— Ну, тут грошы,— сумеўся Іван Карпавіч.— Ведаеце, за колькі мільёнаў я адказваю?..
— А я адказваю за навучанне, развіццё, выхаванне чалавека, які пасля, можа, стане на ваша месца,— сказаў я.— I калі я буду яго вучыць..
— Кінь ты высокія словы! — перапыніў мяне Уладзімір Пятровіч.— Трэба жыць жыццём, а не фразамі.
— Ладна, хлопцы,— сказаў Іван Карпавіч, бачачы, што мы можам паспрачацца.— Хай мае тое, што зарабіў. Я пастараюся ўзяцца за яго...
Сядзелі мы i доўга гаварылі пра школу, саўгас.
Калі мы з Уладзімірам Пятровічам сабраліся ісці дадому, Іван Карпавіч сказаў пачакаць крыху, ён зараз пакліча свайго шафёра, i той развязе нас па кватэрах.
— Не трэба,— сказаў я.— Ноч зорная, свежая, пры такім паветры люба прайсціся,— але мяне тузаў Уладзімір Пятровіч, каб я маўчаў.
— Усё ж далека ісці,— сказаў ён, падміргнуўшы мне.
— Тады хадзем, я скажу суседскаму хлопчыку, каб ён збегаў па шафёра,— сказаў Іван Карпавіч, які быў амаль згадзіўся са мною не чапаць ноччу чалавека, прапусціў Уладзіміра Пятровіча, мяне прытрымаў у парозе, глянуў сваімі жывымі вачамі ў мае i сказаў:
— Малайчына! I заўсёды будзьце такім.
Сказаў i моцна паціснуў мне руку.
18
Мяне выклікалі ў ваенкамат, каторых вясковых хлопцаў ужо нават забралі ў войска, i я адчуў, што хутка i мяне возьмуць на год служыць.
Пачынаўся снежань, але да зімы было яшчэ далека: пацяплела, адпаў мароз, зноў дажджы налілі вады. Мокрая зямля не паспявала яе ўсмоктваць, i на дварэ стаялі лужы, была непралазная хлёпанка.
Аўтобусы ўжо даўно не хадзілі, лепш сказаць, не дабіраліся да нашай вёскі, даходзілі да Агароднікаў, што былі за пятнаццаць кіламетраў ад нас.
Я ў горад не ездзіў, ляжаў дома на канапе i чытаў кнігі ці хадзіў да суседзяў на тэлевізар, быў з Ларысаю; колькі разоў выклікалі ў раённы педкабінет на семінары, але паленаваўся ісці пеша столькі вёрст. A ў ваенкамат трэба — не адмовішся.
Я падняўся рана-раненька i падаўся ў суседнюю вёску, дзе была кантора, але мне там сказалі, што сёння нiводная машына ў раён не пойдзе.
Я занепакоіўся: да горада трыццаць кіламетраў, такая цяжкая дарога,— калі я дабяруся сваімі нагамі, то спазнюся. Але ж трэба быць у ваенкамаце.
Не было ў канторы Івана Карпавіча, кудысьці паехаў яшчэ ўчора i не вярнуўся, а без яго ні аграном, новы чалавек у саўгасе, ні парторг нічым не маглі мне памагчы.
— Пачакайце,— затрымаў мяне на калідоры заатэхнік,— тут збіраецца цішком гаспадарнік у горад ехаць на «лятучцы». Вы падыдзіце да яго, папрасіцеся, каб узяў, але не гаварыце, што гэта я падказаў.
Я пабег шукаць гаспадарніка: толькі ён адзін мог мяне цяпер выратаваць. Яго я не знайшоў, але напаткаў шафера, якога ўжо абкружыла многа людзей i прасіла падкінуць у горад.
— Я яшчэ сам не ведаю, куды мы паедзем,— адмахваўся шафёр.— Ды пусціце вы мяне, дайце схадзіць чаю папіць,— вырваўся, сеў у «лятучку» i паехаў.
Усчаўся дождж, спачатку дробны i цёплы, пасля пагусцеў, пацабаніў, як з вядра. Я з мужчынамі i кабетамі то стаяў ля сцяны канторы, хаваўся ад дажджу, то выбягаў глядзець, куды ідзе машына.
Праз якую гадзіну пад'ехала «лятучка», у кабіне ўжо сядзеў гаспадарнік, сталы, пасівелы мужчына, трое яго дзяцей хадзілі ў нашу школу.
Мы пабеглі да «лятучкі».
— О, вас тут як мышэй сабралася,— вылез з кабіны i сказаў гаспадарнік.— У мяне месца няма ўсім. Ты лезь i ты,— i ён паказаў пальцам, каму лезці.
— Таварыш Бурдзей, мяне ў ваенкамат выклікаюць,— папрасіў я яго.— Дазвольце i мне пад'ехаць.
— Я ж сказаў, што няма месца, ці ты глухі? — Ён падышоў да мяне, адпіхнуў ад машыны.
— То настаўнік, Адольфавіч,— падказаў шафёр.
— А мне што, няхай дзяцей вучыць, а не па горадзе раскатваецца.
— Мяне выклікаюць у ваенкамат.
— Я ж сказаў ясна: няма месца,— Бурдзей зачыніў дзверы «лятучкі» i пайшоў да кабіны.
— Яго трэба ўзяць,— сказаў шафёр.
— Усё роўна ўсіх не возьмеш,— сярдзіта сказаў яму гаспадарнік,— А мне яшчэ трэба пяць мяхоў бульбы прыхапіць, брату завезці. Таксі мне тут знайшлі,— i ляснуў дзверцамі.
Машына паехала.
— Ідзіце, пазваніце ў ваенкамат ці ў райком,— сказалі мне мужчыны, якіх таксама не ўзялі.— Нагрэюць такога начальніка, быць не можа. А то зусім ужо нос задраў — бачыце, яму трэба бульбу завезці...
— Я ў раён зайду,— сказаў я i пашыбаваў пяшком, хоць не верыў, што паспею прыйсці на камісію, але, разгублены i пакрыўджаны, не мог абдумаць усё i пабег.
Я быў такі злосны, што ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць, толькі падумаў сабе: калі не забяруць цяпер у войска, то вясною з'еду адсюль. Канечне, такога раю, пра які марыў вялікі Рабле, я не знайду нідзе, але буду старацца паступіць у аспірантуру,— абы з'ехаць адсюль. Не хачу такіх дырэктараў, завучаў, Уладзіміраў Пятровічаў, такіх дарог...
Читать дальше