Змоўкла песня за ракой — змоўкла і Ліда.
Максім паклікаў яе зноў:
— Лідзія Ігнатаўна!
Яна хутка павярнулася.
— Слухайце, Лескавец, вы прабачце, але мне не спалася, і я чула вашу размову з бацькам.
— А-а, — разгублена працягнуў ён.
— Скажыце, вы сапраўды кахалі яе?
Максім адказаў не адразу.
— Кахаў.
— Дык чаму-ж так атрымалася?
— Не ведаю.
— Не ведаеце? Бедненькі... Усім вядома, аднаму яму не вядома. А зараз?..
— Што зараз? — голас яго стаў халодным і грубым.
— Кахаеце вы Машу?
Ён коратка хмыкнуў.
— Зараз для мяне застаўся адзін успамін...
— Так хутка?
Максім не адказаў. Ліда пачакала яго адказу і, не дачакаўшыся, іншым, хітра-ласкавым, голасам спытала:
— Што вы хацелі сказаць мне, Максім Антонавіч?
Але яго ўжо нельга было злавіць на слове. Ён надзвычай добра ведаў яе характар і яшчэ лепш помніў яе водпаведзь, якую яна дала за Машу зімой, а таму адказаў з іроніяй:
— Што ў вас цудоўны голас і вам больш падышла-б прафесія актрысы, чым настаўніцы.
— Дзякую, — Ліда паднялася. — Пара спаць. Добрай ночы, — і пайшла ў той бок, дзе ў цемры яшчэ тлела чырвонае вугалле вогнішча.
Максім застаўся сядзець на беразе.
На паседжанні праўлення павінен быў абмяркоўвацца план уборкі ўраджаю, і Машы захацелася паслухаць, як будзе вырашацца гэтае вельмі адказнае пытанне ў лепшым калгасе, каб пераняць вопыт і перанесці яго ў сваю брыгаду, у свой калгас.
Паседжанне было многалюднае, як наогул усе паседжанні і сходы ў «Волі». Людзі запоўнілі прасторнае памяшканне новай калгаснай канцылярыі, яшчэ не скончанай, з незашклёнымі рамамі, без дзвярэй у будучы кабінет старшыні, з дзіркамі ў столі і падлозе, дзе павінны стаць грубкі.
Да пачатку паседжання, покуль Лазавенка, Ладынін і Шышкоў пра нешта раіліся, нахіліўшыся над сталом, было шумна; так бывае заўсёды, калі збіраецца многа людзей, якія з'еднаны агульнай працай, агульнымі інтарэсамі, і ведаюць да драбніц штодзённае жыццё адзін аднаго.
Але як толькі Васіль падняўся з алоўкам у руцэ, адразу ўсталявалася цішыня. Маша з гонарам за яго падумала, што ў іх калгасе Лескаўцу заўсёды даводзіцца пакрычаць, каб супакоіць людзей у пачатку сходу. Яна мімаволі залюбавалася мужам. Ён гаварыў спакойна і, відаць, знарок, нягучна — так, што тыя, хто стаяў каля дзвярэй, напружана выцягвалі шыі. Аднак ніхто не крыкнуў «гучней», як гэта звычайна бывае, калі ў прамоўцы нехапае голасу. Усе слухалі моўчкі. Голас Васіля паступова мацнеў, старыя адымалі далоні ад вушэй, ён прачытаў план падрыхтоўкі, зацверджаны на адным з мінулых паседжанняў, месяцы два назад, і каротка расказаў аб яго выкананні — аб рамонце конных жняярак, аб будаўніцтве крытых такоў, аб машынах МТС, якія будуць працаваць на ўборцы.
— Ураджай мы вырасцілі, таварышы, нядрэнны.
— Добры ўраджай, што там казаць! — перапыніў яго брыгадзір Вячэра. Васіль, азірнуўшыся на Ладыніна, усміхнуўся, кінуў Вячэры:
— У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству.
Той у адказ засмяяўся, бо ведаў, чые гэта словы: іх сказаў аднойчы на закрытым партсходзе самому Лазавенку Ігнат Андрэевіч.
— Да добрага ўраджаю нам яшчэ далёка, таварышы.
— Далёка? Бач ты!.. А тое ты ведаеш, што бацькам нашым і не сніўся такі ўраджай, — абурыўся Міна Лазавенка. — Ты скажы, што не заўсёды год такі ўдаецца.
— Не перашкаджай, бацька... Вашым бацькам не сніўся, а нашы ўбачаць яшчэ не такі. І пры тым вырошчваць мы яго будзем у любы год. Але ўраджай наш гэтага года можа стаць у маштабе нашага раёна сапраўды добрым... — Васіль зрабіў паузу, аглядаючы калгаснікаў,— пасля таго, калі мы збярэм яго своечасова і без страт. Высокі ўраджай дабываеце не толькі добрай сяўбой, угнаеннямі, доглядам, але і добрай уборкай. Таварыш Сталін гаворыць, што ўборка — справа сезонная, убраў своечасова, — выйграў, спазніўся — прайграў. Слоў гэтых мы ні на адну хвіліну не павінны забываць. Ні на хвіліну, таварыш Гоман, — паўтарыў Васіль і павярнуўся да брыгадзіра будаўнічай брыгады. Той усхапіўся з месца, як абвараны.
— Зноў за Гомана! Усюды Гоман!
— Шум і гоман! — выгукнуў ад дзвярэй нейкі малады жартаўнік.
Выбухнуў рогат.
Васіль пастукаў па стале алоўкам.
— Адным словам, калі за два дні не будзе скончана будаўніцтва тока ў трэцяй брыгадзе, сапраўды будзе шум і гоман, паважаны Іван Іванавіч. Не забывай на папярэджанне, якое мы табе зрабілі...
— Дай яшчэ адзін дзянёк, Васіль Мінавіч, — выціраючы рукавом лысіну, плаксіва папрасіў Гоман.
Читать дальше