знікла яго няўпэўненасць у сябе, у свае сілы і здольнасць кіраваць калгасам, якая з'явілася адзін час і якая была занепакоіла Ладыніна.
Алеся паехала ў Маскву здаваць экзамены ва універсітэт. Пецю праўленне адкамандыравала на курсы трактарыстаў і камбайнераў. Дом апусцеў, і Маша мусіла перабрацца ў Лядцы, каб прыгледзець за гаспадаркай, яе трэба было зберагчы для Пеці.
У першы вечар, правёўшы ўсхваляваную Алесю на станцыю, яна доўга хадзіла па прасторнай хаце, па двары, на гародзе і не ведала, за што ўзяцца. Зрабілася сумна. Яна з нецярплівасцю чакала Васіля. Ён прышоў, калі ўжо сцямнела, як заўсёды, узбуджаны, радасны. Моцна абняў яе, пацалаваў.
Читать дальше