— Я толькі твой,— адказаў Павел,— і толькі ты мне трэба.
— І ты мне...— прамовіла яна, падняла галаву, села яму на калені, абняла за шыю, шчакою даткнуўшыся да яго шчакі.
У дзверы пачуўся далікатны стук. Ларыса саскочыла з яго каленяў і села паблізу на ложку.
Дзверы прачыніла гаспадыня і запрасіла ісці вячэраць.
Павел, выйшаўшы на кухню, у якой было ўжо добра цемнавата, адмаўляўся садзіцца за стол, імкнуўся ісці дахаты, але цёця Валя не пусціла, упрасіла застацца і павячэраць з імі.
...Калі яны, гутарачы, з'елі свежай гарачай бульбы з маласольнымі гуркамі, яечню, папілі сырадою, гаспадыня сабрала пасуду ў мядніцу, абліла яе варам і пачала мыць, а Ларыса выцерла стол.
Цёця Валя, памыўшы пасуду і заліўшы на двары агонь, на якім варыла бульбу, падалася ў лепшую палавіну адпачываць. Ларыса і Павел засталіся на кухні, не палілі святла, сядзелі на лаве пры стале і шапталіся, жартавалі ды цалаваліся.
Як праверылі сшыткі, напісалі планы, паглядзелі канцэрт па тэлевізары, Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна выйшлі на вераснёўскі, з пахам свежай раллі і паспелых яблыкаў, двор, каб пасядзець на лаўцы, падыхаць свежым ветрам.
Увечарэлася. На захадзе яшчэ слаба святлеўся небакрай, але ўжо неба цямнела, ліло сваю цемнату і на зямлю — і ад гэтага ўсё тут злівалася ў суцэльны густы морак.
Таццяна Сяргееўна і Ірына Васільеўна селі на лаўцы пры плоце, слухалі, як укладваецца спаць вёска — адзін за адным тухнуць агні ў вокнах, перастаюць рыпець дзверы, і ўсё сцішваецца. Калі дзе хто ступіць ці скажа слова — чуваць далёка.
— Нешта цяжка мне ў школе,— прамовіла Таццяна Сяргееўна,— дзеці забыліся многа за лета, не ўмеюць рашаць нават простых задач... А ўперадзе — такі складаны матэрыял... Што я буду рабіць з імі? Не ведаю. А дырэктар кожны дзень гаворыць адно і тое: ніякіх двоек у журнал не ставіць, аб'явіць вайну тройкам...
— І моваведы не знаюць, як пазбавіцца гэтых двоек ды троек,— прамовіла Ірына Васільеўна.
— І нам, матэматыкам, не лягчэй,— сказала Таццяна Сяргееўна,— яшчэ простую матэматыку з алгебраічным ды геаметрычным матэрыялам малодшыя класы сяк-так асільваюць, а ў старэйшых — сямікласнікаў ды васьмікласнікаў — па алгебры і геаметрыі проста бяда... Ці навука гэтая сухая, ці я но ўмею цікава вучыць — ніяк не магу дзяцей зацікавіць, дабіцца, каб яны добрыя веды і адзнакі мелі... Ці, можа, трэба болей папрацаваць, навучыцца яшчэ настаўнічаць?.. Але не, не хачу я быць настаўніцай, не разумею дзяцей... Няма ў мяне з імі ладу, мне трэба толькі са сталымі, а не з малымі...
Ірына Васільеўна слухала, бо была заўсёды не вельмі ахвочая да гутарак, да разважанняў. Яна рабіла ў школе ўсё, што магла, што падказвалі настаўнікі ці дырэктар, ведала, што сціпла робіць, і пра школьную сваю працу амаль ніколі не гаварыла. Ды думала, што піянерважатай яна працуе часова. Налета Святлана Міхайлаўна пойдзе на пенсію — і яна будзе выкладаць біялогію, якую вельмі любіла, мела да яе вялікую ахвоту.
— І ўвогуле — сумна...— уздыхнула Таццяна Сяргееўна.— Цёмна, спяць усе, а ты, адна, сядзі во на лаўцы, гукай у неба... А маладосць праходзіць... Божа мой, мне ўжо дваццаць пяты год! Я ўжо старая...
Яна замаўчала, калі пачула яшчэ здалёку крокі, што прыбліжаліся сюды.
Гэта ішоў Павел Мікалаевіч. Падаваўся, канечне, да Ларысы Іванаўны.
— Прахалоджваецеся і ўдыхаеце вераснёўскі арамат? — усміхнуўся ён, заўважыўшы іх на лаўцы, але не прыпыніўся, зашамацеў балоневым расхінутым плашчом і падаўся далей, праз хвіліну якую знік з вачэй, чуліся толькі яго крокі.
— Які ён пагардлівы!..— хмыкнула Таццяна Сяргееўна.— Яшчэ з іроніяй: удыхаеце вераснёўскі арамат!..— перадражніла.— Але во я пазбавілася, то хай цяпер ён паскача са сваімі сямікласнічкамі... Яны надта не паддадуцца яму ды яго эксперыментам... Міланскі Сухамлінскі!..
— Але ж усе гавораць, што з першых дзён не пазнаць сямікласнікаў,— сказала Ірына Васільеўна.— І ўсе ў школу ходзяць, і на ўроках ціха сядзяць...
— Гэта яшчэ не ўсё! — махнула рукою Таццяна Сяргееўна.— Глядзяць не толькі на кветкі, а на плады... Паглядзім яшчэ, якія гэтыя плады будуць пад канец чвэрці... Там жа столькі патэнцыяльных двоечнікаў... І іх жа ніякімі намаганнямі не падцягнеш па ўсіх прадметах да тройкі... Па мове і матэматыцы ўдвайне. Ды я па матэматыцы нізашто ім не пастаўлю тройкі...
— Ён учэпісты, як відаць,— заступілася за Васільца Ірына Васільеўна.— Вось і да мяне падышоў у першы ж дзень працы і кажа: давайце разам падумаем, што мы можам зрабіць цяпер і ў хуткім будучым у сёмым класе па піянерскай лініі... На перапынках з сёмага класа амаль не выходзіць, правярае, ці падрыхтаваліся дома і да іншых — не толькі яго — урокаў, дамовіўся з дзецьмі, хто з іх і каму будзе дома памагаць...
Читать дальше