Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. На беразе закрычалі дзяўчаты:
— Лідзія Ігнатаўна!
— Лі-і-да-а!
— Там вір! Назад!
— Плыві назад! Занясе! Ліда! — настойліва гукала Алеся.
Сапраўды, на сярэдзіне яна адчула, што плынь, непрыкметная каля берагу, даволі хутка адносіць яе ад лазняку. Ёй на момант зрабілася страшна, успомніліся расказы аб сударгах у вадзе, аб вірах. Але яна хутка перамагла страх і, даручыўшыся плыні, лягла на спіну, каб адпачыць.
Угары было яснае вячэрняе неба, толькі на захадзе віднелася чарада ружовых хмарак. Яна загледзелася на гэтыя хмаркі і зусім забылася, што пад ёй глыбіня, што яна адна пасярод ракі, далёка ад людзей. Але раптам ззаду пачуліся ўсплёскі вады. Ліда прыпадняла галаву і ўбачыла плыўца, які хутка даганяў яе. Павярнуўшыся, яна пазнала Максіма. Ён хутка набліжаўся, імкліва выкідваючы наперад рукі, але не пырскаючы, толькі дзьмуў на ваду, нібы яна была гарачая. Плыў ён так-жа лёгка і прыгожа, як і працаваў. Параўняўшыся з ёй, ён нерухома распластаўся на вадзе і, здавалася, не варушыў ніводным мускулам.
— Ты — што, у Чорнае мора захацела? Плыві да берага!
Лідзе не падабалася, што ён упершыню звярнуўся да яе на «ты», і яна, нічога не адказаўшы, паплыла далей.
— Ліда! — паклікаў Максім.
Яна не адгукнулася. Цяпер ёй не было страшна, калі побач быў такі плывец, і хацелася заплыць як мага далей, даказаць яму, што плавае яна не горш за яго. Гэта быў своеасаблівы, дзіцячы і смешны, але моцны задор, які штурхае чалавека на самыя незвычайныя ўчынкі, часам гераічныя, а часам недарэчныя і нікому не патрэбныя.
Яна зусім не адчувала стомы. Але плынь сама паднесла іх да берага ў тым месцы, дзе рака рабіла паварот. Тут быў сапраўдны вір, вада закружыла іх і паўз бераг пацягнула назад. Ліда першая выбралася на круты абрыў. Следам за ёй вылез Максім. Мокры купальнік шчыльна абцягваў яе прыгожую постаць.
— Лескавец! Адвярніцеся і бяжыце ўперадзе. Ну! — яна ўзлавалася і ступіла да абрыву. — Я зноў мушу лезці ў ваду. Бяжыце!
Ён нехаця павярнуўся і пакрочыў па пясчанай сцежцы над абрывам.
З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі, абышоўшы бокам белы туман над «старыком». На беразе, каля дубоў, дзе размяшчаліся калгаснікі, гарэлі агні... За ракой у вёсцы мычэлі каровы, гагаталі гусі, і цягнула адтуль смачным дымком. Над дарогай, што вяла з вёскі ў далёкі лес, за якім зайшло сонца, вісела паласа пылу, відаць, прайшлі машыны ці статак.
З таго берага крычалі хлопцы, якія пераплылі туды, відаць, шукаючы іх.
— Ма-аксі-і-ім!
Крык удараўся аб лес і ляцеў назад працяглым рэхам:
— і-і-ім!
Максім рупарам склаў далоні і адказаў надзвычай гучна:
— О-го-га!
Ліда дагнала яго.
— Не аглядайцеся, Лескавец. Бяжыце бягом! Холадна.
Наперадзе пачуліся галасы. Ліда пазнала голас
Алесі і зразумела, што дзяўчаты таксама ішлі іх шукаць. Максім звярнуў са сцежкі і пабег па пожні па-за стагамі і кустамі.
Павячэраўшы, Ліда і Алеся селі на беразе пад дубамі, воддаль ад агнёў, вакол якіх яшчэ весела шумелі хлопцы і дзяўчаты — жартавалі, штурхаліся, спявалі. Яны доўга сядзелі моўчкі, зачараваныя прыгажосцю вечара. З ракі на іх глядзелі зоркі, міргалі, калыхаліся. Унізе пад нагамі лашчылася да берага вада, шуршэў пясок. А над галавой ледзь чутна шамацела лісце дубоў. Ветру не было, але з-за ракі плыло цёплае духмянае паветра, прымешваючы да водыру сухога сена ледзь улоўны, але вельмі знаёмы водыр палёў і больш моцны пах вады, рыбы і ілу. За ракою свяціліся цьмяныя агеньчыкі вёскі, у якой паступова сціхаў вячэрні гоман.
На лузе гарэлі вялікія агні, у чырвоным святле іх мітусіліся дзівосныя постаці людзей. Лёталі кажаны, порскалі коні. Недзе ў «старыку» кракалі качкі.
— Якое хараство! Цішыня... Гукі... Цемра... Агні, — Алеся вымаўляла словы з вялікімі паўзамі і амаль шэптам, нават нейкім таямнічым шэптам.
Ліда не адказвала, ёй не хацелася гаварыць, не хацелася словамі парушаць той незвычайнай урачыстасці, якая напаўняла прыроду і пачуцці.
— У такі вечар, над такой ракою, па-мойму, кожны — паэт. Але хараство гэтае можна толькі адчуць і ўбачыць, напісаць і расказаць аб ім... — яна, відаць, хацела сказаць «нельга», але перадумала і пасля працяглага маўчання з жалем прамовіла: — напэўна, можна, — і ўздыхнула, а праз момант смачна пазяхнула.
Ліда ціхенька засмяялася.
— Чаго ты?
— Калі-небудзь ты будзеш паэтэсай.
— Чаму?
Читать дальше