* * *
Пра кедры ліванскія (як хораша!), чаго я калісьці дарма шукаў у «Песні песняў», якраз у Псалтыры, i неаднойчы.
I ад Псалтыра ўражанне блізкае, як i ад «Іліяды», у адным,— паэзія была заўсёды, od zarania wieków [ 22 22 Ад зары стагоддзяў.
].
Яшчэ раз дзякую табе, белая плеценая карзіна на нашым гарышчы! Адтуль i радкі з «Адысеі», якія жывуць ва мне ад Мішынага захаплення, у ягоным голасе. Вось i сустрэўся адзін з ix:
Ели прекрасное мясо и сладким вином утешались...
I такое акрэсленне прыстойнай чалавечнасці, што падкрэсліваю:
Дикий ли, нравом свирепый, не знающий правды,
Или приветливый, богобоязненный, гостеприимный.
Тут ужо не пра Мішу падумалася, а пра Жукоўскага. На адвароце тытула значыцца: «Перевод с древнегреческого». A чытаў жа я, што ён перакладаў з нямецкага перакладу. I гэта дапамагае мне думаць пра чалавечую, міжнародную агульнасць.
I прелесть рускай мовы ў высокаадукаванага «незаконнага» сына рускага барына i палоннай турчанкі. Яго таленавітасць, працавітасць.
А тут i вобраз прыгоннага Шаўчэнкі далучаецца, з красою i сілай — зноў жа чалавечнасці.
* * *
Як састарэлы завочнік, ліквідую свае «хвасты»,— ад Гамера перайшоў да Вергілія.
* * *
Пісаць для сябе. Можна так дапісацца, што цікава будзе толькі самому сабе.
* * *
Стары шляхцюк, калісьці вясковы, расказвае: «Я ўзяў дзяўчыну i пайшоў танцаваць...» Не так, каб запрасіў i пайшлі. Што ж — Я!..
* * *
Прачнуўшыся ў дзве гадзіны ночы, гартаў яго шыкоўны том 1987 года выдання. Зноў было адчуванне, што i яму, Максіму, я не дадаў таго, што павінен быў на апошнія дні — больш увагі, i не толькі па тэлефоне. Дарэчы, званіў яму ў папярэдні прыезд у Мінск, у ліпені, i ён сказаў мне тое, пра што потым, выступаючы на паніхідзе, гаварылі Шамякін i Зуёнак,— пра адчуванне, што да традыцыйнай вераснёўскай публікацыі ў «Полымі» ён не дажыве. Сказаў таксама, што напісаў казачку дзецям, здаецца, пра вожыка, i ў голасе ягоным зразумела адчулася радасць патрэбнасці. I атрымалася з гэтым нібы развітальная усмешка.
Гаварылася пра яго на паніхідзе як пра паэта вялікага. Я — з тымі, хто адчуваў гэта даўно, i я зноў з прыкрасцю думаў, як цянер некаторыя з нашых свянцаюць адзін аднаго эпітэтамі «апостал», «геній»... Том ягоны гартаў, што асвяжаючы ў памяці, толькі ўбачыўшы на старонцы, а што i перачытваючы. Адчулася, што не процьма ягоных урадавых узнагарод патрэбна, бо застанецца тое, што застаецца ад сапраўднага літаратара, што не сам ён, a людзі называюць i потым назавуць вялікай паэзіяй.
Гартаючы, перачытваючы сёе-тое, спачатку здзіўляўся: хто ж гэта адкрэсліваў на палях мясціны, якія на той час бачыліся яму найлепшымі? Здагадаўся па почырку ў адным слове, што гэта Калеснік, які, быўIIIы ў Мінску, пазычаў гэты том у гасцініцу, рыхтуючыся да тэлеперадачы пра Максіма. Адчуў яго, Валодзеву, нязменную, даўнюю любоў да Танкавага слова. I сум адчуў, што потым сказалася Сашу Дракахрусту,— у нас ужо, апошнім часам, не падчыстка лесу, а проста бязлітасны лесапавал. Трошкі больш як за паўгода — Калеснік, Панчанка, Танк... Божа мой, хлопцы, што ж вы робіце?!
* * *
Пасля Адамовіча i Панчанкі ў Танка яшчэ больш раскошная казённая труна: белая, з «пазлацанымі» ручкамі, глыбокая ды шырокая, як наменклатурны санаторны «люкс», з карункамі па краях усярэдзіне, нібы для прынцэсы, а не для байца. Успомнілася Тувімава:
Przywróć nam trumny z polskiej sosny! [ 23 23 Вярні нам труны з польскай сасны!
]
У тым сэнсе яно тут, што габляваныя дошкі з нарачанскай сасны былі б раднейшыя роднай зямельцы. Аднак начальству,— а яно ж было зноў, як у Панчанкі, ca сваімі здаравеннымі ахоўнікамі немаведама ад каго,— начальству гэтак зручней: выправіць з жыцця за бюджэтны кошт, чым перад гэтым падумаць пра людскае, дасгойнае вялікага паэта i грамадзяніна дажыванне.
* * *
Відаць, таксама ў пэўнай сувязі з Максімавай радасцю ад нараджэння ў старэчых пакутах яшчэ адной яго светлай дзіцячай казачкі, успомніў вясковага белага, чорнагаловага цюцьку i малую Насценьку. Новая дружба нарадзілася ў вялікім свеце! У адну з раніцаў, калі малая яшчэ спала, а шчанюк быў адзін на панадворку, яму загадкава для мяне захацелася ў пусты кошык пад лаўкай каля плота, i ён залез у яго i ўсё масціўся там, шукаючы найзручнейшага месца. Ад суму адзіноты.
Пакуль я не быў у вёсцы, па малако хадзіла Ніна, i ўранні, i апоўдні. I апоўдні шчабятунка Насценька недаўмявала перад ёю, чаго гэта яе сябрук, калі яна што-небудзь есць, усё гаўкае на яе. Бабуля, яшчэ больш бабулістая за сваю, ледзь не казачная, растлумачыла малой гэтае гаўканне: спачатку злоснае, што з ім не дзеляцца тым, што самі ядуць, а потым, калі падзеляцца ласункам, удзячнае. Хораша мне расказала пра гэта, i ў гэтым у нас, старых, сваё шчасце.
Читать дальше