* * *
Жахлівыя кадры з разгромленага Грознага. Бездапаможная старасць i маленства, пахаванні i перазахаванні, слёзы i адно, галоўнае пытанне: «Навошта?!»
Муж катуе жонку, бацька здзекуецца з дзяцей, дзеці з бацькоў, брат ідзе на брата... I гэта — ix «сямейная», «унутраная» справа?! Такая ж логіка i ў крывава-вогненным вырашэнні лёсаў міжнародных...
Адчуў гэта ўчора позна вечарам, гледзячы i паглядзеўшы тэлеперадачу «Чачэнскі дзённік». Толькі пэўная аб'ектыўнасць грозненскіх кадраў, праз адчайны крык ды гвалт натоўпу розных узростаў падтэкстава гаворыць штосьці агульналюдское, чалавечнае...
* * *
Калісьці недзе чытаў, як на Сахаліне саўгасны бык i акіянскі васьміног доўга змагаліся на беразе, цягалі адзін аднаго то з вады, то ў ваду... Там хоць нова гэта было, незвычайна. А кожны вечар слухаць пра цяганіну з Чачнёй — Божа мой, як гэта сумна, цяжка!.. Асабліва калі на тэлеэкране чарнявая руская красуня дыктарка, якой толькі б радавацца i радаваць каханнем ды мацярынствам, а яна ўсё лічыць ды лічыць з вечара ў вечар мілым дзявочым голаеам забітых i параненых, паўтарае ды паўтарае афіцыйна аднабокую «праўду»...
* * *
Калі маўчанне — золата, дык замоўчваць недахопы блізкіх нават i проста выгадна: не патрацішся дарма найдаражэйшым.
* * *
У мностве старых часопісаў «Крестьянка», прывезеных сюды ўжо... зноў некалькі гадоў таму назад, знойдзена ў нумары за сакавік 199З года высакароднае апавяданне Булата Акуджавы «Девушка моей мечты». Не пра каханне — пра вяртанне яго мамы з казахстанскай ссылкі. Прачытаўшы раненька, перад выхадам у пасёлак па малако, адчуў малітвенначысты настрой. Потым, вярнуўшыся, зірнуў, які тыраж — каля трох мільёнаў. Колькі людзей усхвалявала гэтая рэч, колькі ix адчула ўдзячнасць, пакуль таксама параіць твор камусьці блізкаму, як мне параіла дачка!.. I як гэта добра — такая знаходка поблізу, на гарышчы!..
* * *
Сон. Даў згоду быць намеснікам Лынькова, старшыні Саюза пісьменнікаў адразу пасля вайны. А потым, дома, ніяк не мог заснуць — усё думаў, як жа ад гэтага прыстойна выкруціцца?.. Прыдумваў, прадумваў розныя варыянты, i ніводзін з ix не падыходзіў. Ажно прачнуўся ад такога прыкрага тупіка. Разабраўшыся, што гэта быў толькі сон, рады, сказаў сам сабе: «Спі далей, намеснікам ужо не будзеш». I неўзабаве зноў заснуў.
* * *
Вясковае, народнае: «разбрыджаная баба», «разбрыджаная дзеўка»
A такія нават i кнігі пішуць. Таксама разбрыджаныя. Сам чытаў.
* * *
У партызанах сядло мне рабіў у наднёманскай Вобрыне знаёмы майго старэйшага брата, Коля Марцюкоў. Гэта не прозвішча i не мянушка, а так «павулічнаму». I толькі нядаўна пачуў ад аднаго вобрынца, што гэта ў Колі дзед быў Марцін, а змалку, ласкавей — Марцюк, так яно i пайшло ад дзеда да дзяцей, унукаў, праўнукаў — да сённяшніх дзён Марцюковы.
Майстар ён быў, Мікалай, i сядло рабіў не мне першаму, не мне апошняму. I гэга без нейкай пахвальбы ці, тым больш, пахвалы або ўзнагароды за ўдзел у народным змаганні.
Пасля вайны ён вёў у мясцовай школе ўрокі працы, майстравання. Прыемна было сустрэць яго над нашым Нёманам хоць зрэдку. Спінінг — свае работы, a шчупакоў ды жэрахаў браў нядрэнна, зноў жа без пахвальбы. I так нам добра гаварылася — над ракой або сустрэўшыся на лугавой дарозе. Такі гэта спакойны, светлы чалавек.
* * *
Культурны рост Міра. Замак на ўліку ў ЮНЕСКА, рэстаўрацыя ідзе, турысты таксама. А газетны кіёск на плошчы знеслі. Прэсы якое i на пошце не купіш. Рэдка бываю тут апошнім часам, дык яно i дзіўна ўсё. Скажам, пайшоў у кнігарню каля касцёла, а там ужо не кнігі, a магазін рытуальных прадметаў — усё для нябожчыкаў. A кнігі дзе? Мне ветліва адказалі, што яны цяпер у «прамтаварах», у спецыяльным аддзеле. Падаўся туды, хоць далекавата. I праўда — крыху дзіцячых, больш дэтэктываў, а найбольш — дзве доўгія паліцы стройненька застаўлены —катушак туалетнай паперы.
А так жа нядаўна за мяжой зласліва хіхікалі, што ў нас яе няма!..
* * *
«Даведалася я, што мая братавуха, ужо каторы год удава, жыве адна, бо дзеці таксама ж па гарадах, нешта расхварэлася. У адведкі трэба пайсці. З пустым! рукамі не пойдзеш,— узяла чысценькі цэлафанавы мяшэчак шакаладных цукерак, з тых, што нявестка на Новы год з Баранавіч прывезла.
Хоць можна было б, добра падумаўшы, i не пайсці — за іхнюю з яе суседачкай дурную брахню, што я— ведзьма... Трэба ж дадумацца!..
Прыйшла, а яны сядзяць якраз абедзве, грубакахлянка гарыць, па тэлевізары кіно глядзяць. Павіталася, пакуначак аддала, «дзякуй» пачула, i пасядзелі мы, пагаварылі, як людзі, як сваякі.
Читать дальше