Маша, як паднялася, так і стаяла, прытуліўшыся плячом да сцяны. Слухала і адчувала, што ўсё раўней і раўней б'ецца яе сэрца.
— Адным словам, я з радасцю даў ёй рэкамендацыю, я першы і прапаную — прыняць аднагалосна, — нечакана скончыў Міхей.
Ладынін усміхнуўся з гэтага «прыняць аднагалосна», але больш, відаць, ніхто абмоўкі не заўважыў, бо ні ў каго, мабыць, і думкі не было, што можна не галасаваць за яе прыём.
— Сядай, Маша. Чаму ты стаіш? — ласкава сказаў Ладынін.
Выступіў Васіль Лазавенка. Ён гаварыў аб яе рабоце ў калгасе ў пасляваенны час і асабліва ў апошнюю, вясну, аб яе клопатах за ўраджай, за ўздым калгаснай гаспадаркі, аб яе агратэхнічнай вучобе. Маша слухала і здзіўлялася, скуль ён ведае такія падрабязнасці аб яе брыгадзе.
Калі ён скончыў гаварыць, інструктар райкома спытаў:
— З Статутам партыі пазнаёміліся?
Яна зноў паднялася, як на экзамене, адказала коратка:
— Так, — але падумаўшы, паправілася. — Вывучыла.
— Можа старшыня хоча сказаць? — кіўнуў Мяцельскі Максіму Лескаўцу.
Ён падняўся, зрабіў паузу, кашлянуў, быццам рыхтаваўся да доўгай прамовы, а сказаў усяго тры словы:
— Падтрымліваю поўнасцю. Вартая.
Больш не ведаў, што сказаць. На яго моцнае ўражанне зрабіла выступленне Вячэры. Ён адчуў раптам, што ў яго знікла злосць на Машу, якую ён непрыемным цяжарам насіў апошні тыдзень, пасля выпадку з сядзібамі.
Машы нават крыху крыўдна стала, што ніхто не спытаў, не задаў пытанне з гісторыі партыі або Статута, нават не папрасілі расказаць абавязкі члена партыі.
Калі галасавалі, яна не падымала галавы. Ёй здавалася, што глядзець няёмка: а раптам хто не пажадае падняць рукі?
— Прынята аднагалосна!— абвясціў Мяцельскі, і Маша ўздрыгнула ад нечаканых воплескаў, і зноў закалацілася яе сэрца, загарэліся шчокі. Яна не ведала, што рабіць у такіх выпадках і яшчэ ніжэй апусціла галаву.
Пасля прыёму слухалі Гольдзіна. Ён гаварыў доўга і хітра: больш аб чужых сельпо, чым аб сваім, — каб давесці, што ў яго справы не горш, чым у другіх. На самай справе, непаладкаў у яго рабоце было нямала. Таму Ладынін і вырашыў паслухаць яго, як комуніста, на закрытым партыйным сходзе.
Ніякія хітрыкі Гольдзіна не дапамаглі — крытыкавалі яго моцна. Абмеркаванне праходзіла весела: Вячэра, Косця Раднік, Лазавенка і Лескавец расказалі нямала цікавых выпадкаў. Гольдзін выціраў пот, ёрзаў, занатоўваў нешта ў блакнот і раптам перапыняў таго, хто выступаў:
— Чакай! Зусім гэта не так. Што ты мне расказваеш! Любі праўду! — і сур'ёзна дапаўняў такія дэталі, якія выклікалі агульны смех. Толькі Ладынін у такіх выпадках хмурыўся: ён угледжваў у гэтым чарговую хітрасць Гольдзіна — жартачкамі адхіліць ад сябе крытыку.
Машы таксама вельмі хацелася сказаць аб рабоце сельпо і асабліва крамы ў Лядцах, але яна не адважылася.
Максім быў на кані, і таму адразу пасля сканчэння сходу вышаў, ускочыў у сядло і паехаў, нічога ёй не сказаўшы.
Мурашкі ў той вечар на сходзе не было. І Маша нават узрадавалася, што будзе ісці дамоў адна; ёй хацелася пасля такой незвычайнай падзеі пабыць адной, каб даць прастор сваім пачуццям і марам. Яе не палохала, што была ўжо гадзіна ночы. Каб ніхто не запрасіў паначаваць ці не прапанаваў правесці, яна непрыкметна, пакуль комуністы тоўпіліся вакол стала, вырашаючы з Ладыніным і Байковым розныя бягучыя пытанні, вышла і амаль уподбег, цераз сад рушыла ў бок Лядцаў.
Яна выходзіла ўжо з саду, калі яе дагнаў і прымусіў уздрыгнуць ціхі голас:
— Маша!
Яна павярнулася.
— Васіль!
Ён падышоў і адразу моцна паціснуў руку.
— Віншую, Маша. Ад шчырага сэрца. Ведаеш, я двойчы перажыў гэтую радасць калі самога мяне прымалі і сёння... за цябе...
— Дзякую, Вася.
Дзіўна, але ў яе раптам знікла жаданне пабыць адной. Наадварот, цяпер захацелася прайсці разам з ім, расказаць яму пра свае пачуцці, падзяліцца вялікай радасцю.
Яна ціха засмяялася.
— Ведаеш, я вышла, і мне здалося, што ў мяне выраслі крыллі, і я ўзнялася і паляцела... Як ты толькі дагнаў мяне?
Ён адказаў жартам:
— Мусіць, у мяне таксама крыллі выраслі.
Хвіліну прайшлі моўчкі, відаць, кожны чакаў, што
скажа другі.
— А гэта ты цудоўна сказала — аб крыллях. Уступіўшы ў партыю, сапраўды нібы набываеш крыллі для арлінага ўзлёту. Скажы, ты думаеш аб нашым заўтрашнім дні?
— Думаю.
— Сёння мы з Ігнатам Андрэевічам хадзілі і марылі, якімі стануць нашы палі праз некалькі год. Якія ўраджаі ў нас будуць!
Читать дальше