Колючы цяпер гэтую бярозу, Павел успомніў, як пасміхаўся ляснік — магутны, чырванашчокі здаравяк,— калі адпускаў яму яе.
— Два разы,— гаварыў ён,— будзеш грэцца. Адзін раз — калі пачнеш рэзаць і калоць, другі раз — як пакладзеш у грубку...— і так заліваўся смехам, што Павел тады, у лесе, і не зразумеў яго жарту. Адчуў добра ўжо тут, у двары...
Пакрысе ён налаўчыўся расколваць палены — удзёўбваў у калодку сякеру, выбіраў таўставаты моцны камлючок і пляжыў ім па абуху, пакуль не развальваў калодку напалам.
...Калі звечарэла, ён склаў усе расколатыя сёння дровы (іх выйшла ледзь не пад страху), пабраў вялікае бярэмя, панёс у хату. Апусціў у лепшай палавіне ля грубкі на прыбіты да падлогі ліст жалеза.
— Памногу вы паліце,— незадаволена сказала гаспадыня, якая зайшла сюды следам за ім з кухні, зірнула на грудку паленцаў.
— Холадна ж у хаце, цёця,— сказала Ларыса, якая ўжо — свежая на твары, павесялелая — сядзела ля стала і правярала сшыткі. На плячах яе ляжала паліто, на нагах былі цёплыя валёнкі.
Гаспадыня прамармытала нешта незадаволенае, але ніводнага слова яе нельга было разабраць. Здаецца, яна шаптала: «Ну во, ну во!»
— Спалім гэтыя — яшчэ купім,— сказаў Павел, накладаючы дровы ў грубку.— Чаго іх шкадаваць ды мерзнуць?..
— Ну, паехалі,— зайшоў у хату і сказаў Іван Сямёнавіч маладой сямейнай пары, Васільцам, якія сядзелі ў кухні і гутарылі з Вольгай Піліпаўнай.
Прамовіў так, скінуў фуфайку, павесіў яе тут, у кухні, а сам падаўся ў калідор і апрануў цёплае зімовае паліто, падумаў, а пасля скінуў чаравікі і абуў цёплыя валёнкі.
— Вазьміце яблыкаў з сабою,— ветліва сказала Васільцам жонка: яна апошнім часам вельмі паважала іх за тое, што сёлета надта стараюцца ў школе і між сабой добра жывуць. Яна, як памірылася з нявесткаю, больш не папракала яе, а гаварыла, каб глядзелі і вучыліся ў Васільцоў, як трэба паіць.
Яблыкі ўзяў Васілец, паклаў іх у кішэню.
Іван Сямёнавіч, бачачы, што маладыя абуліся надта лёгка — Павел Мікалаевіч у чаравіках, а Ларыса Іванаўна ў боціках, у панчохах,— сцягнуў з печы старую коўдру, каб накрыць ёю маладыя ногі. Тады ўжо ўслед за імі выйшаў на двор, дзе за плотам стаяў конь, еў сена. На спіне каня, як і на посцілцы, якой ён толькі што накрыў салому ў санях, было ўжо многа снегу: і сёння лютаваў сакавік.
Дзьмуў моцны вецер і ў паветры, і па зямлі гнаў снег, за якім не было відаць свету.
Вольга Піліпаўна пастаяла крыху тут, на халодным мяцелістым двары, пацепала плячыма ад холаду, цясней захінаючы полы незашпіленай фуфайкі, сказала:
— Ну, перадавайце яму прывітанне, жадайце і ад мяне, каб хутчэй стаў на ногі...— і падалася ў хату.
Іван Сямёнавіч пачакаў, пакуль Васільцы сядуць злева, пасля пакрыў ім ногі коўдраю, адвязаў лейцы ад плота і сам кульнуўся на правы бок саней, аж яны моцна нахіліліся.
Конь, выкіраваны на тупкую вуліцу, ціхенька пабег, і лёгка ад гэтага гайдаліся валасы на яго шыі, ківаўся хвост і ляцелі пырскі снегу з-пад капытоў. Лагодна рыпелі палазы, пакідалі за сабою два гладзенькія бліскучыя раўчукі, што амаль тут жа, на вачах, засыпала замець.
Па-ранейшаму на стрэхі хат, на платы сыпаўся снег, змятаўся ветрам, зганяўся, накручваючы гурбы. Хутка і яны, ездакі, сталі белымі. Іван Сямёнавіч, як Васілец, не хацеў храбрыцца, а апусціў вушы шапкі, падняў каўнер паліто. Баяўся прастудзіцца, патрывожыць свае хворыя лёгкія.
Ларыса Іванаўна і Павел Мікалаевіч ціха сядзелі, пазіралі на вясковыя хаты, якія яны міналі, узіраліся на дарогу ў Галінавічы, трымалі між сабою сумачку, у якой яны везлі ласункі хвораму Алесю Трахімавічу. Іван Сямёнавіч гэтаксама ў гаспадарчай сумцы, што была пад сенам у перадку, вёз сёе-тое з харчу.
Праехалі масток, падняліся на горку, спачатку ўбачылі замеценае селішча былой Ларысінай гаспадыні, цёці Валі, пасля праехалі побач кватэры Таццяны Сяргееўны, а тады ўжо наблізіліся і павярнуліся на галінавіцкую дарогу ля хаты, у якой яшчэ нядаўна кватараваў Павел.
— Цяпер і для вас усё гэта ўжо гісторыя! — усміхнуўся Рагатка, бачачы, як яго маладыя калегі цёпла, з хваляваннем і нейкім смуткам пазіраюць па свае былыя кватэры.— Мінула хвіліна — і яна ўжо гісторыя... Для вас цяпер новы яе этап — сямейны...
Яны абое неяк здзіўлена зірнулі на яго, можа, таму, што ў школе бачылі строгім, а нават калі і разгневаным дырэктарам, а тут сядзелі побач проста з пажылым чалавекам, з якім разам ахвотна, па сваёй волі, ехалі праведаць хворага чалавека, выдатнага настаўніка і свайго калегу.
Читать дальше