На заказаны мне нарыс, так сказаць, помнік яму самому, Паўла Арсеньевіча ўгаварыў я не адразу. А пра другіх стараўся ён настойліва. Праўда, i мякка, нават весела. Наогул ён быў вясёлы i дасціпны. Дарэчы, з яго расказаў я выкарыстаў некалькі вясёлых момантаў у сваіх лірычных запісах. Расказ старога карчмара местачковым дзецям пра паравоз; масла, насычанае матам упаўнаважаных; кіслае малако, якім таксама можна даганяць Амерыку; сёе-тое яшчэ...
У нарысе я не сказаў, што ён, Жалезняковіч, — сын свяшчэнніка, што яго старэйшы брат пасля бацькавай смерці святарыў у іхніх Ярэмічах. Сам Павел выразна, падкрэслена намякнуў, што «пра гэта не варта». А яно якраз i лепш было б — сказаць усё па праўдзе. На такім фоне i рэвалюцыянер выглядаў бы жывей. Дый брат яго быў не звычайны поп, а чалавек пасвойму прагрэсіўны, паважаны i ў парафіі, i ў школе, дзе ён выкладаў закон божы, пра што ў сваёй кнізе «Лесам пазнанае» (раздзел «Гняздо паэтаў») піша яго былы вучань Уладзімір Калеснік. A нядаўна брат майго другога сябра, паэта Алеся Мілюця, які загінуў на фронце, расказваў, як айцец Віталій, праязджаючы цераз іхнія Скорычы, кожны раз спыняўся, каб зайсці да Алеся, пагаварыць пра родную літаратуру, паслухаць новыя вершы. Бо i сам крыху пісаў у заходнебеларускія газеты, выступаючы супраць уладнага апалячвання праваслаўнай царквы. У адной ca сваіх першых пры Саветах пропаведзяў— землякі памятаюць дагэтуль — ён раіў не епяшацца крыўдаваць на новую ўладу, не ўспамінаць, як там каму пры Польшчы жылося, бо «добрая мачаха — усё-такі не родная маці»...
Увосені сорак першага года, калі я прыйшоў з палону, Паўла яшчэ не знаў, толькі пачуў пра яго добрае слова ад брата Мішы. Хтосьці тады расказаў мне, як два гады перад гэтым сустрэліся браты Жалезняковічы. Герой камуністычнага падполля, пажыццёвы вязень пасля адседжаных трынаццаці гадоў, i свяшчэннік, няхай сабе i не вінаваты перад новаю ўладай, але ўсё-такі поп. «Суха сустрэліся. Як чужыя...» A нядаўна пра тую сустрэчу я пачуў дакладнейшае, непасрэднае.
Вызваліўшыся з турмы, дабраўшыся праз усю ваенную Польшчу i вольную «ад паноў» Заходнюю Беларусь у родныя мясціны, знясілены Павел не пайшоў у братаву хату ў Ярэмічах, a спыніўся ў сям'і свайго старэйшага таварыша па падполлі i турме, Уладзіміра Царука, які вярнуўся крыху раней, бо ў дарозе яны выпадкова разлучыліся, дома яго не было, працаваў у райцэнтры. Сын ягоны, тады шаснаццацігадовы Шура, расказваў мне, што неўзабаве пасля прыходу «дзядзькі Паўлушы» да ix пад вечар завітаў айцец Віталій, зблізку знаёмы, Шуру, нядаўняму вучню сямігодкі. Камуніст i святар абняліся, пацалаваліся i да позняй ночы прагаварылі. «Усё ж такі браты!» — расказваў Шура, у нашы дні намнога старэйшы за ix абодвух у той далёкі вечар. Пра што яны гаварылі, яму не помніцца, дый не вельмі чуў, бо не лез да ix бліжэй, а што спакойна гаманілі — гэта ў памяці засталося. I такое яшчэ: гаворачы, айцец Віталій нібыта ўсё хацеў схаваць пад расу свой нагрудны крыж...
Па-дастаеўску трэба дадумваць тую сустрэчу братоў... А я тут думаю пра самога сябе. I мой, намнога старэйшы, родны, але далекаваты не толькі таму, што жыў на паўночным Урале, а што таксама свяшчэннік, пісаў мне, i неаднойчы, які я «премудрый пескарь» — ніяк не збяруся наведаць яго па-братняму. I цяпер я шкадую. Яго ўжо даўно няма, i я даўно ўжо шкадую.
Дружба...
Мая з Паўлам Арсеньевічам пачалася з таго, што ён — i перад вайной, i ў партызанскім лесе, i пасля — сябраваў перш за ўсё з Мішам. Прывяду некалькі сказаў з Паўлавага пісьма пасля Мішавай смерці. Сам ён тады, у сакавіку шэсцьдзесят шостага, ляжаў у мінскай бальніцы з цяжкім пераломам нагі, i я, наведаўшы яго, не змог сказаць яму пра наша гора. Даведаўся ён пазней, ад іншых наведвальнікаў. «Няўжо гэта праўда? — пісаў мне. — ' Чаму ты нічога не сказаў? Мне ён быў блізкі i дарагі. Любіў я яго за светлы розум, за адкрыты сумленны характар. У сваёй працы ён заўсёды быў прамалінейны, не здольны крывіць душою., Шмат гадоў я працаваў з ім у Міры, пасля ў Карэлічах. Ён часта прыходзіў да мяне, i ўспамінаецца, як мы радаваліся тваім першым літаратурным поспехам. Сваёю працай Міхаіл Антонавіч пакінуў значны след на зямлі...» У абодвух названых раёнах брат кіраваў сельскім будаўніцтвам, літаральна да самай раптоўнай смерці. I яшчэ што — у партызанах гэта ён сказаў Паўлу, што дома я пісаў i з яго, Жалезняковіча, камісара атрада i наогул паважанага таварыша, пачалася ўвага камандавання нашай брыгады да мяне як маладога літаратара, там радавога разведчыка.
Читать дальше