Збожжа — у засеку, збажына — у полі. Так гэта мне ўбачылася днямі.
Улетку пяцьдзесят чацвёртага я наведаў Валодзю Калесніка ў Бабруйску i, пакуль нам выбрацца на Беразіну («Званочкі» ў цыкле «Пад гоман вогнішча»), сядзеў на выпускных экзаменах у ягоным настаўніцкім інстытуце, дзень ці нават два.
Прыгожанька-чарнявенькая выдатніца, яўрэечка, здзівіла ды збянтэжыла строгіх педагогіцаў сваёй — ніколі не бывалай — непадрыхтаванасцю... I тут, як разрадка, прагучала Валодзева: — Пабойцеся Бога, жанчыны мілыя, яна ж учора выйшла замуж!..
Сказалася гэта, калі тая, да слёз расхваляваная маладзічка, выйшла.
* * *
Двойчы такое адчулася ці падумалася:
Першы раз — пасля страшэннага ветру пад вечар, калі затым хлынула навальніца, а тады настала цішыня. A другі раз — сёння, пасля начнога шчодрага дажджу:
Цішыня як быццам сарамліва-нявінная ды ласкавая, на шчасце жыць.
Можа, i паўтараюся, аднак жа i такое ўсё паўтараецца бясконца,— тры агародныя сонейкі рамонку, большыя за палявыя ды лугавыя, выстаялі начны дождж i хораша стаяць сабе ў мілаце ранне-ранішняй цішыні.
* * *
Юрка Віцьбіч, «Плыве з-пад Святое гары Нёман». Добра, сур'ёзна, а потым i праступае сям-там эмігранцкі звышпатрыятызм. У акупацыю, апынуўшыся ў разбураным немцамі Віцебску, ён прысеў на ганку «спаленай бальшавікамі хаты»; далей — «наступ расейска-мангольскай арды» ў 1920 годзе, як, дарэчы, пісалі i пілсудчыкі; пасля «забіты бальшавікамі Пэн», «закатаваны ў 1941 годзе наш выдатны Змітрок Бядуля»...
Але ж, аддаючы належнае Коласу, ён узняўся да такога:
«Дарэчы, а можа, хто-небудзь з нашых праведнікаў прыгадае, што Якуб Колас двойчы сталінскі лаўрэат? Пэўне ж яны не маюць аніякіх грахоў, калі кідаюць камяні ў нашага народнага паэту».
«Праведнікаў» падкрэсліў я.
* * *
Гамерава сіла i вобразнасць слова, якія даходзяць радасна з такое далечы гадоў:
«Длиннотенные копья». «Мясо божественной солью посыпав». «Гнев душевредный». «Прекрасноланитная дева». «Черноводный ручей»...
* * *
З нашым чым болей, то ўсё горшым радыё i тэлебачаннем, слухаючы навіны, з сумнай прыкрасцю ўваходжу ў атмасферу брэжнеўскіх дзён. Калісьці той «другі Ільіч», а сёння першы Рыгоравіч падаюцца таксама шчодра, нягегла вар'іруючы імя ды па бацьку, каб трохі лягчэй глыталася...
* * *
Тыдзень у польскай прэсе. Асабліва змястоўная «Polityka», калісьці, помніцца, сухаватая ў польскім варыянце марксізму.
Свабода самакрытычнасці: «...Му sami nabzdyczeni i skłóceni...» [ 21 21 «...Мы самі панадзіманыя i перасвараныя...»
]
Па-свойму праявілася гэтая «набздычанасць» у запавеце Пілсудскага за тыдзень да смерці. Сэрца пахаваць у Вільні, «дзе ляжаць мае жаўнеры, што ў красавіку 1919 года мне, як правадыру, Вільню падарункам кінулі над ногі». Усіх, хто любіў яго, «заклінаю даставіць астанкі маёй маці з Сугінтаў Вілкамірскага павета ў Вільню i (тут зноў варта падкрэсліць) пахаваць матку найвялікшага рыцара Польшчы нада мною. Няхай гордае сэрца ў нагах гордай маткі спачывае».
* * *
Радыёперадача пра аб'яднанне маладзечанскіх украінцаў «Краяны».
Нечакана чыёсьці добрае слова пра Генадзя Каханоўскага. I так небывала хораша ўбачылася высакародная, шчырая ўсмешка гэтага слаўнага хлопца, выдатнага работніка адраджэння.
Як быццам толькі так, здалёк, можна адчуць нашу страту, чаго па-сапраўднаму не адчулася (мною), кал i ён адышоў.
* * *
Паліцаі ішлі па загорскай вуліцы, i адзін з ix, цяльпук з суседняй вёскі, накіраваўся ў наш двор. Віліта, што была якраз у нас, толькі што мама пакарміла яе, шыбанула на печ, пад плёнкі цыбулі, яшчэ i накрыўшыся чымсьці. А было ёй тады, як маёй маладзейшай, сорак сем, i абодва сыны ў партызанах.
Калі той вялы «бобік», прысеўшы на лаве, спытаўся ў мяне, нібы між іншым: «Ну, дзе ж цяпер твае пляменнікі?», я, для адводу, вылаяўся, у тым сэнсе, што а чорт ix ведае. Вылаяўся пры маме — упершыню ў жыцці, на сваім дваццаць сёмым годзе. Было вельмі прыкра, ледзь не таксама, як боязна за сястру, i прыкра помніцца дагэтуль...
Днямі ўспомніў гэта, калі гаварылі з Нінай, якія абазнаныя ў гэтым нашы ўнукі — не з дому, а са школы ды з вуліцы,— а як строга выхоўвалі нас. Пасучы каровы, я вылаяўся на адну з ix, адганяючы ад аўса за драцінай, i тут убачыў воддаль нашу Віліту. Не з намі ж яна жыла, амаль у другім канцы вёскі, аднак мне верылася, што яна вось пачула мой крык i абавязкова скажа пра гэта маме. Баяўся вечара, а потым рады быў, што сястра ці не пачула, ці забылася сказаць.
Читать дальше