* * *
Ранак быў учора, як i ўвесь дзень пасл£, прыемна i здорава прахалодны, часамі зусім на грані дажджу.
Да снедання, на праходцы каля гасцініцы не вытрымаў — спытаўся ў дзвюх жанчын, якія ішлі з букетам! півоняў у бок белай царквы на ўзгорку, што ж гэта за свята сёння, апроч нядзелі? Бо мы з сябрам ледзь не паспрачаліся, што гэта сёмуха. Але адна з жанчын здзівілася бяззуба-весела: «Як якое? А шасцьсот гадоў Карэлічамі»
I нечакана спыталася, ці ж гэта я, i здзівіла расказам, што яна — выпускніца Валеўскай школы з лета пяцьдзесяг восьмага, калі я з сям'ёю летаваў у свіцязанскім лясніцтве i сустракаўся з імі, найстарэйшымі школьнікамі.
«Памятаеце, вы ж нас, дзяўчат, пыталіся, ці ёсць у нас па хлопцу, з кім сябруем?..»
Падзівіліся разам, як даўно гэта было. I не спь:таўся, як жа яна так апрасцілася, да бабскай бяззубасці, дзе жыве i што робіць
На леташнім свяце пяцідзесяцігоддзя вызваленні нашага раёна з-пад акупацыі мы з сябрам не бачылі аніводнага бел-чырвона-белага сцяга, а тут — i на адкрыцці памягнага знака, i на мітынгу на плошчы перад домам райвыканкома,— яны былі. Яшчэ, здаецца, больш, чым учора ў Міры.
Адзін юнак, калі адкрывалі ды асвячалі знак-валун, стаў са сцягам за мною, i прыемна падумаласг, ці не ведае ён мяне, ці не спецыяльна так зрабіў.
Выступаючы, я гаварыў пра наш цудоўны куток Беларусі, пра Стотысячную Грамаду, як мой першы ўспамін пра змаганне за родную мову, i пра тое, як мы, вясковая моладзь, змагаліся за гэта потым, у трыццатых, спектаклямі, кнігамі, песнямі, i пра партызанскія дні, калі наш падпольны друк быў на роднай мове. Пажадаў настаўнікам i дзецям родных мясцін поспехаў у родным слове, «каб жыла i квітнела наша мілая Беларусь!».
Глядзелі ў парку выстаўку народнай творчасці. Аплікацыі, рознакаляровыя, узорыстыя дзяругі-перабіранкі, разьбу па дрэву, жывапіс ды малюнкі. Цікава ўсё гэта, аднак зашмат яго на адзін раз ды мімаходзь аглядаючы.
Там разануў па душы з эстрады ў засені высокіх дрэў бойкі голас вядучага выступление мастацкай самадзейнасці:
«А цяпер будзе выканана песня, як выдаць замуж гарбатую дачку!»
Фальклорнае жорсткае хамства, калі падумаць, што i ў гэтым шматлюддзі на паркавых схілах i ў даліне можа быць хоць адна такая няшчасная або хтосьці з родных такое...
* * *
Летась, на святкаванні вызвалення раёна, наваградскі партызан, яўрэй Гарэлік, расказваў мне пра сваю дружбу з Гаўрыілам Шутэнкам, пра тое, як тэты пакутнік i пры сваёй слепаце займаецца майстраваннем. Сказаў нават, што ён што-небудзь са зробленага прышле мне. Думалася потым: ну, пагаварылася. A ўчора мне ў Карэлічах перадалі пакуначак. Там разгарачкакалодачка i ўбітая ў яе малюсенькая сякера. А на паперыне, пяць на пяць сантыметраў, на адным баку паэтаў адрас, а на другім малюнак: сякера ў калодцы, паміж двума чатырохрадкоўямі:
Топорики, топорики,
Помощники мои,
Вас мастерю во дворике,
Где я да воробьи.
Сверкнул топорик лезвием,
Вонзился в твердый сук.
С моею новой песнею
Прими на память, друг.
Так вось у навобмацнай вечнай цемры былога франтавіка-разведчыка.
A вераб'ёў мне захацелася падкрэсліць.
* * *
Ружы на шырокім кусце не толькі дружна расцвілі, але яшчэ i хораша памыліся пад спорным дажджом. Якое свежае, перадвячэрняе свята!
* * *
A ці будзе каму расказаць пра свет, з якога ты прыйдзеш у другі, які ён — сённяшні наш — прыгожы?..
* * *
Волечка прывезла сюды «Кароткую гісторыю Беларусі» Ластоўскага i «Историю культуры древней Греции и Рима». Пра першую прызналася, нядаўняя васьмікласніца, што цяжка чытаецца. I не скажаш што-небудзь у апраўданне, бо мы i сапраўды апошнім часам навалілі на вучнёўскія галовы сваё беларускае разнамоўе, з якім i сталаму, вопытнаму бывае нялёгка спраўляцца. Другую кнігу яна пачала чытаць выбарачна i вось пазычыла дзеду, які разныўся ад беспрацоўя. Таксама не надта легка чытаецца ў пана Казімежа Куманецкага, хоць пераклад i культурны, i мяне часам цягне да выбарачнасці, аднак — трымаюся.
Пачынаючы, успомніў Валодзю Калесніка, які любіў i ведаў антычнае, узяўшы старт у наваградскай польскай гімназіі. А таксама i Мішу ўспомніў, які зачытваўся Гамерам у перакладзе Жукоўскага яшчэ школьнікам. З чым я сябе не магу павіншаваць, i дагэтуль яшчэ абедзве паэмы цалкам не прачытаў, яшчэ ўсё збіраюся...
Стагоддзі, тысячагоддзі — ажно сцішната цікавасці i захаплення. Ведаю ж гэта i я,— скажам, па Прусавым «Фараоне», па Манавым «Іосіфе i яго братах». Грэцыя — менш, Рым таксама. «Quo vadis?» разоў два калісьці пачынаў i спыняўся на палавіне, заглянуўшы ў канец. А трэба ж, трэба ведаць багацце мінулага, i адтуль, з тых бяздонных глыбіняў часу, беручы вымярэнне напрамку.
Читать дальше