Янка Брыль
З ЛЮДЗЬМІ I САМ-НАСАМ
Запісы, мініяцюры, эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, З людзьмі i сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — 334 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Дзевяноста шосты
Калісьці Вітас Пяткявічус у інтэрв'ю «Литературной газете» гаворку закончыў тым, што, адышоўшы ад палітыкі, паедзе на сваю далёкую дачу i будзе сталярыць, «чтобы не сойти с ума».
Я адыходжу не ў сталярку, a зноў ды зноў у добрую кнігу, у працу літаратурную, якая ў мяне не які-небудзь адыходны промысел ці славутае хобі, але адзіная справа жыцця.
* * *
Пайшоўшы з паста прэзідэнта, Франсуа Мітэран хацеў заняцца любай літаратурай, аднак лес дадаў яму толькі пару месяцаў жыцця... Калі я пачуў па радыё, што ён, чалавек зусім майго пакалення, быў у нямецкім палоне, жыва ўявіліся натоўпы французаў у «маіх» шталагах II-D i ХІІІ-В, i наіўна падумалася, што сярод тых тысячаў, якіх бачыў ды чуў я, мог быць i гэты...
А тое, што ён пажадаў, каб яго пахавалі ў родным кутку, нагадала Пальчэўскага, Адамовіча, Танка...
Прэзідэнт магутнай, прыгожай краіны папрасіў, каб на апошнім развітанні з ім былі толькі родныя i найбліжэйшыя сябры.
Ёсць жа i такія інтэлігентныя кіраўнікі!..
* * *
Казімеж Машыньскі, дарэчы, настаўнік i сябар Генадзя Цітовіча, у сваёй капітальнай працы «Kultura ludowa słowian» цікава расказвае i пра зоркі, як яны ў розных славян называюцца па-рознаму.
Светла i міла згадаліся Міцкевічавы свіцязянскія «gwiazdy nad tobą i gwiazdy pod tobą»,— як яны ўспрымаліся мною, вясковым хлапчуком, упершыню. Вялікая, сапраўдная паэзія ў дзіцячай адкрытасці сэрца як быццам памнажаецца на сіле.
* * *
Бальнічная санітарка, старая дзеўка з бязвольна ціхіх, малапрыкметных руплівіцаў. Калі я сядзеў у чарзе да доктара, яна падышла, павіталася, i мы, даўно знаёмыя, трохі пагаварылі. Яна тут лавіла старэйшую медсястру пры дэрматолагу, каб спытацца ў яе, як гэта дапамагчы старому бацьку з яго пролежнямі. Нічога ж, ніякіх лекаў, каб добрых, няма. I пахаваць жа цяпер чалавека так дорага. Так яна гаварыла, i многа суму, болю было ў яе сіратлівай безвыходнасці...
A днямі прыйшло пісьмо ад сардэчнай сяброўкі, таленавітай паэтэсы, у якім яна, сама пакутніца, піша пра бацьку, якому «ўжо лес дазваляе на дзевяноста чацвёрты наверх жыцця ўзбірацца. Дзякуй Богу, што хоць i з кульбаю, але на ўласных нагах трымаецца, наш верабейка, ды галава ў яго светлая...»
Сёння, вельмі рана прачнуўшыся, успомніў i тыя пролежні, i сяброўчына пісьмо, i тое яшчэ, чаму няма меры i разумения. У тэлеперадачы «Дзікае поле» паказваўся платны кілер (на ўсё цяпер няпростыя акрэсленні), аброслы пад арыштам гарадскі юнак, які амаль зусім па-дзелавому тупа, абыякава да маральнага сэнсу справы расказваў, што яго наняла маладая жанчына забіць яе маці,— такое вырашэнне, здаецца, кватэрнага пытання. Яе па нейкіх прычынах не паказалі. A ў яго, відаць, адна бяда,— што папаўся...
* * *
У падарожжы па Гомельшчыне (для «Я з вогненнай вёскі...»), калі мы на Калеснікавым чырвоным «Масквічы» ўехалі ў Мележавы Глінішчы, нас запыніла вялізная чарада гусей. Разгегаліся, a ўцякаць ані думаюць. Тут наш Валодзя выбухнуў за рулём: «Гусей праганіце!..» А чародка жанчын, што сама разгаманілася поблізу, адказала — таксама з гонарам: «А мы вас не ведаем...»
Потым, у Мінску, Іван Паўлавіч, калі мы расказалі яму пра гэта, задаволена смяяўся, рады, здаецца, не толькі за жанчын, але i за гусей.
* * *
Вечар Улашчыка, рыхтуючыся да якога, пераглядаў па колішніх паметках на палях ягоныя «Очерки по археографии...» i «Была такая веска». Думалася, ідучы ў Дом літаратара, пра амаль пустую залу, тым
больш што сцюдзёна было, аднак аказалася — вельмі нямала тых, каму ён, Мікалай Мікалаевіч, блізкі ды цікавы.
Выступіўшы, заўсёды хочацца спытаць каго-небудзь, як у цябе атрымалася. Гэтым разам, можна сказаць, не найгорш, прынамсі, коратка. Бо сябры-літаратуразнаўцы, ды калі яны яшчэ i выкладчыкі, цягауць часамі бязлітасна. Так было i гэтым разам. A ўсё ж уражанне ад вечара ўрачыста-прыемнае — далучэнне да такой слаўнай асобы, чалавека i вучонага.
* * *
Я трохі вядомы ў маёй вельмі малавядомай у свеце краіне, i вядомасць мая, якая ёсць i якая будзе, калі яна будзе,— гэта не тое, чым трэба жыць i чым я ў асноўным жыву.
* * *
Удала паправіўшы нешта ў новым рукапісе, добра недаўмяваць: як жа гэта магло так i пайсці, без такое неабходнай праўкі?! Нават не проста добра, а радасна, на сваім месцы сябе адчуваеш, далека ад гнілі, якою пачаўся дзень, а з годнасцю.
Читать дальше