Апошнім часам я стаў прыслухоўвацца да яго, разумець, што ён за чалавек. Цяпер ён гаварыў пра задачы, якія стаяць перад школай, пра тое, што мы ўжо зрабілі. Ён пахваліў «змястоўныя, выхаваўчыя» ўрокі Івана Сямёнавіча, Вольгі Піліпаўны, Алеся Трахімавіча, сказаў, што стараецца Ларыса, я, пра Уладзіміра Пятровіча, Наталлю Васільеўну i настаўніцу другога класа, з якой даўно не ладзілі дырэктар i яго жонка, прамаўчаў. Затое наваліўся на Людмілу Карпаўну, якую колькі дзён таму назад перавялі з нашай школы ў другую. Аказваецца, яе ўрокі былі i антынавуковымі, i без методыкі, а сама настаўніца была непісьменная, грубая з дзецьмі, зусім не старалася.
Я слухаў i здзіўляўся, чаму не гаварылі такога, калі Людміла Карпаўна была ў нас, калі Міхась Рыгоравіч хадзіў на яе ўрокі i... хваліў яе.
Я слухаў i асцерагаўся, што пакрытыкуюць зараз за літаратурны гурток i мяне: ідзе другая чвэрць, a я выпусціў толькі адну газету i то вершы, апавяданне, надрукаваныя ў ёй, амаль сам напісаў: не пішуць ix дзеці, калі i пішуць, то саромеюцца мне даваць. Але Міхась Рыгоравіч не назваў мяне, сказаў толькі: «Амаль не працуюць у школе гурткі, запушчана пазакласная работа...» Ён яшчэ называў недахопы, упушчэнні па школе, але ніводнага прозвішча настаўніка, які быў вінаваты ў гэтым, не назваў.
— Хто хоча выступіць? — спытаўся Іван Сямёнавіч, калі завуч скончыў свой даклад.
Усе маўчалі i апускалі галовы, тады дырэктар пачаў паднімаць усіх па парадку. Першай ён падняў настаўніцу другога класа, але тая сказала, што з усім згодная, што казаў Міхась Рыгоравіч.
— А што ў вас добрага, дрэннага?
— Дзеці вучацца, толькі не ўсе слухаюцца,— адказала настаўніца.
— Дысцыпліна ў класе, ды яшчэ ў пачатковым, залежыць толькі ад настаўніка,— сказаў Іван Сямёнавіч. Настаўніца села i замоўкла.
Мне многа чаго хацелася сказаць: i пра свае ўрокі, i пра ляноту вучняў, i пра бацькоў, да якіх я заходзіў, пасылаў запіскі,— дзеці па-ранейшаму ўрокі прапускаюць, не чытаюць.
Я i пачаў з таго, што цяжка рабіць першы год у школе.
— Наталлі Васільеўне цяжка: ёй няма ўмоваў. Нам, моваведам, нейкія ўмовы ёсць, але зноў-такі рабіць нялёгка. Можа, i таму, што многае нам не даецца, не выходзіць.
— А мы не думаем вас вучыць,— перапыніў мяне Іван Сямёнавіч.— На гэта вы інстытут канчалі, дыпломы маеце. Калі мы арганізуем для вас яшчэ тут курсы, то гэта дзяржаве дорага абыдзецца.
— Я не пра гэта,— збянтэжыўся я,— я пра другое. Не раз i добра знаеш матэрыял, але не ведаеш, як яго даць. А да нас на ўрокі ходзяць Іван Сямёнавіч i Міхась Рыгоравіч, людзі сталыя, што не адзін год папрацавалі ў школе, сядзяць, слухаюць, штосьці запісваюць, але нічога табе не скажуць, не паправяць, не адзначаць. Толькi ўжо ад другіх людзей чуеш, што сказалі пра цябе i твой урок. А варыцца ў сваім саку нялёгка...
Я хацеў яшчэ сказаць, што тая ж дзяржава дырэктару i завучу плаціць грошы не толькі за тое, што яны ходзяць на ўрокі настаўнікаў, але i за тое, каб хадзілі часцей, разбіралі гэтыя ўрокі, дапамагалі расці настаўніку, лепш рабіць; думаў, хацеў сказаць, але стрымаўся: не вельмі смелы я быў.
Уладзімір Пятровіч не захацеў выступаць, сказаў, што тут ужо аб усім гаварылі; Алесь Трахімавіч, які быў задрамаў ля грубкі, падхапіўся, гаварыў ясна i разумна пра сваю працу, а пасля падтрымаў мяне, што маладым сапраўды трэба памагаць, a ў нас у школе няправільная з імі работа.
Сам Іван Сямёнавіч гаварыў спакойна, пачаў ён з цытат пра асвету, пасля перайшоў гаварыць пра веды, дысцыпліну, сказаў, што многа мы ўпусцілі за першую чвэрць, i маладыя настаўнікі рабілі напаўсілы, але цяпер за імі будзе большы кантроль, ён i завуч будуць часцей хадзіць на ўрокі, кантраляваць, хваліць, крытыкаваць, папраўляць.
— Я асабліва да вас звяртаюся, маладыя,— закругляўся дырэктар,— вы павінны не толькі гаварыць высокія словы, але i працаваць, ахвяраваць усім дзеля свайго прызвання. Толькі тады мы штосьці зробім у школе.
На гэтым педсавет закончыўся. Усе сталі апранацца i разыходзіцца.
— Дарэмна гарачыўся,— сказаў мне Уладзімір Пятровіч, калі мы выйшлі на школьны двор,— гэта ўсё роўна нічога не зменіць. Ці ты хочаш у начальства прабіцца?
— Нашто гэта мне? — сказаў я.— Няўжо няможна сказаць праўду, каб нешта паправіць, зрабіць лепшым?
— Можна, чаму не,— усміхнуўся Уладзімір Пятровіч,— але ці варта яе заўсёды гаварыць? Ёсць праўда, якую ўсе ведаюць, але якой ніхто не гаворыць. Ды можна так толькі сабе пашкодзіць...
— Калі ваўкоў баяцца, то не трэба ў лес хадзіць,— не здаваўся я.
Читать дальше