Нас у пакойчыку было чацвёра: старая маці, маладая жонка, маленькая дачка i я, нарэшце, уладальнік жыллёвай плошчы — цэлых дзесяць метраў!
Ашушканы немец прысеў перад грубкай, у якой гаманіла полымя, пагрэў далоні, потым пачаў гаварыць, балазе ўжо трохі набыльваў «паруску» :
— Цайтунг шрайбэн, радыё шпрэхэн: скоро, скоро нах гаўзе, домой... Унд ніхт скоро, ...твою мат!
Як i не лічачы гэта лаянкай.
Дробязь, a ўспамінаецца. Нядаўна я прыгадаў гэта жонцы. I яна дадала, што я забыўся — як той немец скардзіўся i на харч:
— Hyp суп унд хлеп, онэ путтэр!..
Без масла, значыцца.
А я тады, — таксама жонка мне нагадала, — расказаў яму, як нас кармілі ў іхніх лагерах. I немец змоўк.
Бо ведаў, можа, i значна большае — пра страшны лес палонных чырвонаармейцаў...
1990
Пазнейшы наш прэзідэнт В. Казлоў вясной сорак сёмага года быў першым сакратаром Мінскага абкома партыі. Пасля Перамогі прайшло толькі два гады, a ўжо шчымела жаданне ўвекавечыцца ў слове. Ён так i гаварыў: трэба роман. Разумеецца, пра яго. Гаварылася гэта двум нашым маладым таварышам, якіх узяцца за той роман угаворваў ці толькі сам натуршчык, ці i з нейчай дапамогай — я ўжо не памятаю, як i таго, чаму яны не ўзяліся. Затое добра помніцца, як зверху прысланы ў Саюз пісьменнікаў адказны сакратар выклікаў мяне i ўрачыста прапанаваў «дапамагчы Васілю Іванавічу з кнігай». Што азначае такое «дапамагчы», я ўжо чуў i таму яшчэ ўсё памаладому нявыхавана адказаў: «Няхай ён піша сваё сам. I я буду сваё». Нешта так. A ўжо дакладна помню, як адказны здзівіўся: «Ты яшчэ пашкадуеш!..»
Другая спроба ўцягнуць мяне ў падобную службу была зроблена праз дзесяць гадоў. П. Машэраў узначальваў тады Брэсцкі абком партыі. З Пятром Міронавічам мы пазнаёміліся ў пачатку пяцьдзесят трэцяга, калі ён кіраваў камсамолам рэспублікі i рупліва ўдзельнічаў у арганізацыі часопіса «Маладосць». Свойскі ў абыходжанні з намі, першым рэдакцыйным калектывам, мне ён, як часамі здавалася, нібы крыху сімпатызаваў, у гутарках сам-насам збіваючыся з «вы» на «ты». I вось неяк увечары ён пазваніў мне з Брэста дахаты, што трэба было б сустрэцца. A неўзабаве мы i сустрэліся, у оперным тэатры, перад пачаткам нейкага ўрачыстага сходу. Зноў «вы» i «ты», нават пад руку ўзяў на хаду. I горача гаварыў пра тую партызанскую брыгаду, у якой быў камісарам, пра вельмі дастойнага таварыша Р., камбрыга, які варты значна большага, чым пра яго пакуль што вядома. Словам — патрэбна кніга. А мне аніяк не хацелася брацца за гэта. I адчувалася ў агітацыі штосьці «не да канца»: бо як жа гэта пісаць пра камбрыга ды пра брыгаду без камісара-Героя? Я яшчэ ўсё маўчаў. I тут ён сам незнарок дапамог мне, сказаўшы: «Я падумаў, што гэта найлепш зрабілі б два чалавекі: ці Смірноў, ці ты». Сяргей Сяргеевіч якраз тады вёў свае брэсцкія пошукі, i з Машэравым яны сустракаліся часта. Ухапіўшыся за гэты, няхай сабе i міжвольны, тактычны промах таварыша сакратара, я ціскануў у той бок, на Смірнова: вядома ж, лепей, каб ён — усё-такі пісьменнік рускі, маскоўскі, кніга адразу пойдзе шырэй i далей... Потым Анатоль Вялюгін, зямляк i сябар Машэрава па школе, перадаў мне яго нездавальненне... A ўсё ж стаўленне яго да мяне, хоць i з пэўнымі перападамі, дзякуючы падшэптам зацікаўленых асобаў, у асноўным было прыязнае, яшчэ больш за дваццаць гадоў.
Трэці заказ такога характару ўлетку пяцьдзесят шостага года прыйшоў пісьмова, з маскоўскага выдавецтва «Госполитиздат». I не пра роман або кнігу, а пра мастацкі нарыс у серыю «Людзі вялікага лесу» — пра старшыню распраслаўленага калгаса К. Арлоўскага. Я адказаў, што тэма мяне не цікавіць, што ў нас ёсць людзі не менш дастойныя, пра якіх варта было б напісаць, але яны «не ў модзе». I назваў, для прыкладу, першага сакратара Любчанскага райкома партыі П. Жалезняковіча. Выдавецтва адрэагавала хутка i канкрэтна — дагаворам. Адступаць не было як. Ад гэтага пачаўся нарыс, у «Полымі», паку ль я хварэў, названы «Сэрцам камуніста», што мне даўно карціць, хоць з пэўнай няёмкасцю, а раней нават з рызыкай, замяніць на сціплейшае — проста «Павел Арсеньевіч».
У гэтага светлага чалавека было жывое, актыўнае жаданне, якое сяму-таму, па сытай ляноце або надзьмутай недалёкасці, здавалася ледзь не дзівацтвам, — увекавечваць памяць пра тых з народа, хто гэтага варты, шанаваць сваю гісторыю. Ці гэта помнік па цэлай вёсцы мірных жыхароў, як яно суха гаварылася пра дзяцей, жанчын i старых, па-зверску знішчаных фашыстамі; ці помнік на партызанскіх могілках, з пералікам імён; ці помнік аднаму заходнебеларускаму падпольшчыку, закатаванаму санацыйнай паліцыяй, — усё такое, яшчэ да афіцыйна-масавага «ніхто не забыты, нішто не забыта», рабілася або па асабістай ініцыятыве, або пры непасрэдным удзеле Жалезняковіча. Ba ўсіх тых раёнах нашага Наднямоння — Мірскім, Любчанскім, Карэліцкім, — дзе яму, не па здароўі нястомнаму нізавому падзвіжніку, давялося працаваць.
Читать дальше