— Смяюцца ўсе, церпяць знявагу,— сказала ціха мне Ларыса.
Я згадзіўся, кіўнуў галавою.
— Аб чым вы там усё шэпчацеся? — падышла да нас Вольга Піліпаўна.— Усё нешта сакрэтнічаеце, не падабаецца вам усё ў нашай школе.
— Чаму не падабаецца? — спакойна сказала Ларыса.— Школа як школа. Але ж можна i падумаць, сказаць штосьці сваё.
— А вы гаварыце, каб усе чулі,— халаднавата сказала жонка дырэктара.— Я ж па вас бачу, што не падабаецца вам Іван Сямёнавіч.
— Ён жа не маладзёнак-халасцяк, што павінен падабацца,— не ўтрымалася Ларыса.— Вам спадабаўся, дык вы i выйшлі за яго замуж...
— Ох! — выдыхнула Вольга Піліпаўна i адвярнулася. Відаць, стрымлівала сваю злосць, сказала толькі: — Калі будзеце дырэктарам самі, то i заводзьце свае парадкi. А пакуль другія тут, то падпарадкоўвайцеся i не жартуйце так са старэйшымі калегамі: вы — дачка мне...
— Распарадку школьнага я не парушаю,— стрымана адказала Ларыса,— Вы, калі ласка, не блытайце адно з другім,— i пайшла на калідор, хоць мы ўсе зразумелі, што яна хацела сказаць.
— Ох, дзевачка! — сказала толькі Вольга Піліпаўна.
— Перастань,— спыніў жонку Іван Сямёнавіч.— Чаго ты прычапілася да яе?
— А ты патурай больш!— узлавалася на яго жонка.— Яны, нашыя маладыя, яшчэ пакажуць сябе, сядуць табе на шыю.
— Не выдумляй,— суцешыў яе Іван Сямёнавіч,— можа, мы замнога да ix прыдзіраемся...
Вольга Піліпаўна хмыкнула i нічога больш не прамовіла. Дырэктар сеў, таксама маўчаў, а пасля стаў чытаць газету. Ідучы на ўрок, я падышоў да Ларысы, супакоіў яе.
— Не трэба,— сказала яна.— Проста я не хачу смяяцца, калі смяецца Іван Сямёнавіч, не хачу абгаворваць за вочы сваіх калег, калі абгаворвае яго жонка, не хачу кожнага дня пытацца ў яе, як яе здароўе, ці добра еў сёння іхні парсюк...
Я i сам, калі пажыў, папрадаваў у школе, прыгледзеўся да Івана Сямёнавіча, то ўбачыў, што ён любіць пасмяяцца з каго-небудзь. Многія не любяць, а то i баяцца яго жартаў, а жартаваць ён умее, можа прыкмеціць такую дробязь i так высмеяць яе, што пасля тыдзень не паднімеш на яго вачэй. Яму толькі быць Крыловым, Салтыковым-Шчадрыным ці Сервантэсам, а так вялікі яго талент прападае на падкавырачкі.
...Калі цяпер я зноў перачытаў «Гора ад розуму», сам убачыў, як я глыбей глянуў на Фамусава, Чацкага, Малчаліна, як выдатна пісаў Грыбаедаў, як ён умеў бачыць, любіць i ненавідзець...
Я хацеў, каб гэта добра зразумелі i мае васьмікласнікі, каб яны нават за гэты час падраслі, пасталелі, многа чаго ўбачылі, прачытаўшы «Гора ад розуму». Яны смяяліся, калі я чытаў, як выкручвалася, маніла Ліза Фамусаву, добра слухалі тое месца, дзе апісвалася, як з-за мяжы «прыляцеў» Чацкі...
Прыйшоў назаўтра я на ўрок i пачаў апытваць. Toe, што чыталі, разбіралі ў класе, расказалі добра. Пра тое, што давалася чытаць дома, ніхто сам не прасіўся адказваць.
Я не люблю такіх урокаў. Люблю, калі вучні паднімаюць рукі, просяцца адказваць, многа гавораць, нават не вытрымліваюць i выкрыкваюць з месца, не згаджаюцца i просяць расказаць пра тое, чаго няма па праграме.
Сёння яны былі вялыя i нецікавыя, апускалі галовы. Я зразумеў, што не чыталі дома, a калі i чыталі, то не разабраліся: хацелі чытаць легка, не задумваючыся, а трэба было ўдумвацца ў кожнае слова...
Я спытаўся яшчэ раз, хто хоча гаварыць, але ўсе маўчалі. Мне стала крыўдна, што ніхто не хоча; значыць, няма ў класе тых, хто па-сапраўднаму моцна любіў літаратуру, тое, што вельмі люблю я, выкладаю ў школе, што стала маім жыццём.
Я стаў выклікаць па журнале. Ніхто не мог нічога сказаць талковага. Пераказвалі, як пісалася ў кнізе, не бачылі, што было пад радком... Так жа яны раней не маглі зразумець «Недарасля», вершаў Рылеева, Дзяржавіна, i я падумаў, што нядобра ў школе выкладалася літаратура, настаўнікі не вывучалі з вучнямі яе, a толькі гаварылі пра яе. А дзяцей трэба вучыць так, каб яны ўсё разумелі, умелі думаць. Ох, уздыхнуў я, як гэтага дабіцца?
— Што — усяму класу двойкі ставіць? — спакойна спытаўся я.— Такая сіла, моц, прыгажосць, а вы не чытаеце...
— Нецікавае, Павел Мікалаевіч, гэтае «Гора...»,— сказаў Іван Пакрыла, сын дырэктара саўгаса.— Вось каб «Следства вядуць знатакі» ці які шпіёнскі фільм расказаць... А гэта нудна.
— Каб мы так, Ваня, адносіліся да фізікі, матэматыкі,— перапыніў я яго,— то не было б у нас Курчатава, Келдыша, Каралева, не было б атамных электрастанцый i ледаколаў, палётаў на Месяц.
— Павел Мікалаевіч, то ж матэматыка, фізіка,— усміхнуўся Іван, — а гэта — «Гора ад розуму». Тата мой кажа: ты зубры матэматыку, фізіку i хімію, гэта галоўнае, a кніжак ты пасля начытаешся... Ён сам толькі хімію добра вучыў, бо хацеў аграномам стаць. Цяпер ніякіх кніжак не чытае, толькі фільмы глядзіць, гаворыць: «Мне i без раманаў, вершаў тых клопатаў i думак хапае».
Читать дальше