А веска спакваля загаварыла, што гэта яе мужык — ды з дзвюма, з ёю самой i з тою!..
Сарвала дыван са сцяны i выкінула ці, казалі, пасекла нават. Хоць i грошы заплочаны.
* * *
Дзяжурны тэрапеўт, дамачка панурая, моўчкі пагартала папку з гісторыяй маіх хваробаў i пра тое, што я ўжо ведаю пасля аналізаў ад іншага спецыяліста, з усмешачкай сказала — першыя словы пасля глухога водгуку на прывітанне:
— Ay вас в желудке полип!..
Хоць ты скажы ёй:
— Ну што ж, давайце разам парадуемся!
* * *
Ох, дробязі!..
Той дырэктар першай савецкай дзесяцігодкі, што пасля вызвалення Заходняй Беларусі замяніла ў гарадку польскую гімназію, — як ён харкаў, пляваў пад свой стол.
Доктар філасофіі, што ў доме адпачынку папрасіў мяне ўзяць i яму білет у кіно, а плацячы за яго... угаворваў рэшту пакінуць сабе.
Сімпатычная жанчына, медык, якая сціпла смяялася, што адзін з найвышэйшых, дый самы высокі, выступаючы па тэлевізары на ўвесь свет, па найважнейшых пытаннях сямідзесятых гадоў, са смакам слініў палец, перагортваючы старонкі.
* * *
На пахаванне свой поп з мястэчка не прыехаў: сёння Пяцёр, у прыходзе «фэст», наехала духавенства з іншых прыходаў. Дамовіліся з другім, з далейшай вёскі, не з той прыстойнай кампаніі.
Доўга чакалі яго, i вось нарэшце едзе! На «Жыгулях», матушка за рулём, бацюшка побач, ззаду нейкая баба, старэйшая. Ідуць яны з машины па двары, на якім ужо добра нанудзілася шмат людзей. Попік — нярослы, сяк-так валасаты, чорны, як асмалак. Ну што ж, людзі бываюць розныя... Ды вось у хаце ён загалёкаў каля труны такім казліным тэнарам, што хоць ты, як той дурань у казцы, вазьмі ды не стрывай, засмейся. Матушка з тою старой памагаюць, як тры дні не еўшы. Аніякай урачыстасці!..
А потым яшчэ i пачуў — матушка за рулём таму, што самога за п'янку на тры гады пазбавілі правоў. Чацвёра дзяцей. А ён яшчэ i б'е яе...
Клопат з кадрамі! Гэта не тое што па тэлевізары, дзе цяпер гэтулькі золата, свечак, бародаў...
* * *
У даваенным польскім войску нам тлумачылі, што пяхотны полк, узняты па трывозе, павінен стаць на пляцы ў поўнай баявой гатоўнасці за дванаццаць мінут.
Гэтага дамагаўся наш гдыньскі батальён марской пяхоты, i гэта нам, салдатам, не надта падабалася.
Мне яно нагадвала познеасеннюю малацьбу цапамі, калі цябе будзяць у самы сон. Ды там хоць спакойна, па-хатняму, а то ж толькі затоіцца ўсё, толькі заснеш, а тут, як з-за куста, дзіка-агорклае: «алярм!» Рота зрывалася. Зноў таўкатня, беганіна ў прыцішанай злосці, як быццам мала яшчэ, ледзь не кожную ноч!..
Так здавалася ў злосным нядосыпе, хоць калі думаць пра тое сцішнае лета трыццаць дзевятага, дык тых «алярмаў», трывог, было не лішне многа. Мы больш дзяжурылі начамі на граніцы.
Пастроеных на начным пляцы, нас аглядалі, правяралі, i калі хоць у аднаго салдата не хапала, скажам, мыла — трывога зрывалася, «ушыстко до дупы»!
Але вось мы нарэшце дамагліся патрэбнага, тых «шчытных» дванаццаці мінут з поўнай спраўнасцю ў дробязях. Вярнуліся ў казарму, пачалі раздзявацца, лажыцца, i тут — раны пана Езўса! — аказалася, што ў кутку, на верхнім ложку спіць сабе, як у мамусі, цельпукаваты, дабрадушны стшэлец Дабжаньскі, мазавецкі вясковы дзяцюк.
Успамінаецца гэта часамі. I не так сабе, a ў ста ты стычных аспектах, слухаючы пра высокія, аптымістычныя падлікі. З промахамі ў падтэксце.
* * *
Зноў казарма. Пасля начнога дзяжурства днявальнаму — «службоваму» — належаўся адпачынак, можна паспаць да абеду. Я здаў дзяжурства, паснедаў разам з усімі, рота пайшла на заняткі, а я раздзеўся i лёг. Ляжу, збіраюся заснуць. А тут на доўгім пустым калідоры — брэм, брэм юхтовымі, падкаванымі ботамі — ідзе наш «пан старшы сержант», пажылы фельдфебель, нялюбы прыдзіра з легіянераў Пілсудскага. Спыніўся каля мяне. Мне б, дурню, прыкінуцца, што сплю, а я прастадушна гляджу на яго.
Трохі маўчання, а потым:
— Одпочываш, курва?
Гэта ў яго — так сабе, між іншым — першае i апошняе слова, i ў дзень, i на начных занятках.
— Одпочывам, пане старшы сержанце.
— Поўстань! — вякнуў ён на ўсю моц бяззубага рота. — Бегем марш! Падній!.. Я ці, курва, одпочнэн!.. А тэраз — до лужка!..
Ужо не рэкрут, а з пэўным вопытам, я адразу не лёг, чаго ён чакаў, a ўзяў ручнік i пайшоў памыць ногі.
Праз сорак шэсць гадоў, у светлым, прасторным весты бюлі кінатэатра, чакаючы сеанса, стомлена сеў на мяккай канапе i мне само па сабе прыгадалася: «Одпочываш, курва?» I ўспомніўся, пачуўся братаў смех. Ад майго яму колішняга расказу пра гэты «сонечны абразок».
Читать дальше