Ларыса, каб пачакаць Паўла і разам з ім ісці дахаты, найбольш у кожную пятніцу сядзела ў школьнай бібліятэцы — мяняла дзецям кніжкі, брала прачытаныя і давала новыя. Але сёння яна не мяняла, нават не адчыняла бібліятэкі, а сядзела ў настаўніцкай. Была бледная на твары, як перапалоханая, маўкліва, стомлена сядзела на канапе і чакала яго.
Павел амаль увесь гэты час быў з дзецьмі ў класе, глядзеў, як яны робяць; калі бачыў, што ўсё ідзе ў іх добра, вяртаўся ў настаўніцкую. Вось зайшоў і цяпер.
— Ну, ты скора? — нібы незадаволена спытала Ларыса, трымала на каленях белыя рукі, на якіх, як і на твары, здаецца, не было і крывінкі.
— Во-во! — усміхнуўся Іван Сямёнавіч, седзячы за сваім дырэктарскім сталом і рыхтуючыся ісці на ўрокі другой змены, дзеля чаго цяпер правяраў рабочыя планы Міхаіла Апанасавіча.— Трапіў ты, Павел Мікалаевіч, у абцугі... Быў халасцяком — мог рабіць што хацеў, а цяпер не... Пад кантролем...
— Яны, жонкі, любяць кантраляваць,— падтрымаў жарт Міхась Рыгоравіч, які ўжо за гэтыя тыдні пажвавеў, забыўся пра нядаўні, не зусім прыемны для сябе сход.— Яны хочуць, каб муж нідзе не затрымліваўся, адпрацаваў і бег дахаты, быў ля іх...
Ларыса іншым разам не змоўчала б, нешта адказала б, але сёння толькі квола ўсміхнулася і пастаралася позіркам папрасіць яго, каб ён хутчэй канчаў сваю працу, прамаўчала і Мая Сцяпанаўна, якая стаяла і грэлася ля грубкі (каб схаваць свой досыць поўны ўжо жывот, пакінула на шыю шалік і доўгімі канцамі яго прыкрывала грудзі і жывот), усміхнуўся толькі адзін Міхаіл Апанасавіч, які — добра выгалены, адпрасаваны, у новым касцюме, ад таго вельмі памаладзелы,— сядзеў ля дырэктара і расказваў, калі дырэктар пытаўся ў яго што-небудзь пра планы.
— Так што ў строгай дысцыпліне цяпер наш Павел Мікалаевіч! — жартаваў дырэктар, які апошнія дні быў у добрым настроі: тыя дні, калі меў благі настрой, то сядзеў сычом, і за дзень ніхто ні разу не бачыў яго ўсмешкі, а сёння вось усё жартуе і жартуе, нават калі і смяецца ўлюбёным багатырскім смехам.
— У дысцыпліне! — пасміхаецца і Вяртун, надзімаецца, чырванее, ад чаго аж вырываецца верхні гузік на каўняры яго цеснай, паношанай кашулі.
Паўлу — па маладосці — хацелася апраўдацца, што ўсё гэта не так, як жартуюць яны, старэйшыя, але ён неяк сцерпліваў, разумеючы, што будзеш апраўдвацца, дык яны яшчэ болей пачнуць жартаваць. Ён непрыкметна позіркам паказаў Ларысе, што хутка вызваліцца, і падаўся зноў у клас, дзе вучні-гурткоўцы ўжо амаль канчалі перапісваць.
Ён, пачакаўшы крыху, узяў газету і пачаў яе вычытваць, папраўляць памылкі. Дзеці гуртам стаялі ля яго, з хваляваннем глядзелі, ці будзе ён яшчэ знаходзіць памылкі, што скажа пра газету.
— Няблага! — прачытаўшы ўсё, усміхнуўся ён, аддаў дзецям газету.
Яны задаволена ўзялі яе, уставілі ў рамку, пад шкло, панеслі на калідор. Ён выйшаў за імі, радаваўся, што дзеці цяпер так ахвотна стараюцца выпускаць газету, заўтра ля яе будзе стаяць уся школа, парадаваўся і раптам успомніў, што ёсць нешта і такое, што непакоіць яго,— Ларыса. Лепш сказаць, не Ларыса, а тое, што адбылося сёння з ёю ў школе...
А адбылося з ёю тое, незвычайнае і зусім новае, сёння на трэцім уроку першай змены. Павел якраз вёў беларускую літаратуру ў восьмым класе, загаманіўся і адразу не заўважыў, як нясмела прачыніла дзверы класа маленькая светлавалосая пяцікласніца і прашаптала:
— Павел Мікалаевіч, Павел Мікалаевіч!..— і пальцам клікала да сябе.
Убачыўшы, што на дзверы глядзяць васьмікласнікі, зірнуў і ён, надышоў туды.
— Ларысе Іванаўне блага...— са сполахам усхліпнула дзяўчынка.
Павел папрасіў васьмікласнікаў чытаць далей самім, а сам шпарка, неяк несвядома адчуваючы страх, падаўся на калідор, а ім — у пяты клас. Зазірнуў, адчыніўшы дзверы, і адчуў, як адразу ж задрыжалі рукі, застукала кроў у скроні: Ларыса сядзела на крэсле, апусціўшы на стол галаву, твар яе быў вельмі белы як снег, такія ж былі і рукі.
Прыціхлыя дзеці, як толькі ён увайшоў, падняліся, але ён узмахам рукі папрасіў іх садзіцца, збянтэжана — ніколі не бачыў такой сваю жонку — надышоў да стала і ціхенька, напалоханы, разгублены, але помнячы, што побач дзеці, шапнуў:
— Ларыса Іванаўна?
Яна маўчала, галавы не паднімала.
Тады ён падняў яе пад пахі, адчуўшы, як раптам яна стала вельмі цяжкая, і амаль панёс яе да дзвярэй. Яна неяк несвядома лыпнула на яго невідушчымі вачыма, зноў заплюшчыла іх і абвісла ў руках.
Як вынес яе ў калідор, убачыў цёцю Галю, якая толькі што зайшла з двара і ставіла ў калідоры два вядры вады. Убачыла іх — разгублена зірнула, хуценька разагнулася і падбегла, адчыніла дзверы ў настаўніцкую.
Читать дальше