— Мае вы галубочкі, зляцеліся! — сказала гаспадыня і надта добра пазірала на іх.— Я гэтаксама ж свайго чакала некалі, як толькі вайна закончылася...
Павел, павярнуўшыся і зірнуўшы на гаспадыню, на незнаёмую жанчыну, засаромеўся, успыхнуў чырванню. Ларыса ўсміхнулася яму, падбадзёрыла позіркам, што цёця Валя добрая, усё ведае, але ён усё роўна не пераставаў палымнець на шчоках.
— Такая ўжо доля: мужчынская — спяшацца дадому, а бабская — чакаць...— прамовіла цёця Валя і ўсхліпнула, закрыла фартухом вочы.— Але выбачайце, дзеці, не падумайце, што я падцікоўвала. Выйшла так... Пабуркуйце яшчэ адны, галубочкі, парадуйцеся адно аднаму, мілыя... А я бульбачку пастаўлю варыць, гурочкаў выберу — ды і пагуляем за спатканне,— прамовіла і пайшла, зноў пакінула іх адных.
Ларыса і Павел усміхнуліся, шчасліва зірнулі адно на аднаго і не маглі стрымацца, прыпалі, ужо больш умела і смялей, як нядаўна, пацалаваліся, толькі балючавата шчымнулі іхнія вусны, якія крыху за гэты год адвыклі ад пацалункаў.
Іван Сямёнавіч прыехаў у гарадскую школу — на настаўніцкую жнівеньскую канферэнцыю.
Калі празвінеў электрычны званок (не меладычны, як у Міланьках, а вельмі рэзкі), Іван Сямёнавіч падаўся ў патрэбны пакой.
Сеў не на першай парце, як садзіўся некалі, а пайшоў да самай апошняй парты. Нібы хацеў схавацца: у клас заходзілі і заходзілі сярэдняга веку ці і зусім маладыя настаўнікі. Ён, лічы, іх не ведаў. А яны, мусіць, ведалі адно аднаго: жартавалі, усміхаліся і нібы ўсе пазіралі на яго са здзіўленнем, як на свайго бацьку. Аж стала няёмка... Яшчэ летась было некалькі чалавек яго ўзросту...
«А хутка пайду і я на пенсію ці яшчэ што — дык будуць адны маладыя... Як не суцешвай сябе, а ты ўжо ў мінулым, павінен саступіць дарогу... І нічога не прыпыніцца: будуць працаваць школы, будуць праходзіць вось такія секцыі, будуць ужо некага іншага хваліць... А потым і гэтыя пастарэюць, прыйдуць яшчэ маладзейшыя і ўсё возьмуць у свае рукі...»
Усе паселі. Поўны пакой.
Зайшоў кіраўнік секцыі — высокі, маладжавы дырэктар адной з лепшых сярэдніх школ раёна.
— Добры дзень вам,— усміхнуўся ён, паклаў на стол свае сшыткі. Здаецца, акінуў усіх позіркам, доўга пазіраў на яго, Івана Сямёнавіча. І, здаецца, яму асобна — як старэйшаму, як былому кіраўніку гэтай секцыі — кіўнуў галавою. Многія настаўнікі азірнуліся і яшчэ раз са здзіўленнем на яго паглядзелі.
«Раней, лічы, ўсе ў раёне мяне ведалі, а цяпер мала хто...»
— Віншую вас, калегі, з пачаткам яшчэ аднаго, а для каго, можа, і першага навучальнага года! — нібы яго некаляшнімі словамі гаварыў далей новы кіраўнік секцыі.— Няхай ва ўсіх вас і ў вашых школах будуць толькі ўдачы!
«І я так нядаўна яшчэ ўсім зычыў...»
Кіраўнік расказаў, што яны будуць рабіць. А потым паклікаў настаўніка з Галінавіцкай школы.
З сярэдзіны пакоя падняўся і выйшаў да стала невысокі худзенькі хлапчук — у чорным касцюме, пры белым світэры, з вусікамі — і пачаў бадзёра чытаць з вучнёўскага сшытка.
«Настаўнік ды з вусікамі! — падумаў Іван Сямёнавіч.— Такога раней не было! Некалі б... Мяняецца ўсё, мяняецца... І ў адзенні, і ў паводзінах, і ў думках... Новае ідзе, парою і не зусім зразумелае... Ці яно ўсё так і трэба, толькі я не ўсё ўжо разумею? Як не разумею парою сваіх Васільца і Ларысу Усціновіч, Таццяну Сяргееўну, Сліжа, сваіх дзяцей...»
Потым выступіла настаўніца. Гэтаксама маладая. У штанах і ў світэры. І яна бойка чытала са свайго сшытка.
Зазвінеў званок. Значыць, перапынак. Можна выйсці ў калідор, пахадзіць. Як выйшаў, то аж зажмурыўся: застракацела ў вачах ад рознакаляровага адзення. Ад жаночага яркага і мужчынскага цемнаватага. А настаўнікі ўсё выходзілі і выходзілі з класных пакояў, запаўнялі калідор, усміхаліся, гаманілі.
Але Іван Сямёнавіч не згубіўся ў гэтым вялікім натоўпе: ён тут быў амаль самы высокі, то добра ўсіх бачыў і яго, відаць, усе бачылі. Прыжмурыўшы вочы і паўглядаўшыся, ён прыкмеціў ля акна Зубка, поўнага, у новым касцюме, пры гальштуку, а ля яго калег-моваведаў Ларысу Іванаўну і Лілію Іосіфаўну, гэтаксама сёння лёгка і прыгожа адзетых, і ад таго, што Лілія Іосіфаўна была ў новай сіняватай сукенцы, пры прыгожай прычосцы і ў новых, з жоўтымі дужкамі акулярах, то, здаецца, і сама папрыгажэла, павесялела, не мела на твары звычайнай строгасці і незадаволенасці, Да іх праціскаўся Васілец, высокі, вясёлы, у сівым новым касцюме, у белай кашулі, але без гальштука. У руцэ трымаў тоўсты агульны сшытак — відаць, многа што запісваў, што гаварылі на іх секцыі, на секцыі беларускай мовы і літаратуры.
Читать дальше