Ён адлучыўся, пазваніў дахаты, i мы нарэшце пайшлі.
На званок адчыніла жонка. А перад ёю, фігуркай з коскамі, маме ледзь не да пояса, — дачка. Яна i прывітала нас, сказаўшы бацьку:
— Табе мала было там з імі піць, ты ix яшчэ дадому прывалок?..
На ісціну, пачутую ад мамы, калі тата званіў ёй, паўтораную «устами младенца», збянтэжаная гаспадыня адказала крыкам i плескачом па кароткай спаднічцы. Нас пачала запрашаць, прасіць прабачэння: «Малое — дурное...»
A свежаніна ўжо сквірчэла i духмяніла на электраплітцы.
Садзіцца да стала, аніяк не патрэбнага нам, прыйшлося без гаспадара. Яго спачатку штосьці не было, а тады праз прачыненыя дзверы суседняга пакоя я заўважыў, як ён, ужо ў бялізне. мудра кульнуўся ў пасцель. А нам прыйшлося прысесці, дзеля церпка ветлівага прыліку. А гаспадыні, якая перш за ўсё адправіла свайго папугайчыка туды, дзе бацька, трэба было частаваць, забаўляць незнаемых, познавячэрніх, усё-такі нецвярозых...
На цягнік я, вядома, спазніўся. Начавалі з Міколам у яго халасцяцкім пакойчыку, «на смірна» пад адною коўдрай.
I вось ужо хутка сорак гадоў, як мы не-не ды ўспомнім той пачастунак. Сяды-тады, бо i сустракаемся не вельмі часта. Але яшчэ ўсё з усмешкамі ўспамінаем.
* * *
Ранняя раніца ў маляўнічым надвозерным гарадку Картузы на польскім Узбярзжжы. Жнівень семдзесят пятага. Выйшаўшы з доміка, дзе начавалі, мы селі ў машыну, каб ехаць у іншы катэдж, на снеданне, а потым у недалёкі Гданьск.
Спалася мала, усталася раней звычайнага, ва ўсіх невыразны настрой.
Гаспадар нашага слаўнага падарожжа, ад Закапанага — сюды, Мацей Канановіч, польскі пісьменнік i сябар нашай літаратуры, а перш за ўсё шчыры, сумленны таварыш, пытаецца ў мяне, як спалася. Мне трэба адказаць, што от, нішто сабе, аднак я гавару яму, што дрэнна.
— Што ж так? — пытаецца ён.
— Ат, ведаеш, i звечара не мог заснуць, i ноччу прачнуўся, i ўранні, a ў думках адно ды адно...
— А што з табой? — перапытвае ён, ужо заклапочана.
— Даpaгi мой, я думаў i думаю, не магу здагадацца... Адно, толькі адно на душы...— Тут ужо трэба па-польску:— Ты мне поважаш чы не?
У нашай ціхай ды хуткай машыне — смех. Як быццам мы толькі цяпер прачнуліся. Смяецца Мацей, благі, кашлівы ад курэння; цішэй смяецца яго чарнявая спакойнаи Крыстына; смяецца мой сын-студэнт, а таксама i пан Антоні, гжэчна маўклівы «кероўца». Бо гэта ж i разрадка, бо яно ж i міжнароднае — такое пытанне за трэцяй ці чацвёртай чаркай: «Т-ты м-мя-не п-паважаеш?»
У нас да такой пяшчотнасці не даходзіла. Але ў дарозе часамі бывала — па кілішачку «под следзіка». Скажам, у вясковай гуральскай карчме ці ў рыбацкім пасёлку на гэльскай касе. Не п'янка, а перакуска ў дарозе.
Мацей i ў гэтым быў абаяльна сціплы.
1989
У паездках па Польшчы, якіх у мяне было, можна сказаць, нямала, толькі двойчы прыйшлося часова, суткі пабыць удвух са спадарожнікам у адным гасцінічным нумары.
I дзіўна, як яны, тыя сталічныя мэтры, абодва былі падобныя ў адным, што помніцца ўжо даўнавата.
Адзін, праўда, захацеўшы раздзецца дагала, бо вельмі горача, папрасіў дазволу. Я ведаў трохі пра яго легендарнае самцаванне, i гідкавата, смешна было глядзець на мужчыну ў канцы шостага дзесятка, як ён яшчэ любуецца сваёй атлусцелай ударнасцю, слухаць, як ён хваліцца новаю, маладою жонкай, паказвае яе i іхнія разам здымкі.
Гэта, зрэшты, ён рабіў i адзеты, часта хвалячыся нерад знаёмымі i незнаёмымі палякамі, якія нас прымалі. Яны ветла хвалілі, хто менш, хто больш, што «жона ест бардзо ладна» або «пенкна», што «пара добрана». I толькі адзін, весела-незалежны сангвінік са старэйшых польскіх сяброў, які даволі часта ў нас бываў i нямала ведаў, сказаў на тыя здымкі:
— Малжонка нумэр седэмнасце-а!..
Шчаслівага мужа ён гэтым не збянтэжыў — той нават заіржаў.
Другі маскоўскі нудыст, з якім я, зноў жа ўлетку, анынуўся на суткі ў адным нумары, дазволу агалідца не папрасіў. Па-старэчы атлусделы, самаздаволены, проста раздзеўся сабе да расолу, як быццам мяне тут i наогул не было. Ляжаў, сядзеў, хадзіў, згінаўся ў мой бок над расчыненым чамаданам.
I гэтай пазіцыяй запомніўся найтрывалей.
Вершаў ён шпарыць многа, нямала ix стала песнямі. Ёсць i нядрэнныя. Але нічога я не зраблю ca сваёю памяццю — усю яго паэзію бачу на адным надчамаданным фоне...
1989
Пачнём цытатай, якая магла б пайсці тут i эпіграфам: «Ці хацелі б вы, васпані, мець мужам чалавека, знаёмага з марскімі бурамі?» Пытанне глухаватага Жавакіна з Гогалевай «Жаніцьбы».
Читать дальше