Аднойчы ён пачуў размову жанчын:
— Маша ажно расквітнела. Люба паглядзець на маладзіцу!
Ён прыгледзеўся і сам заўважыў, што сапраўды Маша папрыгажэла, здаецца, нават памаладзела. Ён узлаваўся і вырашыў выжыць яе з калгаса, каб не бачыць, не сустракацца штодзень: можа тады ён хутчэй забыўся-б на яе. Але як зняць яе з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў.
Сустрэўшыся неяк з Машай у полі, адзін-на-адзін, ён спытаў:
— Няўжо ты не разумееш, што нам цяжка працаваць разам?
— Цяжка? — з іроніяй спытала яна, і ён вінавата панурыў галаву. — А мне здаецца, што стала лягчэй. Было цяжка... Але я разумею цябе... Дык вось што... Супакойся і ведай: нікуды я з калгаса не пайду. А паспрабуеш выжыць — скажу Ладыніну, і табе прыдзецца даваць тлумачэнне на партсходзе...
Пагроза такая крыху ўтаймавала яго. Маша працавала добра. Магчыма, нават лепш, чым да замужаства: стала яшчэ больш актыўнай, настойлівай, смела папраўляла яго, старшыню, умешвалася ў работу іншых брыгад, і брыгадзіры слухаліся яе.
Пакутлівыя і абразлівыя пачуцці яго да Машы зніклі нечакана пасля адной размовы, аднаго выпадку, які адбыўся з ім неўзабаве.
Шаройка пасля таго, як яго знялі з брыгадзіраў, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. На патрабаванне Машы ісці на калгасную працу ён прынёс спраўку ад урача раённай больніцы аб тым, што ў яго сардэчная хвароба, і фізічна працаваць яму нельга. Між іншым, спраўка гэтая страшэнна абурыла Ладыніна. На чарговай нарадзе ў райздраве Ігнат Андрэевіч, выступаючы, сказаў урачу, які яе выдаў:
— Я не сумняваюся, Злотнікаў, ды і калгаснікі пра гэта гавораць, што даведачны моцна падмазана шаройкавым маслам. Глядзіце, каб масла; гэтае бруднымі плямамі не выступіла на вашым белым халаце. Скажу шчыра, калі мне ўдасца даказаць ваш брудны ўчынак юрыдычна, размова наша прадоўжыцца ў іншым месцы. Помніце гэта.
Злотнікаў крычаў, кляўся, пагражаў, што ён за абразу прыцягне Ладыніна да судовай адказнасці, але замест гэтага, праз тыдзень перавёўся ў другі раён.
...Шаройка вышаў на працу дакладна на другі дзень пасля таго, як даведаўся, што Маша выходзіць замуж за Лазавенку. Сустракаючы калгаснікаў, амаль кожнаму тлумачыў:
— Думалі Шаройка абібок які. Шаройка ніколі не быў і не будзе ў баку ад калгаса. Адчуў сябе крыху лепш — і вось, бачыце, адразу пацягнула на працу. І дакажу, што Шаройка не развучыўся працаваць. Не, не развучыўся... Не ра-азвучы-ыўся, я табе скажу...
Людзі хавалі ўсмешкі, употайкі хітра падміргваючы адзін аднаму. Сапраўды, Шаройка ўзяўся за работу, як належыць: на касьбе штодзень выконваў па дзве нормы, выклікаў на спаборніцтва маладых.
Максім задаволена жартаваў, ківаючы на яго:
— Аказваецца, што і Шаройку можна перавыхаваць, — і хоць не было ў яго ранейшай павагі да лепшага гаспадара ў вёсцы, але часам ён зноў раіўся з ім, тым больш, што цяпер ён нічога не адважваўся рабіць сам, без парад з боку.
Шаройка лісліва дагаджаў старшыні і настойліва запрашаў яго да сябе. Максім цвёрда вырашыў не паддавацца ні на якія ўгаворы і не заходзіць. Некалькі разоў ён адмовіўся, але аднойчы позна ўвечары Шаройка спаткаў яго каля свайго дома і зацягнуў амаль сілком.
— Не крыўдзі старога, Максім Антонавіч. Справы справамі, а стары друг, як гэта кажуць... На адну хвіліначку... Пасядзім, пагутарым...
У Максіма быў дрэнны настрой, ён зноў бачыў, як ішлі цераз сад Васіль і Маша, і яму не хацелася ісці дамоў, дзе брат штовечар уцягваў яго ў складаныя філасофскія спрэчкі. Хацелася пасядзець ціха, спакойна.
У хаце нікога не было. Шаройка, запрасіўшы госця сесці, адразу падаў яму пісьмо.
— Пачытай, Максім Антонавіч. Ад сынка, ад Федзі. Шэсць лістоў накаціў, як паэт. Званне яму павысілі. Маёр! — ён радасна выгукнуў апошняе слова, выбег на кухню і ўжо за дзвярыма яшчэ раз паўтарыў:— Маёр!
Максім не прачытаў і адной старонкі, як з бакоўкі паважна выплыла Паліна, крыху заспаная ўжо, у прыгожым шоўкавым халаце японскага ўзору, з высокай, яўна паспешліва зробленай прычоскай. Яна ветліва і быццам сарамліва прывіталася і села насупраць на канапе.
— Прабач мне, Максім, што я так сустракаю гасця.
Ад яе пахла нейкімі моднымі духамі, У Максіма ад гэтых пахаў закружылася ў галаве і чамусьці зноў успомнілася Маша, уявілася, як абнімае яе і цалуе Васіль.
Крысо халата адвярнулася і агаліла прыгожае белае калена і карункі сарочкі. Максім зразумеў, што Паліна зрабіла гэта знарок, і ўзлаваўся, адчуў сябе зняважаным. Злосць мацнела, калі яна пачала гаварыць, то гарэзліва іграючы вачыма, то з сумнымі ўздыхамі. Ён ненавідзеў гэтае крыўлянне. І яе ненавідзеў з таго часу, калі пераканаўся, што папрок маці справядлівы. Сапраўды, Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы, і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках, хоць і настаўніца ты... Была-б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Але тады Паліна марыла пра вялікае, шчырае каханне — такое, як у раманах, ды і Машу яна паважала, не дазваляла сумленне перашкодзіць яе шчасцю. Але цяпер, калі Маша замужам... Цяпер можна паспрабаваць прываражыць яго... Здараецца, што каханне прыходзіць пазней, пасля збліжэння...
Читать дальше