Хлапчукі забылі на сваё жаданне, зацікаўленыя гераічным учынкам знаёмага чалавека.
Алеся расказала, як вясной сорак трэцяга года ім, сувязным — Машы і ёй, перадалі украінскія партызаны, што гітлераўцы рыхтуюць карную экспедыцыю. Маша была хворая, і вестку гэтую панесла ў атрад Алеся. Падышла, як звычайна, з боку лесу і натрапіла на немцаў; яны занялі ўсе подступы, усе дарогі. Тады дзяўчынка, не доўга думаючы, абышла гэтае вялікае балота і рушыла праз яго, па глыбокай ледзяной вадзе.
Расказвала яна проста, цікава і сціпла. Апавядаючы далей пра блакаду, пра тое, як выходзілі з яе атрады, як пераносілі цераз балота раненых, Алеся павяла піонераў па лагеры, паказвала рэшткі зямлянак, тлумачыла, дзе што размяшчалася: штаб, шпіталь, кухня, майстэрня па вырабу мін. Некаторыя зямлянкі добра захаваліся, асабліва тыя, сцены і столь якіх былі зроблены з бярвенняў; ад другіх засталіся толькі заваленыя ямы. У былы склад боепрыпасаў дзеці змаглі зайсці, і хлапчукі папоўнілі свае знаходкі гільзамі, паіржавелым аўтаматным дыскам і цынкавымі скрыначкамі ад патронаў.
Але самай цікавай знаходкай была гармата, што стаяла на краі лагера, каля рэчкі. Праўда, акрамя ствала і колаў, ад яе больш нічога не засталося, але ўсёадно хлапчукі ад яе былі ў захапленні.
Пасля, калі Ліда абвясціла працяглы прывал і піонеры з радасцю пачалі раскладваць вакол штабной зямлянкі кастры і варыць абед, уяўляючы сябе сапраўднымі партызанамі, — Алеся доўга яшчэ сама блукала па лагеры. На брустверы акопа, у траншэях раслі маладыя бярозкі і асіны; дрэўцы прагна цягнуліся да сонца. Алеся паказала іх Лідзе.
— Вось яна, сіла жыцця... Пройдзе яшчэ колькі год, і цяжка будзе пазнаць, што тут жылі людзі, якія аддавалі ўсё дзеля перамогі, дзеля шчасця народнага... Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Жывым помнікам...
Алеся стаяла, прытуліўшыся да старога дуба, як-бы прыкутая да яго, і глядзела на Ліду дзіўнымі вачыма. Потым, адарваўшыся ад дуба, нахіліўшыся, яна ціха спытала:
— Скажы, у цябе бывае так, калі адчуваеш, а расказаць аб гэтым не можаш?
Ліда падышла, ласкава абняла яе.
— Бывае.
— Праўда? — узрадавалася Алеся. — А Маша не верыла мне, даказвала, што ўсялякае пачуццё можна выказаць словамі, толькі не ўсе іх ведаюць... Глупства! Няўжо і я і ты не ведаем усіх слоў?
Ліда засмяялася.
— Мы з табой яшчэ шмат чаго не ведаем. Пойдзем, Алеся, абедаць.
Адпачыўшы, атрад рушыў далей. Кілометры тры ішлі па зарослых партызанскіх сцежках, праз някрануты гушчар. Вышлі да хаты лесніка і адтуль па праторанай лясной дарозе з шырокімі і глыбокімі аўтамабільнымі каляінамі накіраваліся да помніка партызанам, што загінулі ў баях у гэтым лесе.
Помнік — высокі цэментавы абеліск — стаяў на ўскраіне старога бору, недалёка ад вёскі Клёны, якая праз увесь час акупацыі была партызанскай. Магутныя сосны-прыгажуні шумелі над помнікам, быццам расказвалі героям, якія назаўсёды заснулі, пра тое, што робіцца навокал. А высокім соснам далёка відаць прасторы роднай зямлі!
Піонеры, наблізіўшыся да помніка, прачыталі на мрамарнай пліце прозвішчы партызан. Першым было выбіта прозвішча чалавека, якога ўсе дзеці ведалі і помнілі:
ЛЕСКАВЕЦ АНТОН ЗАХАРАВІЧ
Дзяўчынкі пайшлі ў поле, збіралі ў разорах, на краі пасеваў кветкі і плялі вянкі, каб палажыць іх на магілу партызан. Хлопцы, якія, здавалася, раптам на шмат год пасталелі, — сталі паважныя і сур'ёзныя, — пачалі рамантаваць агароджу вакол помніка. Яны больш не шумелі, не смяяліся, нават перамаўляліся амаль шэптам.
Ліда і Алеся стаялі каля агароджы. Алеся доўга не зводзіла позірку з помніка, і прыкметны смутак стаіўся ў яе карых вачах.
— Цудоўны чалавек быў Антон Лескавец. З вялікім сэрцам. Шчыры чалавек... Помню, як ён узрадаваўся, калі я першы раз прышла ў лагер. Ажно слязу змахнуў, a потым засмяяўся. «Дык гэта ты, кажа, тая самая малодшая Кацубіха, якую я летась зачыняў у свірне?» Быў гакі выпадак. Злавіў ён нас, траіх дзяўчынак, у калгасным садзе і зачыніў у свірне. Пагразіў, што і начаваць будзем там, з пацукамі. Каця Акуліч, помню, плача, а я смяюся і прыпеўкі спяваю. Хутка ён прышоў і доўга, як дарослым, расказваў нам, што такое калгасная маёмасць і як яе трэба шанаваць...
Алеся задуменна памаўчала і раптам спытала:
— Скажы, чаму дзеці часам бываюць не падобныя да бацькоў?
Ліда адразу зразумела, каго яна мае на ўвазе і адказала такім-жа нечаканым пытаннем:
— Значыцца, па-твойму, Максім дрэнны чалавек?
Читать дальше