Аднак жа цяжка ўявіць, як гэта мне не чытаць.
Хоць яшчэ цяжэй, страшней, прыблізней уяўляецца i такое заканчэнне працоўнага жыцця, у якім пакутуюць, кожны па-свойму, i старэйшы — Мікола Ермаловіч, i маладзейшы — Віктар Карамазаў, слаўныя хлопцы, якім пры сустрэчы можна толькі бездапаможна паспачуваць...
* * *
Ніяк не адвыкну спяшацца жыць, хоць ужо дарэчы як мага больш прытарможвацца, разумна карыстаючыся мудрасцю — даражыць кожным днём. Ну, адбуду кангрэс ПЭН-цэнтра, вярнуся яшчэ на месяц сюды, потым — у Мінск, i што — ужо не трэба, не варта будзе спяшацца?.. Разоў колькі ацверажаў самога сябе: ну, тут табе сумна ці нудна, a калі б ты быў цяпер у горадзе, дык што? Ад самога сябе не ўцячэш, i там будзе агідная злоба дзён, бездапаможная паныласць, самаедства. I будзеш, чаго добрага, як i бывала раней, успамінаць i гэты стол у вялікім спакоі, над якім было шчасце працы, глыбейшага роздуму, удзячнага захаплення жыццём...
* * *
Едучы з Мінска, узяў толькі дзве кнігі — тамы апавяданняў Бядулі i Галсуорсі, не больш, каб не было куды хавацца ад работы.
...Набядуліўся да пачатку пятай гадзіны. Пасля «Абразкоў» — апавяданні пайшлі цікавей. Казалі ці нават пісалі недзе, што ён быў пад уплывам Стэфаніка. Я к быццам яму, па-свойму таленавітаму, не хапала горкіх сюжэтаў у нашым жыцці. Добрая мова, нямала ёмкіх, новых для мяне слоў, пачутых ім у родным наваколлі, i сакавіта-вобразных сказаў: «Вароны пачалі крычаць i крыліцца над зялёнай елкай», «тпрукнуў на каня i затуманіў люльку», «па пяцьдзесят капеек за аблізаны пудзік сена», «разнарослыя дзеці», «пыпкаць люльку», «казеліць вочы»... Нямала адчуваецца i роднага яму яўрэйскага, асабліва ў вершах у прозе, імпрэсіях, абразках, хутчэй узятага з кніг, чым пачутага.
Шчырая прыхільнасць да абяздоленых. I столькі надрыву, безвыходнасці!..
...Дзіўная ўсё-такі гэта з'ява — Змітрок Бядуля ў нашай літаратуры. Ажно ў яго Пасадзец захацелася, каб па нейкіх там рэштках мінулага яшчэ раз адчуць дзіўнасць такое з'явы. Ну, i ў той домік, што звязаны з яго сяброўствам з Багдановічам, даўно ўжо трэба было б заглянуць.
Успомніліся над кнігай Танк i Васілёк, Максімаў смех у рэдакцыі «Полымя», пасля сустрэчы дома з Міхасём, які ў яго i начаваў:
— Як расплачацца пра сваю долю — уся «Наша ніва» перад табою!.. Не дзіва, што i ў нашага першага Максіма тады з'явілася:
Кінь вечны плач свой аб старонцы!..
...На польскай баначцы з pastą do obuwia [ 27 27 Крэм для абутку.
] намалявана была прыгожая цыганачка ў чырвонай блузцы. Гэта мне абудзіў у памяці бядулеўскі Сцяпанка з «Велікодных яек», якому дзядзька салдат падараваў «бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў» з дзівосным, як здавалася хлопчыку, малюнкам. Польскае puszka, баначка, у Пасадцы на пачатку севера-западнага стагоддзя. A такія ж скарбы i мяне хвалявалі ў вясковым маленстве.
Столькі часу не ведаць пра такое апавяданне!..
...«Умарыўся», «Чараўнік», «Летапісцы» — таксама сапраўднае. Нездарма ж, відаць, мяне пацягнула да яго «малое прозы» ад недаравальнага верхаглядства.
...Вячэрняе, пры светлай лямпе.
Ужо калісьці, здаецца, запісваў гэта, пачутае ад Таўлая. Як ён, захоплены чытач роднай літаратуры, васемнаццацігадовы паэт-рэвалюцыянер, якога з Заходняй у Мінск «зялёным шляхам» прыслалі падвучыцца, увосені трыццаць другога года, пад вечар сустрэў на свіслацкім мосце Бядулю, з якім быў яшчэ не знаёмы,— проста пазнаў па кніжных ды часопісных партрэтах.
— Згорбіўся ён, браток,— расказваў мне з усмешкай, нават з пахіхіканнем,— паўмеха бульбы за плячыма, a ніжняя губа ад-вісла!..
Чаго добрага, i мы яшчэ так пойдзем,— дапісваю пасля паўзы-чытання.
...Апавяданне «Юлька».
Успомніўся «Пальчык» Крапівы. Як ён нібы збянтэжыўся, галоўны рэдактар перад літработнікам, калі я хваліў яму гэтае апавяданне, сам-насам у рэдакцыйным пакоі, зімой сорак чацвёртага — сорак пятага.
I ў Бядулі хораша пра маленства. Ажно самога мяне пацягнула «на пястоту», малых дзяцей, а потым унукаў успамінаючы.
Зірнуў у каментарый: «1917 г. Пасадзец». Ах, ах, чым займаўся ў такі час! — так усміхнемся. А надрукавана таксама ў нелягчэйшы час, у двадцатым. А мне прачытаць давялося праз семдзесят пяць гадоў.
Шчасліва думаю, што i ў мяне ёсць пра дзяцей такое, ад чаго цяплей на душы самому.
...Як бондар ладзіць свой струмант перад вельмі важным заказам: «Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў i як плюнуць на яго». Творчая кульмінацыя. Бядулева.
Наогул, апавяданне «Бондар» — цуд!
Читать дальше