Мы туды прыехалі з маім партызанскім сябрам, які з дзён вайны назусім прыжыўся ў нашым Наднямонні. Сам ездзіў да родных — маці, братоў i сясцёр — амаль кожны год, разоў колькі запрашаў мяне, i вось мы, нарэшце, сабраліся.
Схіліла з поўдня, спякотнага на дварэ i душнага ў малой, белай мазанцы, у якой нарадзіўся i выраС да вылету ў людзі мой сябар. Застолле зацягнулася, i мы з галоўным госцем не дасядзелі да канца, ад гаманы ды настойлівай, нават бязлітаснай шчодрасці выйшлі ў стэп, у гарачы палын, балазе ён быў адразу за брамкай ды цераз пыльную вуліцу.
Зайшлі мы даволі далека, няспешна, святочна гутарачы, на цеплым, духмяным прыгорачку пасядзелі ды паляжалі, а потым i ўспомнілі, што, можа, так яно i няёмка — i сыну, брату, пляменніку i суседу ў адной асобе, а разам з ім i таму, каго ён прывёз.
Тым часам з хаты п'яная гамана выгарнулася на двор, шумна клубілася там у перадапошняй узбуджанасці. У цэнтры вэрхалу быў дзід Мышко. Пад кепкай, сівенькі, заплаканы. А пры ім — на шмат маладзейшы за майго сябра ягоны брат. У дружнай сям'і, пры маме, дзвюх старэйшых незамужніх сестрах ды пры цягавітай, дабрадушнай жонцы — сам пястун, лайдачок, рыбак ды вынівоха. Ён плакаў яшчэ больш за дзіда Мышко, наўзрыд, наўсхліп, з прычытаннем. Убачыўшы мяне, ад дзеда гайдануўся насустрач, абліпла, горача абняў, замурзліва падзяліўся ўсімі слязьмі i — як пра самае новае гора — пачаў ірвана, праз плач з падвываннем расказваць пра двух сыноў, што не вярнуліся з вайны. Сыноў — дзядулевых, што я сяк-так, не адразу зразумеў з яго бабскага прычытання.
— Ой, жаль, ой, жаль мэні дзіда Мышко! — галасіў ён i, адпусціўшы мяне, зноў гайдануўся да старога. Зноў абдымаліся, хлюпалі, ускрыквалі. Хто памагаў ім, мужчыны i бабы, а хто гаманіў, гаманілі сваё. З крыкам, з рогатам, бесталкова. Нудна было ці смешна, ці так i так адразу, нават да стомы прыкра ад п'янай, яшчэ ўсё пад слякотным сонцам, таўкатні, у якую ператварылася спачатку ўрачыстае, годнае свята сямейнай, сваяцкай, суседскай сустрэчы. Хоць ты зноў ідзі ў стэп...
Назаўтра ўранку мы з сябрам былі запрошаны ў госці да дзіда Мышко. Прыходзіў ён, калі мы яшчэ спалі пад вішнямі над ракой, за бахчою, i ён будзіць нас не падышоў, просьбу яго нам потым перадалі. Сябру майму дзед прыходзіцца дзядзькам па маме. А я тут госць — нявольнік, хочаш не хочаш, а таксама трэба ісці. Каб надта хацелася, памятаючы ўчарашняе, дык не, але трэба. Пакуль сабрацца сябравым сямейнікам — мы з ім не чакалі, пайшлі ўдвух, першымі. I гэта я ўжо светла, прыемна помню цэлых дваццаць пяць гадоў.
Нічога надзвычайнага. От, невялікі дворык у частаколе, зялёны садок, беленькая мазанка. Аднак усё такое чыстае, утульнае, святочнае, прычым святочнае, відаць, заўсёды, кожны дзень. I дзід Мышко, які праз акенца ўбачыў першых гасцей, выйшаў нам на спатканне — ён таксама быў нібы зусім не ўчарашні. Без шапкі, сівасвяточненькі, з усмешкай, як вінаватай,ці што. I сапраўды вінаватай, як аказалася ледзь не ў першых словах вітання, калі ён з тою сваёй усмешкай пачаў:
— Звіняйтэ... учора воно... трошкі неяк воно не так...
Перавялося, дый хутка, на іншы лад, весялейшы. I сваяцкія роспыты ў ix пачаліся, чаго не паспелася ўчора, а то i яшчэ раз ад пачатку, i пра сухое лета пайшло, i да палітыкі неяк, вядома ж, дабраліся. Пакуль іншыя госці пачалі сыходзіцца, пакуль не выйшла з хаты, ад свайго клопату, старэнькая, таксама шчыра ўсмешлівая баба Мотра.
Маўчалі мы, пакуль былі ўтрох, толькі пра адно. Сябар мне расказаў яшчэ ўчора ўвечары, што ў дзіда Мышко i сапраўды загінулі на вайне абодва сыны, i вякуюць стары i старая адны...
I мне дагэтуль жыва помніцца той наш прыход на дзедаў чысты, зялены, сонечны ранак, дзе каля белай мазанкі мы толькі ўтрох.
Маладзейшыя — з адчуваннем сыноўняй павагі.
1988
Ах, як нам кожнаму збоку ўсё вельмі добра відно!..
Едзем па вуліцы паўднёва-данской станіцы, якая раскошна раскінулася ў зеляніне садоў i прысадаў, над шырокім Данцом, i я ўспамінаю мазанку ў сяле майго сябра, дзе яго маці, сёстры, браты, дзід Мышко, баба Мотра...
I не толькі. У сяле тым жыве яго шчыры, з маленства верны друг.
Гэта другаву мазанку я ўспамінаю.
Палкоўнік на пенсіі, франтавы лётчык-ас, такі здаравенны, што, убачыўшы яго ўпершыню, падумаў: ну, такому i самалёт патрэбен адмысловы, значна большы. A такі энергічны, разумна дасціпны, начытаны, што i пабыць з ім евабодна ды весела, i ўспамінаецца ён здалёк прыемна.
Яны прынялі мяне ў дружбу, мы былі разам у Мінску, у Маскве, у Валгаградзе, ужо даўнавата i перапісваемся, i вось, нарэшце, сустрэліся каля самай іхняй крыніцы.
Читать дальше