Туман, здаецца, радзеў, спаўзаў да лесу і ў лагчыны, падымаўся над зямлёю, хоць усё яшчэ за ім неба не было відаць.
З натугаю лапатаў трактар, моцна гаманілі дзеці.
«Божа! — думала Таццяна Сяргееўна.— Няўжо я калі прывыкну да вёскі? Няўжо выйду тут замуж і сама буду вось так працаваць?»
...Бацькі прыехалі да яе на ўласным «Масквічы» ў нядзелю, пад гадзін адзінаццаць дня.
Яна яшчэ спала. Адна. Бо Ірына Васільеўна ўчора, суботаю, пабегла да сваёй маці, падалася памагаць выбіраць сёння бульбу, а гаспадыня гэтаксама пазнавата паднялася, ухаджалася, у гадзін дзесяць клікала снедаць, але яна адмовілася, паляжала, а пасля зноў заснула.
Пабудзіла маці — высакаватая, яшчэ прыгожая, стройная і зусім маладая для сваіх сарака двух гадоў жанчына. І модная. Вось і сюды прыехала ў жоўтым модным плашчы, з хусцінкаю на шыі. Нібы і но маці. Нібы нейкая старонняя, чужая жанчына.
— Падымайся, соня! — турзала яна.— Добры дзень, доча!
— Здарова, мама! — сонна адказала Таццяна Сяргееўна, падставіла матцы шчаку і, калі тая пацалавала, зірнула на дзверы і ўбачыла паблізу бацьку — высокага, амаль зусім ужо лысага, з вялікім ілбом і шырокім малазагарэлым тварам.— Добры дзень, татачка!
— Здарова,— адказаў той, але не падышоў бліжэй, як засаромеўся. Разглядаў рамкі з фотаздымкамі.
— Ты ўсё на свеце, доча, так праспіш...— далікатна папікнула маці, усміхнулася, а пасля адчыніла сваю жоўтую сумачку, дастала адтуль люстэрка і паглядзелася, паправіла на галаве парык.
Таццяна Сяргееўна, усміхаючыся, паглядзела на гэтыя матчыныя прыхарошванні і нечакана падумала, што не вельмі рада гэтаму прыезду маці, бо тая заўсёды болей глядзела сябе, чым яе, дачку. Яе гадавалі бацька і яго маці, бабуля.
— Куды мне, мама, спяшацца? — уздыхнула яна,— Сёння не ісці на саўгаснае поле выбіраць бульбу, дык усё роўна дзень цэлы буду сядзець у гэтай хацінцы ці на дварэ на лаўцы...
— Так, дзіця маё, трапіла ты ў глуш...— пашкадавала яе маці, зачыніла сумачку.— Я б тут не была і дня...
— А я лёсам, мамачка, прыгаворана да Міланек...
— Гэта ён вінаваты...— са злосцю зірнула на бацьку маці: яна заўсёды з ахвотаю і без літасці ва ўсім яго папікала.— Каму каму, а табе, адзінай дачцэ, мог бы памагчы...
Бацька зморшчыўся і нічога не адказаў.
Таццяна Сяргееўна на яго ніколі не крыўдзілася. Паважала. Сам ён з вёскі, з вялікай сям'і, адваяваў, пасля вывучыўся за інжынера і вось стаў дырэктарам буйнага завода. З жонкаю — прыгожаю, але вельмі капрызнаю — ён нямала папакутаваў, урэшце здаўся, дагаджаў усім яе капрызам. Маці нідзе ніколі не працавала, хадзіла ў кіно, бавіла час з гэткімі, як і сама, сяброўкамі, ездзіла часта адпачываць на поўдзень, а некалькі разоў наогул накідала іх на цэлае паўгода, пасля вярталася, была на першым часе добрая, уважлівая.
— Але такі ў цябе, доча, бацька... Чэсны і справядлівы! — з іроніяй сказала маці.— Хоць сказаў бы ў гарана толькі адно слова — і ты была б у добрым месцы ўладкавана...— і яна, як шкадуючы дачку, усхліпнула, але тут жа, відаць, збаялася, што пацячэ туш з павек, дык перастала ўсхліпваць і акуратна выцерла ражочкам хустачкі вочы.
— Табе вельмі цяжка тут, не падабаецца? — спытаў нарэшце бацька.— З калектывам не ладзіш, дырэктар прыдзіра?
— Не, татачка,— усміхнулася яна.— Дзякую. З усімі я ладжу, і дырэктар дарэмна не прыдзіраецца. Папрацую яшчэ тут: не такая ўжо глуш гэтыя Міланькі. Вёска як вёска.
Маці з рэўнасцю зірнула на яе, што яна, дачка, дзякуе не ёй, а бацьку.
— Тады працуй, а не лічы, колькі тут парабіла ўжо, колькі яшчэ пабыць...— сказаў ён.— А то і сама не будзеш мець ахвоты да працы, і людзі не будуць паважаць.
— Пажадаў адзін: цягні, дачка, воз! — хмыкнула маці, а пасля пагладзіла яе па руцэ,— Працуй, Танька, астатні год тут, нідзе не дзенецца, уладкуе пасля цябе ў нашым гарадку. Выйдзеш замуж, дык кааператыў пабудуем... Іваноў вунь сваю дачку перавёў аднекуль з Брэстчыны, уладзіў, замуж добра аддаў і кааператыў Паставіў. А дачка Красоўскага — у нейкіх Міланьках. Аж сорам каму пра гэта гаварыць...
— Рашай сама...— прамовіў бацька.— Не можаш прывыкнуць да вёскі, дык памагу перабрацца. Ды і нам будзе лягчэй, весялей...
Ён сказаў «нам», але яна адчула, што іменна ён без яе сумуе.
— Дзякую, татачка! — зноў іменна яму падзякавала яна.— Налета я напраўду, можа, прыеду дадому, бо не магу тут... Астатнія могуць, а я не...
Бацька палагаднеў, павесялеў, міргнуў ёй вокам. І яны адно аднаму ўсміхнуліся.
Маці ж, заўважыўшы гэта, схмурнела. І позірк яе, здаецца, гаварыў: «Ты мяне зусім не любіш, доча...»
Читать дальше