— Парэжам за дзень-два,— сказала слабым голасам Ларыса, як угадала, пра што ён цяпер думаў.
— Папрашу каго — і парэнчам...— адказаў ён, думаючы, што болей не дазволіць ёй цяжка працаваць.
— А я што? — квола ўсміхнулася яна, неяк сарамліва зірнуўшы на яго.— Зусім няздатная ўжо?..
— Ты будзеш кіраваць...— усміхнуўся ён, стараючыся нічым не не пакрыўдзіць: яна і так была крыху самалюбная, а цяпер, як і ўсе жанчыны ў яе стане, можа стаць яшчэ болей крыўдлівай.
— Цяпер не я, а нешта будзе мною кіраваць...— уздыхнула яна, і ён пагадаў: рада яна гэтаму ці не зусім рада, перажывае, што яно так хутка стала, а можа, нават і неспадзявана.
На дзвярах сянец вісеў замок — гаспадыня, відаць, замкнула хату і падалася ў магазін.
Яны цяпер ведалі, дзе схаваны ключ, то хутка знайшлі яго, адамкнулі замок і зайшлі ў дом.
Хата ўжо была тая і не тая: яны з Ларысаю аклеілі яе новымі шпалерамі, пабялілі печ і столь, купілі і павесілі новыя фіранкі, вялікія лямпачкі — і пакоі падмаладзіліся, пасвяжэлі.
Яны распрануліся і разуліся, абулі тапачкі і падаліся ў лепшую палавіну хаты, якую цяпер гэтаксама было не пазнаць, не параўнаць з тым, якой яна была раней. Гаспадыня пазірала на ўсё гэта, што яны даглядаюць яе хату, вельмі задаволена, а калі яны згадзіліся плаціць за святло (яна наракала, што яны часта прасуюцца, ад чаго «лічыльнік усё круціць ды круціць»), то і зусім усцешылася. І ім стала неяк весялей жыць тут.
Ларыса разабрала пасцель, ужо амаль без ніякага сораму, не хаваючыся ад яго, зняла панчохі і пояс, скінула цераз галаву сукенку, накінула яе на біла, а сама легла на ложак, накрылася коўдрай. Дасюль яна ніколі, прыйшоўшы са школы, не клалася: то памагала яму рэзаць дровы, то правярала сшыткі, чыталі напераменку новую кнігу.
— Пайду, мусіць, калоць дровы,— сказаў Павел, патупаўшы і бачачы, што яму няма што тут рабіць.
— Паляжы са мной...— папрасіла Ларыса, адным толькі тварам вызіраючы з-пад коўдры, неяк вельмі ўчэпіста назіраючы за ім.— Не пакідай мяне адну...
Ён не распрануўся, але прылёг побач. Адчуваў, што Ларыса хоча з ім пагаварыць, а гэтаксама, каб ён яе паласкаў — пагладзіў рукою па валасах, па галаве. Гэта яна вельмі любіла, адчувала тады вялікую ўцеху, хутка засынала, улагоджаная гэтаю пяшчотаю.
Яны, як толькі пачалі жыць тут, гэтаю парою — вярнуўшыся са школы — звычайна шукалі што-небудзь папалуднаваць. Спачатку дамовіліся, што есці ім будзе варыць гаспадыня, а яны будуць плаціць ёй за гэта семдзесят рублёў. Пасталаваліся так з тыдзень і паглядзелі, што яны плацяць добрую капейку, а ядуць штодзень амаль адно і тое ж — капусту, бульбу і сала. Параіліся ды і рашылі, што ім самім варыць сабе есці гэтаксама не варта, бо і на гэта, як і на тое, што трэба даставаць недзе харчы, траціцца многа часу, то пачалі харчавацца ў школьнай сталоўцы. Падымаліся раней і ішлі туды снедаць, там і палуднавалі, калі-нікалі хадзілі туды разам з інтэрнатамі і вячэраць. За сталаванне плацілі школе, гаспадыні давалі толькі грошы за кватэру і святло.
— Ну, што ты скажаш, Паўлік? — спытала Ларыса, кладучы галаву на яго плячук.
— Думаю, што добра ўсё,— адказаў ён, ведаючы, пра што яна пытаецца.
— Ты не баішся?..— прашаптала яна.
— Чаго? — трошкі наўмысна бадзёра сказаў ён,— Мы ж гаварылі і раней пра гэта, хацелі...
— Але ж во як страшна...— прамовіла яна.— Ведаеш, зусім страціла прытомнасць, думала, што паміраю...'
— Збялела зусім...
— І цяпер ногі дрыжаць...— прызналася яна, пацалавала яго руку, якой ён гладзіў яе па галаве.
— Буду вельмі берагчы цябе...—сказаў ён.
— І пасля любіць будзеш, калі буду такая, як Мая Сцяпанаўна, а то і яшчэ больш няскладная?
— Буду.
— Мілы мой! — яна пацалавала яго ў вусны, прыціснулася шчакою да яго шчакі.— Але я і напраўду спаць хачу. Паляжы пры мне, прыспі, а тады ўжо ідзі дровы калоць. Добра, родны?
— Добра,— адказаў Павел, адчуваючы, што цяпер ён яшчэ мацней кахае Ларысу, мае да яе вялікі пяшчотны і добры клопат, якога дасюль не меў.
Бярозавыя плашкі амаль усе былі тоўстыя, з шурпатаю, цвёрдаю карою. Некаторыя з іх, як рэзалі з Ларысаю, цяжка было і ўзняць на козлы, то пілавалі тут жа, на снезе.
Тонкая ці не вельмі тоўстая намёрзлая бяроза калолася лёгка. Ударыш сякераю пасярэдзіне калодкі — разваліцца на дзве палавіны. Камлюкаватыя ж палены было не разбіць. Бі, бі сякераю — а яна ці адскоквае, ці адбівае толькі косыя аскабалкі. А ў некаторых калодках сярэдзіны былі гнілыя, таму біць па іх нельга было: сякера з абухом залазіла ў рудую мякаць.
Читать дальше