* * *
Акно мае, гарышчанскае, увесь дзень адчынена. На ноч збіраюцца ў пакой матылікрапіўніцы, з маленства прывычна-любыя, так звычайна прыгожыя. Ліпяць цёмнымі трохкутнічкамі на белай столі, два, тры i больш. На ноч акно я амаль зусім шчыльна зачыняю, каб не наляцелі на досвітку камары ці мухі, а то яшчэ горш — шэршні. A ўранні, адчыніўшы акно на свежасць, асцярожна паказальным i сярэднім пальцамі здымаю сваіх начлежнікаў з белай прасторы i выкідваю на волю. Яны адразу, нібы ажыўшы ці прачнуўшыся, лятуць над кустамі шыпшыны ў кветках, над травою двара, на фоне ліпавай лістоты ў сонцы, а мне бывае i боязна: ці не зарана праганяю, ці не холадна яшчэ, усё-такі палавіна жніўня.
* * *
Танк неяк даўно казаў, што Багдановіч пісаў адразу выбранае. I тут гэта не зусім справядліва: каб Багдановіч пажыў даўжэй — было б i для адсеву, бо i ў тым, што ім напісана, сёе-тое магло б i ў адсеў пайсці.
У Танка адсеву хапае, ён i сам займаўся ім пры перавыданнях. Аднак... Шчаслівае аднак! — у яго такое багацце адборнага зерня, што мякіна, якая адвеялася, бачыцца тым часова неабходным, што павінна адслужыць i адысці, як i ў спрадвечнай, вечнай малацьбе i веянні.
У Пількаўшчыне яго пахавалі ў нагах матчынай магілы. Пачуўшы гэта, я адразу ўспомніў, што ўжо i дваццаць чатыры гады, як мы з Піменам давалі Максіму з Масквы (нават з Крамля, бо са з'езда пісьменнікаў) спачувальную тэлеграму.
* * *
Пра смерць Георгія Папова мне пазванілі неўзабаве пасля Максімавага ад'езду на пахаванне ў родную вёску. I такая стомленасць душы была, што ўжо i моцы на новы жаль не хапіла. Аднак на паніхідзе я палічыў абавязкам выступіць пра яго — i з удзячнасцю за пераклады, i пра яго чалавечую годнасць, i пра людскасць гэтага светлага, шчырага рускага сябра.
А дахаты ледзьве ішоў.
* * *
«Strou und Holz» [ 24 24 Салома i драўніна (ням.).
]. Так гаварылі нам, палонным, з пагардай пра нашы вёскі старэйшыя баўэры, якім у першую сусветную вайну давялося пабываць у Беларусь
Саламяныя стрэхі, сухенькія зрубы вельмі «дружна» гарэлі ў другую сусветную — разам з людзьмі.
Сухое гарохавінне i мноства сухіх галінак, якім быў абтыканы наш гарох, палыхнула так моцна, высока i ў шырыню, што полымя папаўзло па высахлай, даўно без дажджу, траве, а нас, унукаў i дзеда, адагнала ў бакі ад любага відовішча.
I тут я зноў адчуў злавесную сілу таго, ваеннага, генадыднага полымя,— «Strou und Holz»,— i сказаў гэта ўнукам. Im трынаццаць, пятнаццаць, дваццаць пяты,— такія таксама душыліся ў дыме i полымі...
* * *
Засеў у памяці радок Бранеўскага:
Gryzą ziemię moi najmilsi... [ 25 25 Грызуць зямлю мае наймілейшыя...
]
Хоць i салдацкае гэта, пра сяброў-аднапалчан, а ўсё ж не толькі суровае, але i больш чым з натурализмам...
* * *
«У беларусаў баяцца залятання птушкі ў дом: гэта ўспрымаецца як прылёт душы продка па яшчэ адну душу. Найбольш з іншасветам у народнай свядомасці была спалучана зязюля».
Зязюля да мяне яшчэ не залятала. А вось пішу i адчуваю ў правай жмені спалохана-трапяткую маленькую душу маладое ластаўкі, відаць, з таго гнязда, што ў вільчыку шчыта над маім акном. Тыдні са два таму назад яна, свавольніца, памылкова ўляцела ў мае акно на гарышчы i пачала адчайна шалпатацца ў верхнюю, папярэчную шыбіну, пакуль не выпырхнула радасна з маёй рукі на сонечную волю.
А Таня Шамякіна, якую працытаваў, разумніца, хораша чытаюцца ў «Родным слове» яе міфалагічныя даследаванні.
* * *
Ганьбіць пацыфізм, пацыфістаў — гэта ў нас яшчэ савецкае, рэцыдыў таго часу, калі ўсё, што не з чатырох барадата-вусатых галоў, асабліва не з апошняй у гэтай профільнай квадрызе, тое варожае, яго трэба бэсціць.
А ён, Алесь Адамовіч, як быццам часамі апраўдваўся, выкручваўся ад гэтага высакароднага звання. Хоць i змагаўся за мір («не забі чалавецтва!»), хоць i мяне папікаў, што ў другім варыянце «Птушак i гнёздаў» я дарма, на шкоду кнізе залішне абтрэсваўся ад свайго юнацкага пацыфізму.
* * *
«Першае саборнае пасланне святога апостала Петры».
Пачынаю чытаць, i вяртаецца мае даўняе недаўменне: як гэта ен мечам адсек вуха нявольніку,— толькі вуха, не зрабіўшы з маху большай шкоды, не крануўшы пляча, ключыцы? Трэба ўмець!
У Мацвея, Марка, Лукі з мечам быў «адзін з тых», што суправаджалі Хрыста, i толькі Ян піша, што гэта быў Петра. Ахова? I хадзіў з мечам, i на тайнай вячэры з мечам сядзеў,— дзіўна гэта, як быццам упершыню пра яго падумаўшы...
I чаму нават у Сёмухі — Лука, а не Лукаш? А Ян што — католік? А Лука — праваслаўны?
Читать дальше